“Першы раз у першы” клас сёння адпраўляецца “пакаленне 2008-2009”: людзі, якія нарадзіліся калі даляр каштаваў 2200 рублёў, а “Ляпіс Трубяцкі” толькі запісаў альбом “Маніфест”. У Дзень ведаў, “Будзьма” апытала вядомых беларусаў пра іх першы школьны дзень.
Яўген Ліпковіч, блогер
Першага верасня ў першым класе я памятаю дрэнна, я вучыўся ў 20-й школе, цяперашняй 8-й гімназіі, што на рагу Коласа і Сурганава. У першы клас я пайшоў ці то 1964-м, ці то ў 1965-м годзе. Мы жылі зусім побач – на Беламорскім завулку. З першага верасня памятаю, як хлопчыка-першакласніка нёс на руках вучань 10-га класа, той біў у званок, а я яму страшна зайздросціў – бо на рукі ўзялі яго а не мяне. Заняткаў не памятаю, але выдатна памятаю сваю першую настаўніцу – Сіму Абрамаўну Гурэвіч, яна была выдатным выкладчыкам, моцна паўплывала на маё тагачаснае светаўспрыманне. Жыла побач з намі, у нашым жа завулку. Цяпер эмігравала ў Ізраіль. Вось цікава: вучыўся ў дзвюх школах пасля, імёнаў настаўнікаў не памятаю, а першую настаўніцу – выдатна.
Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча
Марына Шода, перакладчыца
Шчыра кажучы, вельмі складана нешта прыгадаць – столькі было гэтых “першых верасня”, і маіх, цяпер вось дачкі. Усё памятаю – і першую настаўніцу Кацярыну Нікіфараўну, і хлопчыка, з якім сядзела побач, і парту, за якую мяне пасадзілі. Але чагосьці яскравага… Я пайшла ў школу ў 1980 годзе, і школьнае жыццё не стала для мяне нечаканасцю – мяне рыхтавалі да яе, у тым ліку мой старэйшы брат, тым больш я была вельмі акуратнай вучаніцай, з якой нічога не здаралася.
Віктар Марціновіч, літаратар
Нічога не памятаю пра першага верасня, застаўся адзіны фотаздымак – на фоне вялікага акварыума, зроблены бацькам аднакласніка. Так ужо сталася, што кожны з нас вымушаны суадносіць нейкія моманты памяці з фотаздымкамі. Я пайшоў у школу ў 1983 годзе, тады мы жылі ў Зялёным Лузе, які быў тады сапраўды бандыцкім раёнам. Цяпер і 101-я, і 171-я школы лічацца прэстыжнымі, тады ўсё было інакш: мая 101-я школа была досыць байцоўскай – мяне ўвесь час білі. Да таго ж я вучыўся ў мастацкай школе паралельна, што для пацаноў з “Зялёнак” прыроўнівала цябе да дзяўчынкі. Толькі недзе класе ў восьмым выявілася, што заняткі мастацтвам, кнігі не тое што пацаноў у дзяўчынак не ператвараюць, яны, наадварот, дапамагаюць: дзяўчынкі на такіх пацаноў звяртаюць болей увагі. Такім чынам, эвалюцыйна я перамог.
Віталь Рыжкоў, літаратар
У школу я пачаў прасіцца, як толькі адзначыў шасцігоддзе ў канцы вясны 1992 года, хоць бацькі, шкадуючы мяне, прапаноўвалі яшчэ год “пагуляць” у садку. Але маё жаданне хутчэй зрабіцца дарослым было ўлічанае (праўда, прыстроілі ў клас без вывучэння ангельскай мовы, як мне хацелася). 1 верасня 1992 было сонечна, над ганкам магілёўскай сярэдняй школы №4 урачыста лунаў бел-чырвона-белы сцяг (“Сала-мяса-сала” — назваў яго мой брат-старшакласнік), ля школы быў цэлы натоўп дзяцей з бацькамі, і было абсалютна няясна, да якой групы дзяцей далучыцца, каму дарыць кветкі і чаму так нязручна і спякотна ў гэтай цёмна-сіняй школьнай форме. Але мая мама ўсё, апроч школьнай формы, тады разруліла. Першая настаўніца, Наталля Уладзіміраўна, падалася вельмі строгай, і я доўга не мог перамагчы гэтае адчуванне (на бацькоўскіх сходах выгаворвалі, што я вельмі ўжо ціха адказваю на пытанні, а паўгадавы адаптацыйны перыяд у школе давялося адхварэць). На заканчэнне першай чвэрці я атрымаў ад бацькоў пякельна дарагі падарунак — батончык “Снікерса”.
У каментарах чакаем вашыя ўзгадкі пра вашае першае “першае верасня”.
Мікалай Левертаў