Лазня — гэта магчымасць прыслухацца да сваіх думак, вызваліцца ад усяго лішняга і пераадолець сябе. У новай серыі праекта «Захапленні» акцёр кіно і тэатра імя Я. Купалы Раман Падаляка, апынуўшыся ў той жа лазні, дзе бываў і Якуб Колас, дзеліцца сваімі «лазневымі» сакрэтамі.
— Лазня першапачаткова аб’ядноўвае тры стыхіі: агонь, ваду і зямлю. Ёсць яшчэ камяні, яны трымаюць жар і даюць пар, што таксама важна.
Паход у лазню — адзін з маіх любімых заняткаў. Хадзіць імкнуся кожны тыдзень, часцей — гэта ўжо зашмат. Мы з сябрам ўсе лазні ў горадзе абышлі. Самая цікавая — вельмі старая лазня каля станцыі метро «Аўтазаводская». Там няма ні камянёў, ні ТЭНа электрычнага — пар падаецца ў апарню наўпрост з ЦЭЦ-4.
Вядома, гарадская і вясковая лазні адрозніваюцца. У вёсцы ўсё жывое: дровы, агонь, пара — і іх энергія перадаецца чалавеку. Калі заходзіш у вясковую лазню, трэба нагінацца. Магчыма, таму, што раней людзі былі невысокімі, але хутчэй за ўсё — каб пакланіцца гаспадару лазні, лазніку. Тады ён цябе прыме, і пара будзе добрай, і пасля лазні дрэнна не стане.
Лічыцца, у кожнай лазні ёсць свой лазнік, ён любіць хавацца за печкай. Калісьці нашы продкі, сыходзячы, пакідалі для лазніка чарачку, сала з хлебам, каб ён прыглядаў за лазняй, а ад пара было толькі здароўе. Цяпер людзі пра гэта забыліся.
Існуюць розныя правілы — як парыцца, як венік запарваць і іншыя. Венікі для паходаў у лазню нарыхтоўваю летам, з 10 чэрвеня па 10 ліпеня. Пасля дня летняга сонцастаяння сокі пачынаюць сыходзіць з лісця — прырода паварочвае сваё кола на восень і зіму. А вось у чэрвені дрэва ў самым соку, толькі трэба праверыць, каб лісцікі былі здаровымі, і проста выбраць дрэва па энергіі табе адпаведнае. Падыходзіш і адчуваеш: маё дрэва — і тады вяжаш з галінак венік. Занадта маладыя бярозы не пасуюць, таму што потым з веніка хутка абсыпаецца лісце.
Уласнаручна звязаныя венічкі трэба захоўваць у цёмным месцы. Замочваць у прахалоднай вадзе за суткі да выкарыстання, а ўжо потым у лазні апарваць. Тады венік раскрываецца і аддасць усё добрае, што ў ім ёсць, усе карысныя ўласцівасці, ачысціць скуру і насыціць паветра водарам эфірных алеяў.
Рыхтавацца да лазні трэба вельмі грунтоўна: не есці шмат за 2 гадзіны да паходу. Уваходзіць у гэтае таямнічае памяшканне трэба абавязкова радасным і спакойным.
Фота № 5695
У лазні небяспечна ўжываць алкаголь. Гэта проста табу. Нават піва нельга — таму што арганізм не разумее, парышся ты ці выпіваеш. Выбірай: ці адно, ці іншае. Можна пасля лазні выпіць келіх піва, але калі ўжо астынеш. У апарні ж піва лепш разбавіць з вадой і падліваць на камяні, каб адчуць пах свежага хлеба.
Сцены ў лазні прасякнутыя дымам, агнём жывым… А калі на камяні падліваць яшчэ і настой з зёлак — паўднёвы эўкаліпт, мяту, у лесе сабраную, — то водар атрымліваецца неверагодны.
Вядомая фраза: «Навошта вы ходзіце ў лазню, у вас што, ваннай няма?» Я хаджу ў лазню не проста для таго, каб быць чыстым: тут ты прыслухоўваешся да свайго арганізму, а збольшага пераадольваеш сябе — вызначаеш, колькі часу можаш знаходзіцца ў парыльні. І пасля гэтага супрацьстаяння надыходзіць расслабленне: ты выходзіш, пазбаўлены ад таксінаў і наогул усяго непатрэбнага (у целе і у галаве). Можа быць, менавіта такім пераадоленнем наша лазня адрозніваецца ад турэцкай або фінскай. Напрыклад, у Рыме ў лазню хадзілі, як у тэатр, і знаходзіліся там цэлы дзень. А ў нас лазня — гэта амаль як выпрабаванне.
Многія людзі кажуць: «Ай, там горача, не магу доўга сядзець». Першая і галоўная ўмова для таго, каб спазнаць лазню — гэта навучыцца атрымліваць ад яе задавальненне. Неабходна паступова прывыкаць да лазні, і яна адкажа толькі добрым. Будзеш радавацца не толькі ад таго, што чыста вымыты і табе лёгка дыхаць, але яшчэ і таму, што выгаварыўся ў працэсе. У лазні размовы могуць быць пра што заўгодна, тут пазбаўляюцца ад назапашаных слоў і думак — і ўсё гэта ў спакойнай абстаноўцы, без крыку і нерваў. Выходзіш — і ўсё становіцца проста і зразумела.
Ідэальны напой пасля лазні — травяная гарбата. Чабор, ліпа, мята — лепш за ўсё, калі ты сам збіраў гэтыя траўкі ў лесе, вядома, калі разбіраешся ў іх. Можна травы і ў аптэцы купіць. Я вельмі люблю гарбату з чабору, ліпы — і каб з мёдам. Але ем мёд упрыкуску, у гарачай вадзе не разбаўляю, каб ён не губляў карысных уласцівасцяў. А яшчэ пасля лазні можна выпіць квасу або мінеральнай вады, лепш без газу, любы сок — гэта напоўніць арганізм неабходнай энергіяй.
Сёння мы былі ў лазні, у якой парыўся Якуб Колас. І, мяркуючы па ўсім, мы сустрэліся тут з духам вялікага чалавека: пакуль мы парыліся, у лазні перагарэла лямпачка. А можа, гэта быў лазнік… Як бы там ні было, нам нагадалі, што мы тут не адны…
Калі ў цябе занадта шчыльны графік, не застаецца часу для адпачынку, бессань мучыць ці думкі непатрэбныя — лепш за ўсё схадзіць у лазню. Тут нібы нараджаешся наноў: адмываецца не толькі цела, але і душа. Ты выходзіш з замкнёнага круга і можаш убачыць нейкія рэчы з боку. Паход у лазню — гэта амаль святы рытуал, такі славянскі варыянт усходняй медытацыі і паслаблення.
Ганна Трубачова, Аліса Федзіна
Фота — Аляксандра Tarantino Ждановіча
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Вялікі дзякуй Алесю Ласю, гаспадару хутара “У Дудара”, за магчымасць для Рамана Падалякі папарыцца ў той жа лазні, дзе гэта рабіў Якуб Колас