Містык-фэст «Хэлаўін у замку» сёлета адбываецца ўжо пяты раз у клубе Рытэрбург, што схаваны ў пустэльнай цемры Астрашыцкага гарадка. Фэст збірае прыхільнікаў коміксаў, касплэераў, аматараў ролевых гульняў і рэканструктараў. Таму на некалькіх паверхах клуба пад фольк-рок і пэйган-метал разам п’юць піва Папа Рымскі і Дарт Вейдэр, Капітан Амерыка і шараговыя вампіры ды зомбі. Мы пазнаёміліся з самымі цікавымі персанажамі вечарынкі.
Чалавек справа прадставіўся Залатым рэжысёрам, гэта ягонае сцэнічнае імя, на вечарынцы ён у якасці ілюзіяніста: “Левітацыя, магія”, — удакладніў ён сваю спецыялізацыю. “Мне падабаецца паўтараць вобразы персанажаў, якія мне блізкія, пасля фільма захацелася пабыць гэтай дзяўчынай”, — кажа Малефісэнта Аня.
“Усе гэтыя пераўвасабленні — спосаб не адчуваць сябе старым і пляваць на ўсіх, хто скажа, што гэта дзяцінства”, — прабубніў у проразь кат Жэня. Вызначыць ягоны ўзрост хоць прыкладна сапраўды не ўдалося.
Герой коміксаў Капітан Амерыка, у жыцці Аляксей, прыехаў з сябрам на фэст з Віцебска. “Была ідэя прыйсці ў касцюме імперскага штурмавіка, але ў ім нязручна піць”, — патлумачыў ён свой выбар.
Дзмітрый абраў вобраз дэмана ва ўбранні Святога Трону, атрымалася эфектна.
Сяргей і Ганна ў крывавых строях. Каб зрабіць такі прыгожы ружовы мозг, Сяргей нанёс звычайны акрылавы герметык на кепку.
Макс і Антон (па краях) хацелі спачатку зрабіць касцюмы ў стылістыцы гульні Borderlands, але ў выніку “атрымаўся агульны постапак”.
Аляксандра, аматарка касплэю.
На сёлетнім фэсце дамінавала мілітарысцкая і антымілітарысцкая тэматыка. Аляксандр (другі злева) прыйшоў у касцюме забітага салдата: “Я сімвалізую, што вайна — гэта жудасна. Лічу, што чалавецтва ўжо даўным-даўно мусіць эвалюцыянаваць над вайной, вайна — гэта надта нізкае, надта жывёльнае”, — зазначыў ён. На фота таксама Яўген з горада Дзятлава ў касцюме Шалёнага Капялюшніка з “Алісы” і парачка зомбі — Юлія і Аляксандр.
“Я вельмі люблю сваю прафесію патолагаанатама, пра яе мала ведаюць, людзі ў нас працуюць звычайна ціхія. Вось я і вырашыў паказаць, што мы цвёрда робім сваю справу. Ёсць санітары лесу, мы ж — санітары горада”, — кажа патолагаанатам Кастусь, які пасля аказваецца інжынерам-радыёфізікам. Побач з ім — Георгій, які прыйшоў у касцюме для страйкбола, бо не было чаго надзець.
Аголены Цімур назваўся заўсёднікам фэсту: “Лічу, што гэта самая маштабная і грандыёзная касцюмаваная вечарынка ў Беларусі, тут збіраецца шмат гуртоў на любы густ”. Натуральны і адкрыты касцюм — гэта вобраз Конана Варвара, бо Арнольд Шварцэнэгер — кумір Цімура. Побач з ім Света, атрутны плюшч і вораг Бэтмена — Памэла Айслі.
Яўген абраў трохі нетыповы для Хэлаўіна вобраз дворніка, які, па яго словах, прыйшоў спантанна.
Георгій, у адрозненне ад папярэдняга чалавека, вусы мае сапраўдныя. “Я проста тут п’ю, я проста байкер”, — дадаў ён. Побач з ім падміргвае трэцім вокам Аня.
“Дарт — маё імя, Вейдэр — прозвішча, — чуецца глухі адказ на пытанне, як завуць чалавека і чаму ён сёння так выглядае, — На жаль, пасля таго як мне апалілі ногі і рукі, я вымушаны хадзіць у гэтым вобразе”.
На парадзе мёртвых нявестаў сустракаюцца і жывыя. Крысціна і Дзяніс расказалі, што пажаніліся тыдзень таму, на Хэлаўін прыйшлі ў сапраўдных вясельных строях.
Чумны доктар Сяргей (на фота злева ці справа) кажа нешта пра Эболу і Апакаліпсіс.
Брутальныя сябры з “Заваднога апельсіна” Алеся, Юра і Паша расказалі, што прыходзяць на вечарынку ў такім складзе і такім выглядзе ўжо які год запар. Любяць фільм Кубрыка, а вось Бёрджэса пакуль не чыталі.
Піраты Алег і Анастасія надзелі першае, што знайшлі ў шафе. Алег ні разу не прапускаў “Хэлаўін у замку” за ўсе пяць гадоў існавання фэсту.
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай