Згоду на ўдзел у праекце “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” дала адна з самых цікавых інды-рок-камандаў Беларусі, якая ад моманту свайго заснавання ў 1998 годзе карысталася ў сваіх песнях выключна ангельскай мовай.
“Ідэя заспяваць па-беларуску нам падалася вельмі цікавай і новай. Яна завабіла нас тым, што гэта абсалютна новы віток у нашай творчасці, які можа прыцягнуць большую колькасць слухачоў. Мяркуем, што нас абавязкова падтрымаюць нашы ранейшыя прыхільнікі”, — кажуць музыкі.
Гэты гурт адзначаецца надзвычай грунтоўным падыходам да сваёй творчасці. Летась ён справіў 10-годдзе, але ў слухацкай свядомасці ўсё яшчэ асацыюецца з “маладымі і яскравымі дэбютантамі”. Перад тым як даць свой першы канцэрт, Hair Peace Salon рэпеціравалі ажно чатыры гады. Над першым сінглам працавалі цягам трох гадоў, а паўнавартасны альбом пішуць дагэтуль. Пры ўсім пры тым іх апошняе калекцыйнае выданне, EP “In Tune”, можна набыць за дэмакратычную цану — 5 000 беларускіх рублёў.
“Мы прапануем наш дыск тым, хто любіць усялякія каробачкі, каляровыя дыскі, кардонныя буклецікі, але, самае галоўнае, — наш гурт”, — гаворыцца ў рэкламе іхняга “самотніка”. На самой справе сваё пакліканне музыкі бачаць у нашмат больш сур’ёзных рэчах — зламаць стэрэатыпы разумення папулярнай культуры, якія абмяжоўваюць духоўную свабоду.
Hair Peace Salon можна назваць адвечнымі фіналістамі. Яны былі лаўрэатамі ці спыняліся за крок ад перамогі на такіх фэстах, як The Global Battle Of the Bands, Bandscan: Belarus, “Рок-Каранацыя”, “Золотая акустика” ды іншых. Свой стыль яны вызначаюць як брытанскі інды-рок, а таму і пяюць ужо 11 год толькі па-ангельску.
Для свайго беларускамоўнага дэбюту яны вырашылі прапанаваць песню, якая ў арыгінале завецца “Ice Age”. Галоўныя крытэрыі выбару — яна мае мелодыю і моц, таму яе вельмі лёгка граць. “Сэнс гэтай песні ў тым, што кожны з нас у жыцці сутыкаецца з “ледніковым” перыядам, калі зусім анічога не цешыць. Ён падаецца бясконцым, але раней ці пазней мае перапыніцца, калі трымацца сваёй мэты і праўды”, — кажуць музыкі.
Пераасэнсаваць на беларускі лад “Ice Age” узяўся літаратар Віталь Воранаў, перакладчык на беларускую такіх твораў, як “У чаканні Гадо” Бэкета і “Віня-Пых” Мілна.
Hair Peace Salon у сеціве — http://hairpeacesalon.com, http://www.myspace.com/hairpeacesalonband
Віталь Воранаў у сеціве — http://www.voranau.livejournal.com, http://www.voranau.com
Наступны ўдзельнік “Перазагрузкі” будзе прадстаўлены 14 красавіка.