Вялікім сольны канцэртам у Палацы Рэспублікі гурт “Воплі Відаплясава” адзначыў чвэрць стагоддзя сваёй дзейнасці. Для канцэрту ў Мінску Алег Скрыпка з кампаніяй падрыхтавалі нямала цікавостак ды зладзілі жывую прэм’еру беларускай версіі “Краіны мрой”.
Гледачы чакалі выхаду ВВ доўга. Наўмысна ці выпадкова ўкраінскі гурт выйшаў на сцэну з 25-хвілінным спазненнем. “Нам 25! И мы готовы для вас играть опять”, — павітаўся Алег Скрыпка і далей размаўляў з публікай выключна па-свойму. Украінскія музыкі да свайго канцэрту з нагоды юбілею апрануліся ў рэтра-стылі, сам Алег нацягнуў на сябе заімшэлы пінжак часоў Алімпіяды-80 ды трэнікі.
Лідар ВВ на месцы не стаяў ані хвіліны і наблізіўся да публікі ўжо ў адным з першых нумароў — “Галине”. Праграму ўкраінцы маюць наогул занадта дынамічную, як для халоднай і змрочнай залы Палаца Рэспублікі, дзе людзі вымушаныя танчыць седзячы. Да ўсяго, акустыка ў зале наводзіла на думку, што арганізатары вырашылі сэканоміць на апаратуры. Да апошніх шэрагаў гук проста не далятаў, і было ўражанне, што ВВ граюць праз бетонную сцяну. Было бачна, што самому Скрыпку такая сітуацыя таксама не даспадобы, але весялосці ён не страчваў.
Шоу ВВ прадумалі добра. Кожны нумар аздабляўся відэкарцінкай. На захапляльнай “Чіо чіо сан” быў паказаны арыгінальны ролік, у якім музыкі паўстаюць у незвычайных для сябе вобразах, а потым на экране з’явіліся кадры з фільму “Игла”, і Скрыпка заспяваў: “Та коли є в кишені пачка цигарок…” Цоя змяніла выява Гагарына, бо зайгралі “Юру”…
Праграма “Вопляў” складалася ў асноўным з добра вядомых песняў, але музыкі вырашылі ўключыць у яе і зусім новы твор. “А цяпер сюрпрыз, песня называецца “Талалай”, — са смакам вымавіў лідар каманды. Праз колькі хвілін пасля гэтага ён будзе завываць, стоячы на краю аркестравай ямы, а потым пойдзе па крэслах глыбока ў партэр. Алег уздымаў людзей на ногі ды ладзіў шалёныя скокі між шэрагамі. “Як слушна вымаўляць назву вашага горада?” — распальваў публіку музыка і бездакорна вымавіў пасля: “Мееее-нск!”
Пасярод канцэрту, як і абяцалася, мікрафон быў дадзены беларускім удзельнікам “Народнага трыб’юту”. ВВ вырашылі паставіць на першае месца Дзіму Ску, які выканаў па-беларуску песню “Галю, прыходзь”. Публіка прыняла артыста прахалодна, людзі пачалі разыходзіцца, ды і сам Скрыпка, пачуўшы гэты змрок ужывую, выглядаў расчараваным: “А ў вас жа гэта не так гучала… Ну і няхай!” — кінуў ён. За яшчэ адну беларускую госцю — Юлю Глебаву — было крыху сорамна, бо яна ці то ад хвалявання, ці то ад няведання не змагла нічога прамовіць па-беларуску, затое ўзяла на сябе смеласць павіншаваць ВВ ад імя “ўсяго беларускага народа”. Але Юліны цымбалы някепска дапоўнілі адзін з самых яскравых хітоў украінцаў “День народження”.
У пэўны момант музыкаў на сцэне стала ўдвая болей — да “Вопляў” далучыўся яшчэ Le Grand orchestra, разам з якім Скрыпка выканаў у тым ліку народную “Падманула-падвяла” ды практычна народную “Вясну”. А на біс былі “Танці”…
Шалёнымі скокамі на сцэне пад свой даўні хіт Скрыпка не абмежаваўся. На самы канец музыкі падрыхтавалі беларускую версію “Краіны мрой”, запісанай для праекту “Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2”. “Гэта яе самае першае выкананне ўжывую, і мы вельмі хвалюемся”, — прызнаўся лідар ВВ, але прагучаў тэкст у перакладзе Андрэя Хадановіча проста бездакорна. Тыя, хто яшчэ не чуў беларускамоўны эксперымент украінцаў, падзівіліся нямала. Падзякай для музыкаў былі працяглыя апладысменты. На тым і скончылі.
Алег Скрыпка яшчэ на дзень застанецца ў Мінску, каб зладзіць этна-дыскатэку 15 снежня ў клубе Loft.
Сяргей Будкін, фота – Аляксандр Ждановіч