Калі хто дагэтуль не ў курсе, нагадаем, што 24 лістапада ў Мінску адбудзецца вялікі канцэрт гуртоў Zakopower і Kriwi. З гэтай нагоды мы не маглі не зрабіць інтэрв’ю з рок-князёўнай і прыгожай жанчынай Веранікай Кругловай, якая бывае цяпер у Мінску не так часта. Акрамя шакавальных фактаў у тэксце зашыфраваны адказ на пытанне, якім будзе курс даляра ў лютым 2012 году, таму раім чытаць вельмі ўважліва.
Я НІКОЛІ НІКУДЫ НЕ З’ЯЗДЖАЛА І НЕ ВЯРТАЛАСЯ
– Вядома, што ты ўжо не першы год жывеш у Нямеччыне. Дарэчы, а які ўжо год?
– 11 гадоў жыву на дзве краіны.
– Ты схільная хаваць свой узрост або адчуваеш сябе ў ім камфортна?
– Не думаю пра ўзрост увогуле. Бывае, даводзіцца здзіўляцца, калі нейкія цёткі з прычоскамі і дзядзькі з лысінамі выяўляюцца значна маладзейшымі за мяне… прычым я ніяк штучна не амалоджваюся, проста адчуваю сябе маладой. Ну, хіба што яшчэ здаровы лад жыцця і думак.
– У цябе часта пытаюць, якая калізія звяла цябе з Радзімы?
– Чамусьці нячаста…
– Што ты звычайна адказваеш, каб адчапіліся?
– Як калі. Гледзячы хто й нашто пытае. Калі праўду кажу, калі жартам.
– Адкажы, калі ласка, праўду!
– Мая геаграфія змянялася гэтак жа, як змянялася маё асабістае і творчае жыццё. Я ніколі нікуды не з’язджала і не вярталася, нават Польшча не з’яўляецца транзітам, а даводзілася і там месяцамі жыць і працаваць. Вось такі мой няпросты шчыры адказ.
– Чым давялося займацца ў жыццёвай вандроўцы?
– Я ніколі не перарывала прафесійнай творчай дзейнасці: канцэрты, фэсты, клубы, вечарынкі, майстар-класы, праца з dj і шмат іншых музычных, тэатральных і кінапраектаў. Усё гэта можна знайсці ў сеціве.
– А як гэта ўплывае на тваю музыку, што мяняе?
– У Kriwi ўвесь час адбываюцца змены: людзям уласціва мяняцца, змяняюцца ўзаемаадносіны:хтосьці расце, хтосьці ляціць, той паплыў у невядомыя далячыні… і ўсё гэта трэба сабраць разам і зрабіць музыку, якая гэтак жа відазмяняецца (мы выкарыстоўваем і спрабуем розныя стылі і напрамкі). Праз тое, што праект адкрыты, яго склад час ад часу мяняецца, ды й я не дыктатар і не “самадура”, таму ў кожнага музыкі ёсць магчымасць самавыявіцца і натуральнае права голасу, бо мы ўсё робім разам.
САМА САБЕ ЧАРАДЗЕЙНАЯ ПАЛАЧКА
– Ты рамантычнае стварэнне?
– Я да непрыстойнасці рамантычная!
– Уяві сабе, што цяпер у цябе ў руках славутая чарадзейная палачка з трыма жаданнямі. Што б ты сабе “намахала”?
– Я сама сабе чарадзейная палачка — магу выканаць любое сваё жаданне!
– За гады жыцця ў Нямеччыне што набыла ты такога, чаго немагчыма набыць у Беларусі? (Пытанне, натуральна, не пра шмоткі.)
– Незалежнасць!
– А чаго пазбавілася?
– Комплексу непаўнавартаснасці ды ілжывых саўковых установак.
– Наколькі немцы ганарацца сваімі нацыянальнымі асаблівасцямі, ментальнымі прыкметамі? У чым гэта выяўляецца?
– Немцы зацыкленыя на сваіх традыцыях. І гэта выяўляецца ва ўсім!
– Ты завеш сябе эмігрантам ці прыгожа — грамадзянкай сусвету?
– Усе грамадзяне сусвету (як ні круці) — так ці інакш эмігранты. І так ці інакш на іх накладаюць адбітак як мінімум дзве краіны — радзіма і другая радзіма.
– Дык хто ты – беларуская грамадзянка сусвету Вераніка Круглова? Якая ты?
– Я глыбока перакананая, што ўсе мы гасцюем у гэтым свеце, але калі мне было наканавана нарадзіцца ў гэтай КРАІНЕ, то я ўсё павінная зрабіць для яе! Яна — мой пункт адліку. І я — сучасная беларуска, якая жыве ў Еўропе (Беларусь..Польшча..Берлін)… І крышку — у сэрцах людзей.
ПА-ПАНКУ ВЕЛЬМІ КЛЁВА АТРЫМЛІВАЛАСЯ…
– У беларускім грамадстве (ды і не толькі)цяпер шмат напругі: гэта і родная/няродная мова, нацыянальны характар, пытанні самаідэнтыфікацыі, шмат чаго яшчэ. Ці ёсць свае напружанні ў Нямеччыне? Па чым “заганяюцца” немцы?
– У немцаў ёсць вялікі “загон” — комплекс віны перад усім светам за фашызм.Таму яны і з’яўляюцца самай талерантнай краінай. Таму, пэўна, Берлін — горад замежнікаў, маленькі зямны шар.
– Часта кажуць, што амаль усе еўрапейскія нацыі — праекты прадстаўнікоў рамантызму. Хто яны — сучасныя героі культуры, якія стануць падмуркам фіналу беларускага нацыятварэння? Ці фіналу гэтага мы не пабачым?
– Пабачым! У нашай краіне, што мяне вельмі цешыць, ёсць сучасныя героі і гераіні. А цешыць яшчэ тое, што іх нямала, і я кажу аб тых, каго ведаю… Я веру ў адраджэнне беларускай культуры! Мяне вельмі цешаць асобныя прадстаўнікі нашай моладзі і спелай творчай інтэлігенцыі!
– Ты, я думаю, з большага ведаеш, чым займаецца культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”. Ці ёсць у Нямеччыне якісьці аналаг?
– Да “БУДЗЬМЫ” стаўлюся з глыбокай пашанай і цешуся кожны раз паспяховым праектам. Так трымаць! Што да Берліна, то тут, натуральна, вельмі шмат розных культурных ініцыятываў і арганізацый, бо Берлін — мультыкультурны горад. Дарэчы, на штогадовым КАРНАВАЛЕ КУЛЬТУР KRIWI шмат разоў прадстаўлялі Беларусь. А ў 2000 годзе ўзялі першы прыз на фэсце сусветнай музыкі ў Берліне.
– На якую песню ты б зрабіла сумесны кавер разам з Нінай Хаген?
– На нашу песню “Вір-чувір”. Калісьці мы з Кулінковічам яе зрабілі па-панку – вельмі клёва атрымалася!
– З кім з цяперашніх лідараў сусветнай музычнай сцэны ты хацела б выступіць на адным канцэрце?
– Я з хачу і буду выступаць з рознымі вядомымі і невядомымі лідарамі. А Пеця Габрыэль — маё каханне з дзяцінства!
– 24 лістапада ў цябе якраз выступ у Мінску з польскімі зоркамі “ZAKAPOWER”. У Беларусі гэтыя выбітныя музыкі ўпершыню. Што цябе падштурхнула выступіць разам з імі?
– Мне вельмі спадабалася іх музыка; я падумала, што мы дадамо яшчэ больш фарбаў у гэтае моцнае шоу: і беларускім гледачам будзе прыемна, і нам добра!
– Крыві выступаюць у першым аддзяленні. Што чакае мінскіх гледачоў?
– Безумоўна, новае і старое-каханае ў новым чытанні…
– А не страшна? У цябе 8 музыкаў, у Закапаўэр – 16 на сцэне.
– Мне ніколі не бывае страшна (ні з ансамблем, ні без ансамбля)) У мяне вельмі клёвыя музыкі, я ганаруся імі!
БЛІЦ-АПЫТАННЕ
– Што адрознівае беларуса ад немца?
– У немцаў іншыя ўстаноўкі. У корані адрозніваецца ўсё. Рэакцыя на жыццё!
– Беларуская нацыя — хутчэй еўрапейская альбо…?
– Кожная нацыя асаблівая. Беларусы — загадкавая нацыя!
– Што б ты змяніла ў сваім жыцці, калі б гэта было магчыма?
– Нічога! Кахаю сваё вар’яцкае мінулае!
– Назаві 3-х беларусаў, якіх табе прыемна ўспамінаць.
– Караткевіч, Мулявін, Вольскі.
– Чаго б ты пажадала сваёй дачушцы з вышыні ўласнага досведу?
– Нічога не баяцца, не сумнявацца ў сабе, ісці да сваёй мары і кахаць усё вакол!!!
Адмыслова для www.budzma.org Зміцер Бейнарт-Саладуха, фота – Аляксандар Ждановіч