Сапраўдная вясна нарэшце прыйшла і ў Магілёў, і 1 траўня яе прыход адзначылі адкрыццём сезона па роўпджампінгу. Даслоўна RopeJumping перакладаецца як скачкі з вяроўкай, так што няцяжка здагадацца, чым займаюцца роўпджамперы. Сэнс гэтага спорту складаецца ў скачку з любога высокага аб’екта на альпінісцкай вяроўцы. Магілёўцы аддаюць перавагу скачкам з мастоў — у прыватнасці, з моста праз Днепр непадалёк ад горада. Менавіта там і адкрыла сезон-2012 каманда магілёўскіх джампераў «Sky Cats».
На адкрыцці сезона акрамя ветэранаў роўпджампінгу і арганізатараў сабралася нямала пачаткоўцаў, якія ўпершыню выпрабавалі на сабе ўсю красу гэтага экстрэмальнага спорту. Вышыня моста, з якога здзяйсняюць скачкі аматары паказытаць сабе нервы, крыху большая за 18 метраў, і знаходзіцца ён за некалькі кіламетраў ад горада ў віцебскім напрамку. Адрэналіну дадаюць і арганізатары, якія любяць пажартаваць — напрыклад, крыкнуць чалавеку, які толькі што адштурхнуўся ад моста, што ў яго не так зашпілены карабін.
Роўпджампінгам у Беларусі займаецца не так шмат людзей — усяго каля 15-20 каманд, гэта значыць, крыху больш за 100 прафесійных скакуноў. Магілёўцы сярод гэтых каманд — адны з самых прафесійных. Як адзначаюць арганізатары, іх страхоўка і абсталяванне найбольш бяспечныя для скачкоў.
Сезон, які адкрыўся 1 мая, працягнецца да самай зімы, а скачкі будуць праходзіць раз на два тыдні. Скокнуць з моста зможа любы ахвотны. Патрабаванні да джампера простыя: адсутнасць у крыві алкаголю і наяўнасць пашпарта. З непаўналетніх таксама патрабуюць распіску ад бацькоў.
Марыя Гілёва