У нядзелю, 14 кастрычніка, у магілёўскім клубе «CUBA» адбыўся дабрачынны рок-канцэрт, усе сродкі ад якога былі перададзеныя адміністрацыі Музея гісторыі Магілёва для выкупу кнігі Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі». Уласна, музей і выступіў арганізатарам мерапрыемства, у якім узялі ўдзел 9 гуртоў з Магілёва, Гомеля і Мінска. На сцэну ў гэты вечар падымаліся Oblik-O-Morale, “Знутры”, NIMATA, OSIMIRA, Confuzzled, Green Pills, Re1ikt, NEVMA і Паліна Рэспубліка.
Адсутнасць у арганізатараў досведу ў правядзенні мерапрыемстваў такога ўзроўню і характару адразу кідалася ў вочы. Ужо адно тое, што для невялікага аднадзённага фестывалю было заяўлена дзевяць гуртоў, стала першай і самай вялікай памылкай. Публіка, якой, на жаль, было не вельмі шмат, змагла вытрымаць толькі пяць першых, пасля чаго пачала паступова радзець. Акрамя таго, усе гурты перад выступам настройвалі інструменты, на што таксама сышло нямала часу. У выніку хэдлайнераў фестывалю — гурта NEVMA — дачакаліся толькі самыя стойкія прыхільнікі.
У астатнім жа мерапрыемства прайшло на добрым узроўні. Многія выступоўцы парадавалі. Гурт OSIMIRA нават без фронтмэна Андрэя Палаўчэні і наогул без вакаліста змог так завесці залу, што ўтаймаваць натоўп ледзь змагла Паліна Рэспубліка са сваёй спакойнай акустычнай праграмай.
Паліна ў гэты вечар была адной з самых яркіх постацяў на сцэне магілёўскага клуба. Увесь яе выступ суправаджаўся авацыямі, а пасля госцю з Мінска доўга не хацелі адпускаць, выклікаючы на біс.
Ярка і, як заўсёды, на ўзроўні выступіў і гурт NEVMA. На жаль, магілёўцы закрывалі мерапрыемства, таму публікі ў зале да іх выхаду ладна паменшылася.
У цэлым тое, што ў Магілёве праходзяць такія цікавыя і, галоўнае, дабрачынныя мерапрыемствы, — ужо вельмі і вельмі добра. Акрамя таго, што сродкі ідуць на правільныя патрэбы, у многіх гуртоў з’яўляецца магчымасць выступіць на адной сцэне з вядомымі музыкамі. Вось толькі над арганізацыяй такіх мерапрыемстваў трэба шмат працаваць: усё ж рок-канцэрт у начным клубе — гэта не вечар самадзейнасці ў якім-небудзь ДК.
Мяркуючы па колькасці тых, хто прыйшоў на мерапрыемства, сабраць неабходную для выкупу кнігі суму не ўдалося. Аднак яркі пачатак збору сродкаў пакладзены, і гэта ўжо добра.
Марыя Гілёва