Пайшоў з жыцьця Зьміцер Сідаровіч, музыка, чые песьні прымаліся за народныя.
Зьміцер Сідаровіч меўся граць канцэрт разам зь Любоўю Сівуравай, але на выступ не зьявіўся, на тэлефанаваньні не адказваў. Сябры моцна занепакоіліся. Музыка апошнім часам жыў адзін, дзьверы ў ягоную кватэру ў Зялёным лузе давялося ўзламваць. Зьмітра знайшлі мёртвым, усё было ў крыві. Першае што прыйшло на розум — забойства альбо самагубства. Але гэта вэрсія не пацьвердзілася. Як паведаміла Tuzin.fm сьпявачка Тацяна Матафонава-Грыневіч, папярэдне ўстаноўленая прычына сьмерці — праблема з сасудамі. Цяпер праводзіцца судмэдэкспэртыза.
Зьміцер Сідаровіч пачаў пісаць песьні яшчэ ў 1978 годзе, у 13 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, стаў кандыдатам тэхнічных навук і працаваў вядучым інжынэрам. Пры гэтым яго вабіла беларуская гісторыя, культура, мова, музыка. Песьні на яго вершы пры канцы 80-х сьпяваў рок-гурт «Грамада», а потым заснаваў сваю каманду — «Камэлот» (1991). Адметнасьцю гэтага гурту былі песьні, нібы створаныя ў сярэднявечныя часы. Музыка каманды гучала ў тэлефільмах («Шукальнікі скарбаў», «Беларусь. Лета 1991-га») і на тэлевізіі.
Дэбютны альбом быў названы паводле песьні, якая пасьпела ўжо стаць візытоўкаю гурта — «У краіне талераў». Рэліз меў посьпех — наклад касэтаў у 2000 асобнікаў разышоўся вельмі хутка, ён намінаваўся на «Альбом году» на «Рок-Каранацыі-1996», а потым быў перавыдадзены на CD. У выніку расколу гурта ў 1996 годзе Зьміцер Сідаровіч стаў выступаць сольна, пэўны час граў разам з гуртом «Гаспадары з-пад Вільні» і «Стары Ольса», паўдзельнічаў у запісе іх альбому «Вір» (2001). Акром таго Зьміцер дасьледваў гісторыю музыкі (уклаў даведнік «Вялікія музыкі XX стагодзьдзя»), пісаў вершы (выдаў зборнік «Тры жалуды»), некалькі гадоў ладзіў штотыдзень «Шляхецкую фольк-вечарыну» з музыкай ды скокамі ў ДК МАЗ. У апошнія гады Зьміцер узяўся за запіс і выданьне музыкі для дзетак. Ён спрадусаваў «Дзіцячы альбом» у дзьвюх частак.
Песьні яго аўтарства ўспрымаліся за народныя. Як, напрыклад, сьпеў «А дзе ж тыя ваяры».