Лідары новай хвалі беларускага хіп-хопу з PANaNieba прадстаўляюць свой новы альбом. Праца атрымала назву «71», гэта дзве апошнія лічбы тэлефонага коду горада Вілейка, адкуль паходзяць заснавальнікі гурта. Дыск выходзіць 30 снежня, і такім чынам будзе апошнім рэлізам гэтага году ў беларускай музыцы.
Праект PANaNieba пачаў свой шлях у 2006 годзе. Усур’ёз пра сябе рэперы заявілі, калі выдалі першы студыйны альбом «На балоце», які атрымаў перамогу ў намінацыі «Дэбют году» на узнагародах Experty.by. А песня з гэтага дыску «Усё будзе добра» увайшла ў лік галоўных гітоў сэзону 2010-2011 на інтэрнэт-партале Tuzin.FM.
Cвой другі альбом «71» рэперы S’viedak і SP Kava лічаць пераходным. “Першапачаткова мы думалі зрабіць максі-сынгл, але песень у выніку назбіралася на цэлы дыск. З таго моманту, як мы запісалі «На балоце», мы шмат у чым змяніліся, шмат чаго змянілася наўкол нас. Таму тое, што мы збіраемся рабіць далей, будзе адрознівацца. І «71» – гэта першы крок да таго, што чакае нас у будучыні,”– кажа S’viedak.
Спачатку дыску хацелі даць назву «Ненумарны», але ў працэсе запісу апошніх трэкаў яго вырашылі «алічбаваць». Хлопцы назвалі яго «71», паводле двух апошніх лічбаў тэлефонага коду Вялейкі, і такім чынам звярнулі ўвагу на сваё паходжанне. “У Вілейцы я вырас, там зараз жывуць мае бацькі, да якіх я, на жаль, усё радзей прыязджаю, і гэта вельмі сумна. Тут у Мінску такая мітусня, часта прыходзіцца змяняць здымныя кватэры, я нават не памятаю адрэсу, дзе зараз жыву, а вось кватэру і нумар роднага дому ніколі не забуду, – кажа SP Kava. – Для нас 71 – гэта не проста лічбы з тэлефоннага коду, гэта сімвал. Калі мы працавалі над песнямі, я знаходзіўся ў Мінску, S’viedak у Маскве, а ў правінцыі ўсё па-іншаму. Мне здаецца, час там запавольваецца, і 7 доўгіх дзён падаюцца як 1 вялікі. Галоўная думка нашага альбому, што варта кожны з 7 дзён на тыдні пражываць, як 1 апошні”.
Акрамя ўласна заснавальнікаў PANaNieba, удзел у запісе альбому ўзялі рэпер Zeman і Тарас з гурта «Планета всех», у трэку «Буйкі» ў якасці запрошанай вакалісткі выступіла маладая і таленавітая спявачка Natalika з Гародні. Адзін з трэкаў «Трываю» быў запісаны пры ўдзеле лідара гурта Neuro Dubel Аляксандра Куллінковіча. Альбомная версія гэтай песні гучыць крыху інакш, чым выкладзеная раней у сеціва.
Рэліз «71» выдае лэйбл БМА-груп сумесна з кампаніяй «Вігма». Жывую прэзентацыу свайго альбому PANaNieba збіраецца зладзіць у студзені 2012 году.
Гурт у інтэрнэце – http://pananieba.org/
Дыск выдадзены пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”
фота – Аляксандр Ждановіч