Шырокі рэзананс, выкліканы ў апошнія месяцы г.зв. “георгіеўскай” стужкай, прымусіў паглядзець на перадгісторыю з’яўлення ў яе такой назвы.
У часы Вялікай Айчыннай вайны жоўта-чорная стужка, як вядома, пачала выкарыстоўвацца на ўзнагародах даволі позна — у 1943 г. з Ордэна Славы — і называлася “гвардзейскай”. Яе параўнанне з “георгіеўскім” аналагам з царскай Расіі ў сталінскія часы магло нарадзіць падазрэнні ў здрадзе Радзіме, бо Ордэн Св. Георгія ўручалі антыгероі савецкай ідэалогіі, лідары “белага руху” Калчак і Мілер падчас расійскай грамадзянскай вайны 1918—1920 гг. Да ўсяго, ганарыліся ўзнагародамі з георгіеўскай стужкай г.зв. “уласаўцы” — сябры Рускага корпуса, якія ваявалі на баку нямецкіх фашыстаў.
Відавочна, што ў савецкія часы пошук сувязі паміж гвардзейскай і георгіеўскай стужкай быў немагчымым і забароненым. Ужо пасля развалу Савецкага Саюза расійскія ўлады вырашылі скрыжаваць дзве традыцыі — царскай, імперскай Расіі і камуністычнага Савецкага Саюза. Такім чынам, мы маем магчымасць назіраць, як у Расіі стараюцца прымірыць і спалучыць каштоўнасці дзвюх варожых эпох, карыстаючыся няведаннем людзьмі сваёй гісторыі, сімвала імперыі і сімвала перамогі ў ВАВ. Кожная нацыя мае сваіх герояў, стварае свае сімвалы на глебе ўласнай гісторыі і традыцыі. Беларусь не па сваёй волі была часткай Расійскай імперыі, таму гэтая эмблема беларусам чужая.
Варта нагадаць, што культ Св. Георгія, абаронцы ваяроў і земляробаў, — супольная спадчына для ўсяго хрысціянскага свету. Крыж Св. Георгія можна заўважыць на дзяржаўных сцягах Англіі, Грузіі, сцягу італьянскага Мілана. Калісьці ён служыў эмблемай крыжацкага ордэна мечаносцаў.
У геральдычнай і вексілалагічнай традыцыі замацавалася ўвасабленне крыжа ў двух колерах — чырвоным і белым. Гэта як найлепей пасуе беларускім нацыянальным колерам. Ці не варта задумацца пра годную альтэрнатыву ідэалагічнаму напору з боку Расіі і прапанаваць сваю ўласную “георгіеўскую стужку”, абапертую на гістарычную традыцыю, хрысціянскія каштоўнасці і нацыянальную сімволіку? Дарэчы, Св. Юрый (Георгій) вельмі шанаваўся беларускім народам у ранейшыя часы, пра што захавалася безліч фальклорных і візуальных сведчанняў.
Выбар жоўтага і чорнага колераў пад расійскі Ордэн Св. Георгія быў абсалютна спантанным, не прывязаным да агульнаеўрапейскай традыцыі. Паводле адной з версій, у іх мы бачым агонь і порах — адвечных спадарожнікаў вайны. Але больш праўдзівым выглядае тое, што Кацярына ІІ проста ўзяла ў канцы XVIII ст. за ўзор колеры імператарскага сцяга — залатога двухгаловага арла на чорным фоне.
Таму сённяшняя георгіеўская стужка так ці інакш ідзе ў разрэз з культам Св. Георгія. І гэта выклікае непаразуменне. Нашто карыстацца чужымі сімваламі з супярэчлівай гісторыяй, калі можна дастаць з шуфляды цудоўны каларытны вобраз сапраўднага Св. Георгія-Пераможцы і яго сімволіку і такім чынам ушаноўваць памяць палеглых на полі бою? Гэта можа быць стужка, можа быць іншы прадмет, але з абавязковым выкарыстаннем не проста белага і чырвонага колераў, але і элементаў крыжа Св. Георгія. Тым самым беларусы змогуць злучыць у непарыўную лінію старажытныя традыцыі ўшанавання Св. Юрыя (Георгія) і аддаваць даніну памяці ўсім тым, хто застаўся на полі бітвы з думкай аб Бацькаўшчыне, нашай Беларусі, застаючыся нейтральнымі да ідэалагічных пасылаў суседзяў, у якіх, як ні круці, уласная гісторыя, якую навязваць нам не трэба.
Андрэй Янушкевіч