Адбылася прэм’ера канцэртнага фільма «Live In Minsk», зьнятага падчас выступу амэрыканскага гітарыста Рона Тала.
Рон прыязджаў у Менск у красавіку гэтага году. Ён даў аўтограф-сэсію, паўдзельнічаў у сэмінары, сустрэўся з навучэнцамі музычнай вучэльні імя Глінкі ды даў канцэрт у клюбе «Каёт» разам з беларускімі музыкамі. У якасьці вакалістаў выступілі Вольга Сацюк, вядомая з удзелу ў дзіцячай «Эўравізіі-2003», ды вакаліст групы The Road Dogs Сяргей Скляраў. Разам з славутым гітарыстам выступалі Сьвятаслаў Чарнуха(бубны), Валер Башкоў (бас), а таксама гітарысты Сяргей Трухановіч, Павал Трыпуць, Аляксандр Кіс, Віктар Навумік, Юрый Віленчык, Міхаіл Філіпеня. Разам выконвалі творы з рэпертуару Guns’n’Roses ды сусьветныя гіты.
«Мае продкі прыехалі ў Амэрыку зь Літвы, так што ў пэўным сэнсе я вярнуўся дамоў. Ежа у вас нагадала мае паездкі да бабулі на Брайтан-Біч, калі я быў зусім маленькім! Выступ мне спадабаўся, асабліва ўзаемаабмен сола зь беларускімі музыкамі падчас джэму. Гэта было выдатна!», – згадвае пра свае паездку музыка.
Канцэртнік «Live In Minsk» выдадзены з асабістага дазволу гітарыста Guns N’Roses. Ініцыятар выданьня Сьвятаслаў Чарнуха спадзяецца, што з дапамогай гэтага відэа беларускія музыкі больш эфектыўна змогуць пераняць досьвед прафэсіяўналаў сусьветнага ўзроўню. Cьвятаслаў цяпер займаецца прыездам яшчэ адной зоркі глябальнага маштабу – французскага гітарыста Крыстофа Годзіна. Яго майстар-кляс заплянаваны на 19 кастрычніка ў клюбе TNT.