13-ы студыйны і першы канцэртны альбом за дзевяцігадовую сольную кар’еру артыста названы «Беларуская песьня». Найлепшае тут — вядомыя ўжо гіты створаныя для нявыдадзенай «Скрыпкі дрыгвы», якія не папсавала нават ня надта ахайнае выкананьне. Хоць куды лепш Вайцюшкевіч слухаецца ў студыйным варыянце, калі стрымліваецца яго часам залішняя карчомная весялосьць.
Зьміцер Вайцюшкевіч. Беларуская песьняНовы, гэтым разам канцэртны альбом Вайцюшкевіча — выдадзены на знак 80-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча. Музыка ўключыў у яго песьні, напісаныя яшчэ на пачатку яго сольнай кар’еры для супольнага праекту «Скрыпка дрыгвы», які так і ня быў выдадзены, а таксама колькі лепшых і новых рэчаў розных аўтараў. Песьні на дыску выразна падзяляюцца на дзьве катэгорыі. Гэта найперш жартаўлівыя творы на аматара (як «Заяц варыць піва», «У жніўны дзень» і «Суседка»), дзе ў поўны рост паўстае Вайцюшкевіч-шоўмэн. Але больш удала ў музыкі заўжды атрымліваліся песьні-баляды. Новых супэрскіх гітоў гэты дыск ня дорыць. Найлепшае тут — вядомыя ўжо «Архангелы», «Мора», «Беларуская песьня», якія не псуе нават ня надта ахайнае выкананьне. Хоць куды лепш Вайцюшкевіч слухаецца ў студыйным варыянце, калі стрымліваецца яго часам залішняя карчомная весялосьць.
Дыску яўна не стае рэдактара — сюды ўключылі цалкам канцэртны выступ амаль на паўтары гадзіны. Ды яшчэ і са сьпевам Алеся Камоцкага, якога не пазначылі на дыску, як выканаўцу. Ды яшчэ і з італьянскай народнай «Бэла чао», якая аніяк не пасуе пад назву дыска. Калі б спыніцца на 12-ці песьнях на Караткевіча, то выйшла бы скончаная канцэптуальная літаратурна-драматычна-музычная дзея. Агулам жа па атмасфэры «Беларуская песьня» надта нагадвае «Шчасьлівую сямёрку» — канцэртнік ад Віктара Шалкевіча. Як і дыск гарадзенскага барда, з прычыны сваёй сумбурнасьці праца Вайцюшкевіча пасуе хутчэй для аднаразовага азнаямленьня, чым для частага праслухоўваньня.