Ева Гілевіч — рэпетытар па ангельскай і беларускай мовах цэнтра «100 балаў». Скончыла МДЛУ, валанцёр на курсах беларускай мовы «Мова Нанова».
Усе выказаныя ніжэй ідэі могуць падацца смешнымі і несур’ёзнымі, але вось у чым праўда: толькі дарослыя могуць з разумным выглядам цярпець, калі ім сумна. Дзеці і падлеткі — не. Цікавасць да беларускай літаратурыз’явіцца толькі тады, калі школьнікі ўбачаць, якая яна крутая на самай справе. «Кінуў гэтую справу яшчэ ў шостым класе — не магу чытаць адно і тое ж з году ў год», — вось так гучыць адказ шараговага сталічнагастаршакласніка на пытанне «Чаму бел. літ — гэта сумна?» Растлумачу, што пад «адным і тым жа» юныя пакутнікі маюць на ўвазе нязменную тэму ўсіх твораў школьнай праграмы — «каласы, мая радзіма і бедны беларускінарод».
Як жа, думаю я, а дзе беларускае фэнтэзі «Ладдзя Роспачы»? А дзе сапраўдная драма і абсалютны must read — «Аблава» Васіля Быкава? Бо гэтыя шэдэўры могуць па-сапраўднаму зацікавіць распешчанага стандартнайпраблематыкай твораў вучня! Не верачы скаргам гультаёў, знаходжу ў інтэрнэце праграму і пачынаю вывучаць. «Так, нічога асаблівага», — думаю я, праглядаючы спіс літаратуры да чытання ў 11-м класе. Даволі стандартнынабор. Але раптам сэрца на секунду замірае на прозвішчы Марціновіч — не можа быць! Адразу ўяўляю гарачыя абмеркаванні «Мовы» і «Сфагнуму» ў школьных кабінетах усёй Сінявокай, сустрэчы з аўтарам, асобнікі з аўтографам на паліцах школьнай бібліятэкі… І праўда, быць гэтага не можа — ініцыялы цёзкі не тыя, як і тэмы твораў.
Далей па спісе Барадулін. Ну, прадчуваю я, тут зацікавіць сённяшніх тынэйджараў прасцей за ўсё: пару твораў дзядзькі Рыгора з цыклу пра беларускі эрас — і цікавасць забяспечаная! Але не, Міністэрства адукацыі стабільнаеў сваім выбары тэматыкі. А значыць, школьнікі такія ж стабільныя ў сваёй абыякавасці да прадмета. Далей — цікавей. Раптам у спісе з’яўляецца нямецкі аўтар Генрых Бёль, тут я заблытваюся канчаткова. Які сэнс давацьзамежных аўтараў у курсе па беларускай літаратуры, хай і ў беларускім перакладзе?
На гэты конт тады лепш прыслухацца да ідэі стварэння такога прадмета, як «сусветная літаратура» — так, замест рускай. Тут у мяне паляцяць у найлепшым выпадку камяні. Але што дрэннага ў тым, каб пазнаёміць маладоепакаленне з самымі яркімі творамі пісьменнікаў і паэтаў сусветнага маштабу, у тым ліку і з Расіі? Навошта абмяжоўвацца вывучэннем літаратуры дзвюх краін, калі можна пазнаёміцца з усім светам? Бо на пытанне аб тым, хто такі Шэкспір і што ён напісаў, ужо сёння дакладна адкажа далёка не кожны школьнік — гэта магу пацвердзіць з асабістага вопыту выкладчыка.
Ну а завяршае маркотную карціну раздзел «Беларуская літаратура на сучасным этапе (з сярэдзіны 1980-х гг.)» — у ім рэкамендацыі да вывучэння творчасці Танка, Панчанкі, Зуёнка… Складваецца ўражанне, што тыя, хтоскладае вучэбную праграму, і тыя, хто яе праходзіць, жывуць трохі ў розных часавых рамках. Дакладней — стагоддзях. Хоць радуе наяўнасць Разанава і Глобуса, але і тыя — у велізарным спісе «на выбар выкладчыка».
Калі зазірнуць у праграмы для сярэдніх класаў, то і тут мы знойдзем мала падставаў для аптымізму. Напрыклад, у падручніку беларускай літаратуры для 6-га класа няма ніводнага верша Я. Купалы. Замест прыгажосці «Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» дзеці павінныя прачытаць напісаную прозай казку з не самым запамінальным зместам. Не самы ўдалы, на маю думку, твор паэта. На жаль, зноў пры падборы літаратуры на чале не прынцып «зацікавіць і матываваць», а прынцып хаатычнага выбару твораў аўтараў проста толькі для таго, каб напоўніць праграму. Але ж менавіта ў гэтым узросце ў дзяцей пачынае зараджацца ўсвядомленаестаўленне да літаратуры як да нацыянальнай каштоўнасці!
Працягваючы тэму выбару: прыходзіць думка пра адвядзенне большага часу і больш дэталёвае вывучэнне меншай колькасці аўтараў і твораў, але больш якасна. Бо акрамя таго, што тэматыка выбраных твораў сумная, іхаб’ём наўпрост адпраўляе школьнікаў па кароткі змест — каб хутчэй адкараскацца. Так, напрыклад, па праграме ў 9-м класе на ўвесь космас Максіма Багдановіча адводзіцца 4 гадзіны. І як рэдкая птушка даплыве да сярэдзіны Дняпра, так рэдкі шкаляр успомніць і дакладна ўзновіць хоць адзін верш, сюжэт аповесці або лінію біяграфіі каго-небудзь з роднай класікі. Затое ўспаміны пра кіламетровыя спісы «нейкіх там, якія напісалі пра нешта там» будуць адзінай інфармацыяй, засвоенай выпускнікамі на ўсё жыццё. Дык, можа быць, варта не бегчы галопам па практычна ўсіх галовах беларускіх пісьменнікаў? Ці не варта выбраць, зноў жа, катэгорыю must read і вывучыць так, каб, калі суседзі з іншых краін просяць працытаваць што-небудзь беларускае, нашы дзеці, ды і мы самі, не закочвалі вочы і не зацягвалі ў n-ны раз «Купалінку» і «Мой родны кут»?
Адказ на пытанне, куды ж падзець усіх астатніх добрых, але не такіх геніяльных працаўнікоў пяра, просты — і ён на днях прагучаў з вуснаў новага міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова аб профільных 10 і 11 класах. Менавіта для філалагічнага профілю дарэчным будзе пакінуць неабсяжныя абшары беларускай літаратурнай Атлантыды.
А што да формы падачы матэрыялу, то самі школьнікі прапануюць часцей хадзіць на спектаклі, пастаўленыя па творах са школьнай праграмы. Не лішнімі будуць таксама візіты ў літаратурныя музеі і на канцэрты артыстаў,якія пішуць песні на вершы класікаў. Прагляд фільмаў-экранізацый — яшчэ адна падказка, як зрабіць так, каб усім было цікава, і выкладчыку ў тым ліку. Як ні дзіўна, старшакласнікі таксама прапануюць ладзіць сустрэчы з сучаснымі маладымі літаратарамі і літаратурныя віктарыны. Гэта дапаможа нарэшце здзьмуць пласт пылу і стэрэатыпаў з падручніка па беларускай літаратуры. Бо літаратура жыве сярод нас — у тэатры, кіно, маладыхпаэтах, настаўніках, музеях, ва ўсёй разнастайнасці тэм і ідэй, якія ў прынцыпе існуюць на зямлі. Ну а праз цікавасць да твораў і аўтараў палепшыцца і сітуацыя з беларускай мовай — яна таксама для прагматычнагапакалення стане цікавай, а значыць — жывой.