Все, що діється нині з ними всіма, називається часом.
Головне розуміти, що все це діється саме з ними.
Сяргей Жадан
Зранку раблю сабе каву і гляджу ў акно. Там жыве дрэва. Яно ўсё робіць не так. Не сябруе з галкамі. Хістаецца і шуміць. Ніяк не скіне старое лісце. Расце адразу ва ўсе бакі. Замінае суседзям. Не мае стратэгіі развіцця і нічога не ведае пра цім-білдзінг. Часам відавочна хоча зваліць – ці зваліцца. Там безліч бессэнсоўных адхіленняў і хапае сухіх галінак. Карацей, абы што ні аб чым. Але кожную раніцу я гляджу ў акно: “Алё, ты тут? І я тут”. Недарэчнасць з недарэчнасцю. Больш за ўсё баюся, што аднойчы прыйдзе хтосьці, каб нас абодвух паправіць.
Суседзі па эпосе не пытаюцца, ці хочам мы іх такімі. Ім усё адно, замаўлялі мы гэтае свята ці не. І хто цяпер у тваіх асабістых топах. Яны граюць сваю гульню на ўскрайку дурнога свету, б’юць мяч сваімі палёнымі адыдасамі, будуюць барыкады ў секцыях мягкай ігрушкі і не выйдуць на рынг, калі там няма кінакамеры. Балерыны. Ці прынамсі анёла.
Сяргей Міхалок – катастрафічны супергерой часоў перамены лёсаў, вайны культур і партызанскага дызайну. Гламурны андэрдог з дзіцячым садком у галаве: зазірнуў – а там Залаты пеўнік. І маманты Ганібала. І “листья имперской репы”. Плюс ваяры відэасалонаў, пластык-попс імя Саманты Фокс, балканскія скокі, Шахеразада, эстрадны панк і несупынны паўэр-ліфтынг. Міхалок харчуецца рэшткамі поп-культуры і рэхам чужых міфаў. Як шыбануты Джызус, ён уздымае памерлых і раздае лусту хлеба стадыёнам.
Найноўшы (трэці) альбом міхалкоўскай спартыўна-музычнай брыгады Brutto завецца “Рокі” – з відавочнай адсылкай да славутага кінагероя. Якому, між іншым, ужо саракоўнік. Практычна сучаснік: Міхалку – 45. І гэта значна больш, чым простае супадзенне. Гэта ўжо рэзананс лёсаў.
Што іх аб’ядноўвае? Тры рэчы.
Агульная тэма: як дваровыя робяцца чэмпіёнамі. Канструяванне героя: тактыкі прасоўвання і энергічны менеджмент. І, урэшце, бессэнсоўнасць перамогаў. Трэба трапіць наверх, каб зразумець, што там пустэча. Чэмпіён атрымлівае бездань.
Шкада, што Міхалок не Слай Сталонэ. Крыўдна, што мы не ў Галівудзе. Бо нашыя пацаны з раёна атрымалі не амерыкан дрым, а попел імперый – піянерскі слоўнік, дурное бабло, ціск зверху ды піск знізу, музычная партызанка, цьмяны шоўбіз, настальжы ды злосць, свіныя пысы ў зомбаскрыні. І амаль гарлемска-мурынскія схемы поспеху: забаўляльнасць, свойскасць, брутал, змагарства, спорт. Міхалок – адзіны сярод айчынных электрычных паэтаў – паюзаў увесь спіс. Адзначыўся па кожнай пазіцыі. Але застаўся не персонай у развіцці, а мазаічным артыстам. Бо краіны ягонага лёсу рушылі ў розныя бакі. І на розных хуткасцях. Тры (перапеўку олдскульнай ангельшчыны можна не лічыць) разнамоўныя складнікі новага, музычна даволі невыразнага, альбома – найлепшы доказ гэтай тэзы. Не мікс моваў. Канфлікт сусветаў.
Найбольш аб’ёмны (6 трэкаў з 12-ці) і пазнавальны – расійскамоўны. Прывітанне з ляпісаўскага фронту дэкаратыўнага антыглабалізму. Фірмовая міхалкоўская плынь свядомасці, дзе калаж-мантаж а-ля БГ (“Хозяин тайги, секретный приказ, Монгол-Шуудан, бурятский спецназ!”) сустракаецца з сіроцкімі прыпеўкамі і ледзь не еўтушэнкаўскімі падскокамі: “Любо голодранцам резать богачёв, вернулся из Франции Емелька Пугачёв!”. Не глядзі тэлевізар, залатыя буквы, чорны абяліск, новы Сайгон, радуются куклы, капец чацвёртаму Рыму, лазерный скальпель аннексий… Лісты з-пад Вялікага Брата. Мяккая шыза начытанага маскоўскага шасцікласніка. Знайдзі ўсе спасылкі і атрымай асалоду. Скачы, коцік, скачы!
Украінскі блок – самы моцны. Можа, таму, што там няма Міхалка-словатворцы. Змяніўся генератар сэнсаў: Міхалок спявае чужое. Тры тэксты найлепшага з украінскіх паэтаў Сяргея Жадана (адзін у перакладзе Андрэя Хадановіча) лёгка перакрываюць звычайнае брутаўскае поп-пазёрства праз сваю ледзь не біблейскую моц і балючую вастрыню: “Клади на обличчя пудру й грим. Ніколи не пізно померти молодим. Ніколи не пізно змінити ім’я. Про мене свідчитиме тінь моя. Але ніколи й нікому не кажи про це. Смерть не пізнає нас у лице”. Такое пішуць крывёю наўпрост з вайны. Уласна кажучы, так яно і ёсць. Але праўда ў тым, што нашым “анарха-турыстам” няма чаго да гэтага дадаць: музыка – за выключэннем выдатнай “Середні віки” –амаль замінае.
Відавочна, Жадан сёння патрэбны Brutto больш, чым Brutto Жадану.
Што ж засталося нам? Згаданы пераклад Жадана (так і не ўцямлю, чаму з украінскай трэ перакладаць), чарговы вершык Купалы (праспяваны ў фармаце начной акустыкі ля вогнішча з нястройнымі падпеўкамі). І нечаканая лірычная замалёўка “Папіроска” (ледзь не забітая бадзёрым музычным гонам) – магчыма, самы асабісты трэк альбома. Папіроскай раяць пачаставаць на вакзале бадзяжнага анархіста, “апошняга сведку недаробленых рэвалюцый”.
Вось гэта ўжо пра нас. Бо рэвалюцыі паміраюць не тады, калі імі не кіруюць. А наадварот – акурат калі імі пачынаюць чотка руліць. Рэальныя зрухі растуць знізу. У нашым выпадку іх фатальна не стае. Затое інжынераў нязгоды да халеры. Тых, хто лічыць, што нас пралічыў.
Яны мрояць у жывым эфіры свайго Радыё Шамбала. Ладзяць прома-туры сваіх мрояў. Здані мурзілак. Рухавікі ў адсутнасці рухаў.
Аднак хто сказаў, што Brutto – гэта рэвалюцыя? Легенда – гэта бізнес. Ці то лагодны, ці то змагарскі. Бізнес трэба карміць. Несупынна. Шматсерыйна. Таму патрэбная агучка прасторы. Неабходныя канцэрты і альбомы. Нават калі скончылася хатняя калекцыя выцінанак і пайшоў татальны рыплэй. З тваёй рэвалюцыяй, якой не было. З іх вайной, да якой не дайшоў.
Максім Жбанкоў для budzma.by