Ён піша вершы для таго, каб яна натхнілася і намалявала новую карціну. У глыбіні фарбаў якой ён патоне, уваскрэсне і сыграе сваю ролю на сцэне так, як ніколі дагэтуль. Яна, узрушаная ягонай гульнёй, напіша песню. Ён, пачуўшы яе новы хіт, “вылье” яго ў вялікае атмасфернае эсэ. Усё ўзаемазвязана. І нават больш. І ўвогуле — куды мы адзін без аднаго. “Інь”- і “Ян”- версіі кахання ў Дзень Валянціна спецыяльна для Budzma.org.
Леанід Дранько-Майсюк, паэт:
Калі табе 25 гадоў, каханне — гэта бясконцая рамантыка. А ў мае 55 гадоў — гэта рамантыка са знакам рэалізму, мастацтва цярплівасці. І калі ты авалодаў гэтым мастацтвам — ты шчаслівы чалавек. Калі я ў якім-небудзь фільме ці ў тэатральнай сцэне чую фразы кшталту “Мы расстаемся, бо не сышліся характарамі”, мне робіцца смешна. Гэтыя людзі проста не авалодалі мастацтвам цярплівасці. І яшчэ хачу сказаць такую рэч — не бывае кахання за межамі сям’і. Па-за сям’ёй можа быць усё, што заўгодна — пошукі натхнення, раманы. Але не каханне.
Самы рамантычны ўчынак у гісторыі майго кахання здзейсніла мая жонка. Гэта быў 79-ты год. Снежань. На нашае другое спатканне Вольга прынесла набор з дзесяці пірожных, якія купіла ў буфеце “Астанкіна” па 15 капеек за штуку. Калі я гэта ўбачыў гэтыя пірожныя, у мяне ад нечаканасці галава закружылася.
Сяргей Пукст, музыкант:
Ну, мне ўжо далёка за 18, а таму я ў сваім стаўленні да гэтага свята, вядома, ужо астыў і бачу ў ім сёння больш падстаў для кансумацыі абдуранага насельніцтва, чым нешта па-сапраўднаму важнае. Трэба сказаць, што свята гэтае з’явілася ў нас дзякуючы асабліва заўзятым настаўніцам англійскай мовы ў канцы 80-х і на пачатку 90-х у рамках пагружэння ў культуру краіны, мову якой яны выкладаюць. Калі мы, будучы студэнтамі мастацкага вучылішча, дарылі нясмелыя (і, трэба сказаць, шчырыя) самаробныя пасланні, ніхто і ўявіць сабе не мог, што гэтае свята выльецца ў такі каласальны паштовачны вэрхал. Я шчыра рады, што буду ў гэты дзень выступаць з зусім іншай нагоды, а менавіта чытаць даклад аб сучаснай музыцы ў галерэі “Ў”. Я выдатна разумею, што свята кожны ладзіць сабе сам і што не варта звяртаць увагу на спажывецкі ажыятаж. Але гэта ж пытанне патаемнасці, нейкай урэшце інтымнасці. Пра каханне, калі яно сапраўднае, не хочацца гаварыць з усімі. І дакладна не ў гэты дзень.
Валерый Вядрэнка, фатограф:
Каханне — гэта страх. Спачатку — страх, што ў цябе яго не будзе, потым — страх, што ты яго страціш. І гэты жыватворны жах — самы надзейны цэмент жыцця. Жадаю ўсім прайсці праз яго хаця б аднойчы.
Зміцер Скачкоў, акцёр пластычнага тэатра:
Святы — увогуле добрая справа. Яны “выбіваюць” цябе з шэрых будняў. А свята закаханых добрае ўдвая. Пазітыўнае такое — прынамсі, лепш, чым, напрыклад, Дзень Канстытуцыі. Пра нейкія вар’яцтвы дзеля кахання мне казаць складана. Таму што яны, гэтыя вар’яцтвы і нечаканасці, павінныя здарацца спантанна, а не быць прымеркаванымі да пэўнай даты. Вось, напрыклад, прысыпаў сняжок асфальт, я сваёй жонцы Насці пад вокнамі сэрца вытаптаў — проста так, захацелася мне.
Каханне для мяне — гэта вялікая сумесная праца двух людзей адзін над адным. Каханне памнажае цябе. Дзякуючы каханню ты жывеш не толькі дзеля сябе, з’яўляецца сэнс у тваім жыцці — вялікі і важны сэнс.
Павал Свярдлоў, журналіст:
Ніколі не паважаў Дзень Святога Валянціна. Ты кожны дзень кажаш, што кахаеш, таму што кахаеш, а 14 лютага мусіш сказаць, бо сёння 14 лютага. Як бы такі штурхель у спіну: дары, кажы, выслухвай у адказ! А забудзешся — скандал!
На бязглуздыя ўчынкі я няздольны ў прынцыпе. Ні дзеля кахання, ні дзеля чаго-небудзь іншага. У мяне галава так працуе: сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Але я не заўжды такім быў. Памятаю, адзін раз пасля заняткаў схаваўся ў класе, а пасля доўга выскрабаў прызнанне на парце аднакласніцы. Праўда, нічым добрым гэта не скончылася: давялося яшчэ раз застацца пасля заняткаў:)
Кася Кірпацік, фота – Зарына Кандрацьева