19 снежня ў мінскім праваслаўным саборы святых Пятра і Паўла на Нямізе каля сотні чалавек прыйшло развітацца з пісьменнікам і даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Леанідам Мараковым.
Шмат гадоў Леанід Маракоў змагаўся з цяжкай хваробай, адначасова з гэтым працуючы над новымі сваімі кнігамі, якія кожны раз уражвалі маштабнасцю задумы і выканання. Імпэту і энергіі смяротна хворага Маракова маглі б пазайздросціць многія гісторыкі. Усё ж 17 снежня сэрца выдатнага дзеяча беларускай культуры спынілася. Засталіся кнігі прозы, энцыклапедычныя даведнікі па рэпрэсаваных літаратарах, святарах каталіцкай і праваслаўнай царквы, настаўніках і медыках.
Апошні раз развітацца ў сабор Пятра і Паўла прыйшлі многія дзеячы беларускай культуры: празаікі Уладзімір Арлоў, Максім Клімковіч, Алесь Пашкевіч і Уладзімір Сцяпан, паэты Славамір Адамовіч, Леанід Галубовіч, Антон Рудак, Усевалад Сцебурака, паэткі Людміла Рублеўская і Аксана Данільчык, літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша і Міхась Тычына, палітыкі Зміцер Дашкевіч, Андрэй Дзмітрыеў, Павел Севярынец, Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў, фалькларыст Уладзімір Васілевіч, журналісты Аляксандр Тамковіч, Міхаіл Валодзін і Сяргей Ваганаў, мастак Алесь Мара, гісторык Ігар Кузняцоў і шмат хто яшчэ з ліку зусім незнаёмых людзей, якія моўчкі аддавалі апошняе шанаванне, прыносілі кветкі і проста некалькі хвілін моўчкі стаялі каля труны.
Пасля беларускамоўнага праваслаўнага адпявання, якое правёў айцец Юры Залоска, адбылася грамадзянская паніхіда.
Барыс Пятровіч: “Мы развітваемся з адданым сынам Беларусі, выдатным пісьменнікам, гісторыкам, энцыклапедыстам Леанідам Уладзіміравічам Мараковым. Ён пакідае нас вельмі рана, у самым росквіце. Так шмат у яго было творчых планаў, якім не суджана адбыцца. Яго энцыклапедычныя даведнікі па рэпрэсаванай беларускай інтэлігенцыі мусілі б рабіцца цэлымі навуковымі інстытутамі, аднак ён здзейсніў гэты подзвіг у адзіночку. Вельмі цікавымі былі і ягоныя вострасюжэтныя апавяданні, якія нас і пазнаёмілі ў 1990-я гады ў рэдакцыі “ЛіМа”. Варта згадаць і найвыдатнейшую яго працу пра галоўны праспект Мінска, дзе ад дома да дома можна прасачыць, як часта мяняліся гаспадары, выцягнутыя ўладай у турмы і лагеры. Таго, што ім зроблена, хопіць на многія пакаленні. Вечная памяць”.
Уладзімір Някляеў: “Усё вельмі слушна казаў старшыня нашага Саюза беларускіх пісьменнікаў пра добрыя кнігі Леаніда Маракова. Але я хацеў бы задумацца, якое прадвызначэнне меў Леанід. З якой мэтай падарыў нам яго Бог? Мне здаецца, прадвызначэннем Леаніда Маракова была барацьба са злом. Усе яго кнігі нагадваюць пра зло, якое чынілася тут. Ён хацеў, каб на зямлі, дзе ён нарадзіўся, панавала дабро”.
Мікола Статкевіч: “Калі ў нас яшчэ знойдзецца чалавек, які ахвяраваў бы вялікія грошы на тое, каб аднавіць памяць пра загінулых? А Маракоў рабіў менавіта гэта, ён купляў і купляў гэтыя дадзеныя, ён выбраў святы шлях, святую справу. Дзякуючы Леаніду імёны і лёсы дзясяткаў тысяч людзей зноў з намі, яны не сталіся лагерным пылам. Што застанецца пасля нас, калі зменіцца аблічча горада, знясуцца могілкі? Леанід Маракоў пакінуў па сабе помнік, які знесці немагчыма. Ён вярнуў нашчадкам імёны і лёсы дзядоў”.
Уладзімір Арлоў: “У маёй хатняй бібліятэцы кнігам чалавека, з якім мы сёння развітваемся, аддадзеная цэлая паліца. Іх шмат, але Бог паслаў яго нам, каб сказаць праўду пра жудасныя злачынствы, якія здзейсніла ў Беларусі камуністычная ўлада. Менавіта Леанід Маракоў зрабіў для нашай краіны тое, што для Расіі зрабіў Аляксандр Салжаніцын. Ён здзяйсняў свой подзвіг у краіне, якая не пакаялася за гэтыя злачынствы і дзе дагэтуль стаяць помнікі катам. Патрэбная была вялікая мужнасць, каб назваць імёны гэтых катаў, і Леанід прысвяціў ім цэлую кнігу”.
Пасля заканчэння грамадзянскай паніхіды труну з целам Леаніда Маракова накрылі бел-чырвона-белым сцягам. Развітанне працягнулася на Заходніх могілках Мінска, дзе і быў пахаваны Леанід Маракоў.
Сакратарыят ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” па дамове са сваякамі памерлага дамовіўся аб стварэнні Камісіі па захаванні спадчыны Леаніда Маракова. Усе зацікаўленыя ў супрацы і дапамозе Камісіі могуць звяртацца ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Ціхан Чарнякевіч
фота – Аляксандр Кісялёў