У Мінску ў Вялікім тэатры оперы і балета 10 снежня пачынаецца міжнародны Калядны оперны форум. А адкрываецца ён першай за 35 гадоў беларускай пастаноўкай Вагнера. Адну з першых опер знакамітага нямецкага кампазітара паставіў таксама немец — былы дырэктар дрэздэнскай оперы Ханс-Ёхім Фрай. Сёння, у першы дзень форума, пройдзе прэм’ера з беларускімі салістамі, а заўтра, 11 снежня, — з замежнымі.
Сюжэт оперы класічны: галандскі капітан пакляўся, што зможа абагнуць непакорны мыс, нават калі ямы давядзецца плыць вечна, і з таго часу блукае па марах, раз на сем гадоў сыходзячы на бераг. Калі ён зможа знайсці сабе дзяўчыну, якая пагодзіцца стаць ягонай жонкай і будзе яму вернаю, праклён страціць моц, і Галандзец атрымае дараванне. І вось ён сустракае нарвежскага капітана Даланда, які гатовы аддаць яму ў жонкі сваю дачку…
Адразу скажам, Фрай змяніў сюжэт оперы, адмовіўшыся ад трагічнага вагнераўскага фіналу. Ці пайшло гэта твору на карысць, вырашаць гледачам. А пакуль глядзіце здымкі з генеральнага прагону оперы.
Яўген Ерчак