19 ліпеня непадалёк ад Мінска пад сонечным небам у цэнтры экалагічнага турызму “Станькава” другі раз прайшоў міжнародны рэтрамотафестываль “Кола Часу — 2014”. На ім арганізатары планавалі сабраць уладальнікаў, калекцыянераў і рэстаўратараў матацыклаў з 9 краін Еўропы пачынаючы з 1920-х і па 1984 год выпуску.
Ужо не ўпершыню ўдзельнікі фестывалю спаборнічалі ў даволі немудрагелістых эстафетах, а таксама ўдзельнічалі ў рэтрамотаралі пад назвай “Сябры”, якое, як і эстафета, не было разлічанае на тое, каб гвалтаваць пажылых “жалезных коней”, а хутчэй паказаць іх ва ўсёй красе гледачам, а ўдзельнікам спаборніцтваў прынесці задавальненне ад павольнага падарожжа па маляўнічым загарадным маршруце ў яркі сонечны дзень. Рэтрамотафестываль “Кола часу” не буйнамаштабны, таму велізарнай колькасці наведвальнікаў на ім убачыць нельга. Яшчэ было крыху шкада бачыць, што толькі некалькі гледачоў успрыняло ўсур’ёз заклік арганізатараў падтрымаць фестываль, прыйшоўшы на яго апранутымі ў стылі рэтра. На фестывалі пабываў і музейны аўтамабіль FORD model T 1924 года выпуску.
Аляксей Сталяроў