Творы сусьветна вядомага майстра пэрсыдзкай мініятуры выстаўленыя ў Менску.
З 19 сьнежня да 23 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць выстава мастацкіх мініятураў сусьветна вядомага іранскага мастака Махмуда Фаршчыёна, зладжаная Пасольствам Ірану ў Беларусі.
На выставе дэманструюцца каля 60 твораў Фаршчыёна, які дасягнуў славутасьці на Захадзе і Блізкім Усходзе як мадэрнізатар тысячагадовай пэрсыдзкай мініятуры. Мастак зьяўляецца самым вядомым з жывых прадстаўнікоў гэтага жанру.
Фаршчыёну ўласьцівыя сьмелыя як для клясычнага жанру фантасмагарычныя сюжэты зь яркімі фарбамі, птахамі, кветкамі ды людзьмі, прысьвечаныя зазвычай каханьню ў тых ці іншых яго формах ды праявах.
Выстава знаходзіцца на 22-м паверсе Бібліятэкі ў галерэі «Панарама», але паглядзець яе можна толькі у рэжыме наведваньня агляднай пляцоўкі. Кошт квітка – 3 500 рублёў – уваходзіць у цану наведваньня агляднай пляцоўкі.