Клясыка беларускага нямога кіно вяртаецца на экраны. Цяпер у музычным суправаджэньні сучасных музыкантаў. 22 лістапада ў менскім клюбе Loft гурт Re1ikt агучыць стужку Ўладзімера Карша «У агні народжаная» (1929), адзіны беларускі даваенны фільм, зьняты ў стылістыцы авангарду. Пасьля прэм’еры яго назавуць першай сапраўднай перамогай беларускага кіно, а потым арыштуюць і растраляюць аўтара сцэнара Анатоля Вольнага. Музыканты гурта Re1ikt называюць гэтую стужку «фільмам жахаў».
«У агні народжаная»
Вытворчасьць Белдзяржкіно, чорна-белы, нямы, выхад на экран 3.III.1930 г., працягласьць 44 хв.
Рэжысэр Уладзімер Корш, сцэнар Анатоль Вольны, апэратар Давід Шлюглейт, мастак Макс Літвак. У галоўных ролях: Ганна Заржыцкая (жанчына зь мястэчка), Барыс Азараў (яе сын-бядняк), Мікалай Вітаўтаў (палкоўнік), Барыс Феадосьеў (Булак-Балаховіч), Ільля Пахітонаў (князь Сапега).
Гісторыка-рэвалюцыйная эпапея.
|
Стужка «У агні народжаная» — унікальная магчымасьць паглядзець вачамі савецкіх прапагандыстаў на падзеі 1919—1920 гадоў у беларускай гісторыі, калі вялося змаганьне за незалежнасьць краіны. Сярод дзейных асобаў — генэрал Булак-Балаховіч, «апошні нашчадак беларускіх князей» Сапега, а таксама чальцы ўраду БНР, сярод якіх можна пазнаць, напрыклад, Вацлава Ластоўскага. Гэта быў першы (і апошні) выпадак, калі ў савецкім кіно згадалі пра Беларускую Незалежную Рэспубліку. Натуральна, што вобразы «ворагаў пралетарскага ладу» пададзены ў сатырычнай форме. Напрыклад, прафэсары, інтэлігенты БНР увесь час красамоўнічаюць, а Булак-Балахович прамаўляе перад сялянамі нібы з-паднябесься — на высокай трыбуне са ступенькамі.
Рэжысэрам выступіў пачатковец у кіно — 29-гадовы Ўладзімер Корш (гэта прозьвішча дзеда, пад якім ён выступаў як артыст; пасьля ён будзе значыцца ў тытрах як Корш-Саблін). Потым ён здыме яшчэ дзясяткі фільмаў, і доўгі час будзе ачольваць кінастудыю «Беларусьфільм». Сцэнар для фільму напісаў адзін з самых папулярных беларускіх пісьменьнікаў тых часоў — Анатоль Вольны (Ажгірэй), які вельмі моцна «падцягнуў» стужку мэтафарычным пралогам і паэтычна-абагульняючымі надпісамі. Неўзабаве таленавіты творца будзе арыштаваны і ў 1937 годзе растраляны апяванай ім уладай.
Стужка была неадназначна прыняты грамадзкасьцю пасьля выхаду на экран. Камсамольцы фільм хвалілі, ім падавалася, што гэта кіно новага пакаленьня: «Ніякага „сюжэту“, ніякіх „герояў“ — тых абавязковых атрыбутаў, да якіх прывучала нас старое мастацтва… Ёсьць учора, сёньня і заўтра Беларусі, расказанае мовай ажыўшых рэчаў і дынамікай чалавечых мас. Гэта — мова новага мастацтва», — піша з захапленьнем «Чырвоная зьмена». А газэта «Рабочий» дык наогул назвала гэты фільм «першай вялікай сапраўднай перамогай Белдзяржкіно».
Фільм «У агні народжаная» зроблены да 10-годзьдзя ўтварэньня БССР, і канечне прасякнуты агітацыйнай ідэалёгіяй часу. Для кіназнаўцаў ён цікавы тым, што акумулюе мастацкія пошукі авангарднага кіно тых часоў. У ім дынамічны мантажны рытм, вострыя ракурсы, прыхільнасьць да буйных плянаў, выразныя дэталі, калярытныя масоўкі. Вельмі адчуваецца ўплыў Даўжэнкі ды і іншых культавых савецкіх рэжысэраў, аднак прафэсійнае ўменьне стваральнікаў не аспрэчыш.
Больш ні сам Корш, ні іншыя беларускія рэжысэры даваеннага кіно не вярталіся да стылістыкі авангарду. Не заахвочвалася. Наступныя фільмы мэтафарычнага напрамку зьявяцца ў беларускім кіно толькі ў 1960-я гады.
Арыгінальны саўндтрэк да фільму напісаў гурт Re1ikt, на які «У агні народжаная» зрабіла вельмі моцнае ўражаньне. Бадзёрую і аптымістычную як на тыя часы стужку сучасныя музыканты назвалі «фільмам жахам». Пачуць ужывую іх бачаньне клясыкі беларускага нямога кіно можна 22 лістапада. Мяркуецца, што сваё слова перад беларускай прэм’ерай фільму скажа аўтар і вядучы культавай тэлепраграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.
Фільм «У агні народжаная» агучвае гурт Re1ikt
Гурт, які пачаў сваё існаваньня ў 1999 годзе ў Сьветлагорску, што ў беларускім Палесьсі. Цяпер базуецца ў Менску. Грае ў стылях арт-рок, альтэрнатыўны рок, пост-рок, лічыцца піянэрам беларускамоўнага пост-мэталу. Мае тры студыйныя альбомы, а таксама два live-DVD. З акустычнай праграмай перамаглі на фэстывалі «Бардаўская восень — 2009» у Бельску-Падляскім. Удзельнікі «Басовішча» і Halfway Festival у Беластоку, Tautu Muge (Літва), BeFree (Украіна), «Наш Грюнвальд», Heavy Mass Medium (абодва — Беларусь) ды іншых. Цяперашні склад: Аляксандар Дземідзенка (бубны), Уладзімер Казлоў (вакал), Зьміцер Наркевіч (бас), Ільля Рабцаў (гітара), Віталь Макшун (гітара).
Старонка ў сеціве — www.re1ikt.com.
Re1ikt — «У агні народжаная». Беларуская прэм’ера.
22 лістапада (чацьвер). 20:30.
Loft Cafe (вул. П. Броўкі, 22)
Замовіць столік: +375 (29) 380 00 10
Сяргей Будкін (пры ўдзеле Алы Бабковай), Тузін Гітоў
Фота: Яўген Шапчыц