Так у трох словах перадаюць ідэю сваёй працы хлопцы і дзяўчаты з Мінскай кінашколы-студыі, якія стварылі відэа паводле песні “Веру” Сяргея Міхалка і перамаглі з ім у конкурсе, што зладзіў гурт “Ляпіс Трубяцкой” разам з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
Алена Ясінская
Як высветлілася, пераможца конкурсу “Будзь свабодным” аказалася не адна. 19-гадовая Алена Ясінская рабіла кліп на песню “Ляпісаў” разам з 10 сваімі сябрамі з Мінскай кінашколы-студыі, адзінай прыватнай установы такога кшталту. Яна месціцца ў двухпавярховым дамку ў раёне новых забудоваў за нацыянальнай бібліятэкай і такое адчуванне, што жыццё тут віруе няспынна. Нібы трапляеш у беларускі аналаг рэаліці-шоў “Дом-2”, толькі што спрэчак тут не здараецца. Такая ж дабразычлівая атмасфера панавала і падчас працы над ролікам.
Алесь Аскеркаў, Алена Ясінская
Ідэю кліпа прапанаваў Алесь Аскеркаў. Ён прызнаецца, што быў у стане змененай свядомасці і пад уражаннем ад новай песні “Ляпісаў” патэлефанаваў Алене Ясінскай.
Алесь Аскеркаў, Вікторыя Ракава, Вячаслаў Герасімовіч, Алена Ясінская
“У мяне заўжды нараджаецца маса нестандартных фантазій, але паколькі я толькі першы год вучуся на актора, то не здольны стварыць візуальны прадукт ад пачатку да канца, таму і звярнуўся па дапамогу да Алены, якая можа ўвасобіць мае думкі ў карцінку”.
З пачаткам працы кожны з удзельнікаў каманды ўклаў у яе нешта сваё, каб выканаць творчую задачу: выдумлялі планы, выказвалі заўвагі, уводзілі новых герояў (як звар’яцелага прафесара, якога ад пачатку не планавалася). І ўсе думалі толькі над тым, каб адпаведным чынам перадаць ідэю, якую ўхапілі вельмі хутка.
“Мы расклалі песьню на вобразы і пачалі з імі разбірацца. І зразумелі, што Сонца ёсць сімвал кожнай веры. У сумеснай песні “Ляпісаў” і “Без білета” ёсць радок, які пасуе да нашай працы – “Жизнь тянется к красному диску солнца”. Жыццё павінна несці дабро і любоў. Сонца, дабро і любоў – такая ідэя нашай працы”, – кажуць Алена і Алесь.
“Самы складаны момант быў падчас здымак эпізоду пра Адама і Еву. Асабліва для тых, хто паказваў рукамі сонейка і дрэва. Было трохі незручна і ўсе хацелі адзняць гэта, як хутчэй. А ў выніку пайшло на ўсё дзве гадзіны. Мне дык давялося амаль увесь гэты час ляжаць на каробцы з-пад асвятляльнай апаратуры”, – распавядае выканаўца ролі Евы Вераніка Белашапка.
Вераніка Белашапка
“Вераніцы давялося кусаць яблык, перапэцканы гуашшу, было бачна па яе твару, што не надта ёй гэтага хацелася. Потым мы ўжо пакінулі месца для ўкуса, але тады яна спытала ці памыты гэта яблык”, – усміхаецца адна з акторак Паліна Лісіцына. Здымалі відэа ў цэйтноце: 1 лютага пачулі песню, а 25 лютага ўжо выслалі гатовы прадукт. Акторам даводзілася часам спазняцца на апошняе метро.
Алесь Аскеркаў, Вікторыя Ракава, Вячаслаў Герасімовіч, Алена Ясінская, Вераніка Белашапка, Паліна Лісіцына, Леў Чабатароў
Вынікам засталіся задаволеныя ўсе. Праўда, сваю працу самай выбітнай з усіх астатніх фіналістаў стваральнікі відэа не лічаць. “Нам вельмі спадабалася тое, што зрабіў Андрэй Кузменка, Марыка ды астатнія. Наогул жа, каб з кожнага гэтага роліка ўзяць самае лепшае – выйшла б проста супер!”, – зазначае Алена.
Цікава, што з дапамогай конкурсу “Будзь свабодным” навучэнцы “Мінскай кінашколы-студыі” пазнаёміліся з дзейнасцю кампаніі “Будзьма беларусамі!”. “Я дык адразу падпісаўся на навіны “Будзьма” Вконтакте”, – кажа Алесь Аскеркаў. “Яшчэ класная прыдумка з налепкамі на клавіятуру”, – падхоплівае актор Вячаслаў Герасімовіч. “А мне спадабаліся бела-чырвоныя маечкі. Дзе ўзяць?”, – дадае выканаўца ролі Адама Леў Чабатароў, у якога якраз у дзень нашай размовы быў дзень народзінаў. Так што падарунак у выглядзе VIP-квіткоў на канцэрт “Ляпісаў” у Санкт-Пецярбург з арганізаваным пражываннем быў дарэчы ўдвая.
Іх відэа ацаніў і режысёр большасці афіцыйных відэа да песень “Ляпіса Трубяцкога”, у тым ліку і “Верю”, Аляксей Церахаў: “Паглядзеў з цікавасцю і лічу гэта ролік вартым увагі, хоць у кліпмэйкера заўжды суб’ектыўны погляд на музыку. Відэа не павінна перадаваць ідэю песьні, але ва ўдзельнікаў конкурсу была якраз такая задача. Яны стварылі нешта зусім іншае, чым у мяне, даслалі іншы мэсыдж, і гэта добра. Магу параіць звярнуцца да кампутарнай графікі, бо для сучаснага кліпмейкерства гэта прынцыпова важна. Пажаданне аўтарам ісці толькі наперад і заўжды самаўдасканальвацца!”.
на першым фота – Алесь Аскеркаў, Вікторыя Ракава, Вячаслаў Герасімовіч, Алена Ясінская, Вераніка Белашапка, Паліна Лісіцына, Леў Чабатароў, Наста