Архітэктары сцвярджаюць, што павелічэнне колькасці зялёных зон і змяншэнне шчыльнасці жыллёвай забудовы маюць станоўчы ўплыў на здароўе гараджан.
Тыповы ўрбаністычны краявід звычайнага англійскага горада — няцяжка знайсці архітэктара, які скажа вам, што гэты пейзаж пачварны, шэры і непрывабны. Простыя жыхары прытрымліваюцца такога ж меркавання. Але ці можа так быць, што выгляд і планіроўка горада негатыўна ўплываюць на стан нашага здароўя?
У сваёй нядаўняй справаздачы Каралеўскі інстытут брытанскіх дойлідаў (RIBA) прыходзіць да несуцяшальных вынікаў. Параўноўваючы паказчыкі фізічнай актыўнасці гараджан наконт атлусцення сярод дзяцей і колькасць хворых на дыябет у дзевяці самых густанаселеных гарадах Англіі, RIBA выявіў узаемазалежнасць паміж колькасцю зялёных зон, шчыльнасцю жыллёвай забудовы і станам здароўя мясцовага насельніцтва.
У справаздачы таксама вызначаюцца гарады з найлепшымі і найгоршымі паказчыкамі адносна гэтых ключавых пунктаў у сферы аховы здароўя. У Бірмінгеме найменшая колькасць фізічна актыўных дарослых, а ў Ліверпулі найбольшая колькасць дзяцей з атлусценнем і людзей, якія пакутуюць на дыябет.
Найлепшыя паказчыкі ў жыхароў Лідса — найвышэйшы ўзровень фізічнай актыўнасці — і Брысталя: найлепшыя вынікі што да адсутнасці атлусцення і дыябету.
У справаздачы падкрэсліваецца, што ва ўсіх гэтых чатырох мястэчках шмат паркаў, але сам факт наяўнасці зялёных зон яшчэ ні на што не ўплывае. Галоўнае — гэта якасць і колькасць зялёных зон. Менавіта крокавая даступнасць якасных паркаў, сквераў і алеяў заахвочвае людзей гуляць па горадзе, займацца джогінгам, то бок рабіць прабежкі, а таксама выходзіць з дзецьмі на прагулкі на адкрытым паветры.
Калі паглядзець на мястэчкі, у якіх колькасць фізічна актыўных гараджан найменшая, а гэта прадмесце Сэндвэл у Бірмінгеме, мікрараён Брэнт у Лондане і прыгарад Ньюкасла Гейтсхэд, то ў параўнанні з тымі населенымі пунктамі, дзе паказчыкі фізічнай актыўнасці насельніцтва самыя вялікія, у пералічаных вышэй раёнах шчыльнасць жыллёвай забудовы ў сярэднім у два разы вышэйшая, а агульны памер зялёных зон на 20 адсоткаў меншы.
Такая ж заканамернасць назіраецца і ў межах аднаго горада. Самая зялёная частка Бірмінгема — Соліхал. Тут зялёная зона складае 69 адсоткаў ад агульнай плошчы гэтага раёна, і, як вынік, тут самы нізкі ўзровень дзіцячага атлусцення — 14,1%. Тым часам у прадмесці Сэндвэл у тым самым Бірмінгеме зялёная зона займае ўсяго траціну ад агульнай плошчы гэтага раёна, у выніку больш за 25% дзяцей пакутуе на атлусценне.
Аналітыкі RIBA таксама звяртаюць увагу на тое, што не апошнюю ролю ў такіх розных паказчыках стану здароўя нацыі граюць і неаднолькавыя ўзроўні сацыяльнай забяспечанасці насельніцтва ўсёй краіны і жыхароў у межах аднаго горада. Цэны на нерухомасць у больш зялёных раёнах горада, дзе шчыльнасць забудовы ніжэйшая, а колькасць добраўпарадкаваных паркаў вышэйшая, надзвычай высокія. Заможныя людзі, у якіх хапае грошай на набыццё жытла ў такім раёне, таксама могуць дазволіць сабе набываць больш здаровыя прадукты харчавання і аплачваць заняткі ў добрай спартзале з асабістым інструктарам. Агульнанацыянальная схема медыцынскай няроўнасці працуе беззаганна — у чым больш багатым прадмесці вы жывяце, тым большая імавернасць таго, што вы будзеце здаровым.
Усе разумеюць, што брытанскай нацыянальнай праблемай ёсць фізічная неактыўнасць — ключавы чыннік атлусцення, што ў сваю чаргу вядзе да рознага кшталту ўсялякіх захворванняў. RIBA паведамляе, што 75 адсоткаў людзей, якія жывуць у дзевяці гарадах, дзе праводзілася даследаванне, не маюць 150-хвіліннай фізічнай актыўнасці на тыдзень, як рэкамендуюць медыкі. Аднак тры чвэрці людзей, апытаных супрацоўнікамі RIBA, сказалі, што яны гатовыя больш хадзіць пешшу кожны тыдзень, калі для гэтага будуць больш спрыяльныя ўмовы.
Мяркуецца, што рызыка хваробы сэрца, інсульту і дыябету можа быць скарочаная на 50 адсоткаў, калі людзі пачнуць прыслухоўвацца да парадаў медыкаў і займацца большай фізічнай актыўнасцю. RIBA сцвярджае, што падштурхнуць людзей да больш актыўнага стылю жыцця, а таксама сэканоміць прыблізна мільярд фунтаў стэрлінгаў у галіне аховы здароўя здольная разумная дэтальная планіроўка горада.
Прэзідэнт RIBA Стывен Ходар кажа: “Цэнтральны ўрад і мясцовыя ўлады з вялікай адказнасцю ставяцца да пытанняў грамадскай аховы здароўя. Менавіта таму цяпер вельмі важна, каб архітэктары і забудоўшчыкі пачалі звяртаць максімальную ўвагу на стварэнне больш здаровых гарадоў, на больш разумную дэтальную планіроўку раёнаў. Мы жывем у час глабальнага крызісу, урад не мае права марнаваць грошы там, дзе іх можна было б ашчадзіць. Штогод мы маглі б эканоміць мільярд фунтаў, якія цяпер выдаткоўваюцца на барацьбу супраць захворванняў, выкліканых атлусценнем. Усё, што для гэтага патрабуецца, — зрабіць пытанні аховы здароўя прыярытэтнымі падчас выпрацоўкі горадабудаўнічых праектаў”.
Але, паводле справаздачы, галоўнае не тое, колькі зялёных зон мае горад, а тое, якім чынам жыхары горада карыстаюцца гэтымі зонамі.
Аўтары справаздачы пішуць, што архітэктары і гарадскія праектавальнікі павінныя адыгрываць ключавую ролю ў “змякчэнні негатыўных уздзеянняў на гараджан, выкліканых недастатковай колькасцю зялёных зон, а таксама ствараць больш спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзі пачалі больш хадзіць пешшу”.
Сярод практычных рэкамендацый — стварэнне прывабных, бяспечных пешаходных маршрутаў паміж зялёнымі зонамі дзеля таго, каб заахвоціць людзей пешшу гуляць па горадзе. Таксама можна зрабіць больш прывабнымі паркі, дзіцячыя пляцоўкі і іншыя месцы для адпачынку на адкрытым паветры — для гэтага патрабуецца не так ужо і шмат: стварыць ці адрамантаваць пешаходныя сцежкі, усталяваць ліхтары, пазбавіцца ад высокіх платоў і агароджаў, прывесці ў парадак дрэвы і кусты, зрабіць сметніцы і паставіць камфортныя лаўкі.
Жыхары ў розных гарадах Англіі, якія ўдзельнічалі ў апытанні, выказвалі розныя меркаванні. У Бірмінгеме месцічы казалі, што хацелі б мець больш прывабныя паркі і зялёныя зоны. 40 адсоткаў тых, хто не займаецца фізічнай актыўнасцю, сказалі, што калі паркі давядуць да ладу, у іх з’явіцца жаданне больш хадзіць пешшу. Людзей у Манчэстэры больш турбуе выгляд вуліц горада з эстэтычнага пункту гледжання. У Шэфілдзе і Ліверпулі больш увагі надаюць пытанням бяспекі, гэта асабліва датычыць сцежак, якія злучаюць цэнтральную частку горада з зялёнымі зонамі.
Эн Мары Коналі, дырэктар выканаўчага дэпартамента пры Міністэрстве аховы здароўя Англіі, урадавай установы, якая назірае за выкананнем мясцовымі ўладамі пастаноў Міністэрства, кажа, што рэкамендацыі RIBA былі заўважаныя і віталіся на дзяржаўным узроўні: “Мы падтрымліваем больш шчыльнае супрацоўніцтва мясцовых дэпартаментаў аховы здароўя з горадабудаўнічымі арганізацыямі, архітэктарамі, планіроўшчыкамі і забудоўшчыкамі на мясцовым узроўні. Напрыклад, мы правялі два брыфінгі на тэму атлусцення і навакольнага асяроддзя: першы з іх быў прысвечаны рэгуляванню месцаў, дзе могуць знаходзіцца рэстарацыі хуткага харчавання. Мы плануем забараніць гандаль фастфудам каля школ і дзіцячых садкоў. А другі брыфінг разглядаў пытанне пра тое, як заахвоціць людзей быць больш фізічна актыўнымі, як зрабіць актыўныя віды адпачынку больш прыцягальнымі і папулярнымі сярод насельніцтва. Брыфінгі — гэта цудоўная магчымасць для мясцовых уладаў пачуць новыя ідэі для вырашэння тых ці іншых праблем і дазнацца пра дагэтуль не вядомыя ім шляхі памяншэння адмоўнага ўздзеяння штучнага асяроддзя на здароўе людзей”.
На прыкладзе аднаго горада: Бірмінгем
Гэтыя прадмесці Бірмінгема знаходзяцца на адлегласці ўсяго толькі некалькіх міляў адзін ад аднаго: Сэндвэл — на паўночным захадзе, а Соліхал — на паўднёвым усходзе, але з пункту гледжання аховы здароўя паміж імі прорва.
Амаль у 26% дзяцей у Сэндвэле назіраецца атлусценне. Гэта найвышэйшы паказчык сярод усіх прадмесцяў усіх дзевяці самых вялікіх гарадоў Англіі. У той жа час у суседнім прыгарадзе Соліхал — найлепшы паказчык: толькі 14,1%. Вядома, што розны ўзровень прэстыжнасці гэтых раёнаў, што ёсць вынікам рознага ўзроўню сацыяльнай забяспечанасці і матэрыяльнага стану жыхароў гэтых частак горада, вядзе да «медыцынскай няроўнасці», але паглядзіце на геаграфічныя мапы гэтых мястэчак, і вы знойдзеце яшчэ адну прычыну такога адрознення.
69 адсоткаў Соліхала — гэта зялёныя зоны.У гэтым прадмесці ёсць два вялікія паркі. Жыллёвая забудова займае толькі 3,4%. А вось у Сэндвэле зялёная зона размясцілася на траціне ад агульнай тэрыторыі гэтага раёна. Паркі маленькія, а шчыльнасць жыллёвай забудовы складае 7,8%, што ў два разы больш, чым у Соліхале.
Пасля апублікавання справаздачы мясцовая рада раёна Сэндвэл заявіла, што будзе ўважліва вывучаць вынікі працы Каралеўскага інстытута брытанскіх дойлідаў. Раённыя ўлады спадзяюцца знайсці вырашэнне праблемы атлусцення сярод непаўналетніх праз заахвочванне падлеткаў весці больш актыўны лад жыцця, напрыклад, пры дапамозе дзіцячых гурткоў і спартовых секцый, а таксама праз паляпшэнне інфраструктуры зялёных зон і месцаў адпачынку.
паводле independent.co.uk