Шалкевічам пахрышчаныя, украінцамі і палякамі аблашчаныя, саксафаністамі пакінутая ды электронікай напічканая… З нагоды 15-годьдзя берасьцейскае «Сьцяны» Tuzin.fm зазірае ў гісторыю гурта, які стварыў узор беларускай альтэрнатыўнай музыкі новага стагодзьдзя.
«Сьцяна» рэальна трымаецца на трох кітах, якімі зьяўляюцца: Андрэй Клімус – бас-гітарыст, бэк-вакаліст, аўтар песень; Павал Прохараў – вакаліст і гітарыст; Аляксей Кузьняцоў – бубнач. Менавіта апошняму 15 год назад прыйшла ідэя стварыць уласны гурт. «Сьцяну» добра прымаюць ва ўкраінскіх і польскіх гарадах, не кажучы ўжо пра роднае Берасьце ды Менск. Зрэшты, у беларускай сталіцы музыкі выступаюць вельмі рэдка. Так што кожны іх прыезд – сапраўдная падзея для прыхільнікаў беларускай альтэрнатывы. Больш дакладна стылістыку каманды і не акрэсьліш, з увагаю на тое, што зьмены ў складзе цягам гэтых год адбіваліся і на іх музыцы. Але шчырасьць, драйв і пазытыў – гэта тое, што было ў «Сьцяны» заўжды.
Мы разьбіраем фотаархівы гурта разам з Андрэем Клімусам, Паўлам Прохаравым, Аляксеем Кузьняцовым іВалерыем Сакаловым ды згадваем цікавыя падзеі з гісторыі калектыву.
1999 год – так усё распачыналася
«Самы пачатак… Гараж, лета, рок-н-рол. Нам тут па 15 год, а Аляксею і тых няма. Тады яшчэ ніхто ня ведаў, наколькі далёка гэта ўсё зойдзе», – кажа з гумарам Андрэй.
У музычную школу хлопцы з будучай «Сьцяны» не хадзілі, але наведвалі музычны гурток у мясцовым Доме піянэраў.
Павал дадае: «Дазволіць тады сабе якасныя інструмэнты мы не маглі, гітары нашыя самыя танныя. А мая гітара, якой я нібы душу на здымку Аляксея ўвогуле была нейкім незразумелым прадуктам яшчэ савецкай вытворчасьці».
Scianа на сваім першым фэсьце
У 2000-м музыкі прымалі ўдзел у першым і, відаць, апошнім фэсьце «Рок-Крок», які праходзіў у Кобрыне.
«Мы выйгралі яго. Адбывалася ўсё ў савецкім ДК, аднак атмасфера была выдатнай. На сцэне – былая вакалістка Яўгенія. Яна працавала з намі ў пачатку, але потым вырашыла нешта зьмяніць і пакінула Берасьце», – згадвае Аляксей Кузьняцоў.
Амаль з самага пачатку дзейнасьці ў склад гурта ўваходзіла дзяўчына – Яўгенія Хіло. Праз некалькі год яна зьмяніла пакінула Берасьце і творчыя стасункі зь ёй абарваліся. У 2000-х да асноўнага складу далучыліся саксафаністы: Ільля Дзьмуха і Алесь Мікалайчык. Апошні пакінуў гурт даволі хутка: пачаў шукаць нешта новае ў сваім музычным кірунку, але музыкі пасьпелі паўдзельніцаць у запісе дэб’ютнага альбому «Рыфмы лёсаў», які ўбачыў сьвет у 2002 годзе.
2001 год. Удзельнікі гурта Scianа разам з «хросным бацькам».
Разглядаючы наступны фотаздымак, музыкі амаль у адзін голас кажуць: «Гэта мы разам зь Віктарам Шалкевічам у гатэлі, падчас нашага першага выезду за мяжу ў польскім Бельску-Падляскім. Мы былі яшчэ непаўнагадовымі і ўдзельнічалі ў канцэрце ў межах штогадовай дабрачыннай акцыі Wielka Orkiestra Swiatecznej Pomocy».
У той час Шалкевіч займаўся адборам беларускіх гуртоў на гэты канцэрт і берасьцейцы чымсьці яго зачапілі. Хоць, як ён прызнаўся пазьней, паслухаў толькі адну песьню з дасланай касэты. Тым ня менш, выступ адбыўся. «Шалкевіч тады адчуваў пэўную адказнасць за нас. Калі мы захацелі ноччу схадзіць у краму, адных нас не адпусьціў – пайшлі разам, Сапраўды, як хросны бацька», – кажа Андрэй Клімус. А Павал прызнаецца, што з таго часу бацькі юных музыкаў пачалі разумець: «дзеці сапраўды займаюцца музыкай, а ня проста марнуюць час на рэпэтыцыях».
2002 год – першы выступ на «Басах»
Ня зь першага разу музыкам удалося скарыць «Басовішча» – буйнешы на той момант беларускі рок-фэст. У 2003 іх выступ у Борэку зрабіў фурор. І з 2004 па 2009 год фэст сустракаў музыкаў у якасьці гасьцей-удзельнікаў.
Эпізод на здымку пракамэнтаваў Андрэй: «Мы граем на нашым першым «Басовішчы». Раней, каб паехаць на фэст, трэба было прайсьці адборачны тур. Здаецца, на ім сябры жюры праслухоўвалі запісы гуртоў, а потым выбіралі вартых і ладзіўся нейкі выступ-прагляд. Мы прайшлі адбор, але ў тым годзе на «Басах» нічога ня выйгралі. А ў 2003 мы былі ў сьпісе ляўрэатаў, атрымаўшы прыз ад Радыё «Палёнія». Неверагодная, проста шыкоўная атмасфэра панавала ў тыя часы на «Басовішчы».
2003 год. Саксафаністы праігнаравалі фотасэт
Гэты прыгожы фотаздымак зроблены ў Берасьці, падчас невялічкага шпацыру-фатасэту. Плянавалася, што ў ім музыкі паўдзельнічаюць усе разам, але два саксафаністы ў той дзень так і не прыйшлі фоткацца.
2004 год. Scianа на «Басовічшы» у якасьці гэдлайнэраў
Вельмі падабаецца музыкам наступны здымак, зноўку працягваем тэму «Басовішча».
«Ужо на гэтых «Басах» мы гралі як госьці-пераможцы мінулага года. То былі «залатыя часы» фэстывалю. І людзей прыязджала шмат, і была яскравая канцэпцыя – падтрымка беларускамоўных выканаўцаў. На мой погляд, гэта зьяўлялаля фішкай фэстывалю. Менавіта гэта вылучала яго з мноства іншых польскіх фэстаў і штогод прымушала аматараў беларускага рока зьязджацца ў маленькі Гродэк», – распавядае Андрэй Клімус.
2005 год. Удзельнікі канцэрту ў Катовіцэ, гурты: Sciana, «Тарпач», украінскі «Фліт» і польская рэгі-каманда Siddharta
У гэтым годзе музыкі атрымалі запрашэньне паўдзельнічаць у здымках дакумэнтальнага фільма «Музычныя партызаны». Ідэя належыць польскаму рэжысэру Міраславу Дэмбіньскаму.
Вакаліст гурта тлумачыць: «Мы паехалі ў канцэртную трасу па польскіх гарадах. Потым адыгралі некалькі канцэртаў у Беларусі. За намі паўсюль хадзілі апэратары, а мы былі ў сваёй звычайнай ролі – музыкаў. Што з гэтага атрымалася бачна ў фільме, які можна знайсьці ў сеціве».
Падчас гэтай працы музыкі атрымалі цікавы творчы вопыт, станоўчыя эмоцыі і новыя знаёмства. Ні пра які ганарар размова нават не вялася.
«Грошай мы не зарабілі, нам было цікава! Усе працавалі за ідэю, ды і працай гэта, можна назваць, хіба што, толькі ўмоўна. Нам аплочвалі пераезды, прыжіваньне, і харчаваньне – гэтага было дастаткова»,– далучаецца да размовы Аляксей.
2006 год. Пад польскім блакітным небам.
У гэты год музыкі прымалі ўдзел у «Рок-каранацыі», намінаваліся як лепшы рэгіянальны гурт. Карону так і ня выйгралі, але ўдзел запомніўся наступным эпізодам, які ўзгадаў Андрэй Клімус: «Ёсць у мяне традыцыя – зьбіраць бэйджы з імпрэз. Яны заўсёды пасьля розных фэстаў, канцэртаў застаюцца ў музыкаў. На той час у мяне ўжо была немалая калекцыя. На «Рок-каранацыі» таксама давалі бэйджы музыкам, але пасьля выступу ахоўнік на выхадзе папрасіў нас вярнуць іх назад. Мяне гэтая сітуацыя вельмі зьдзівіла, пры тым што бэйджы былі самыя простыя і звычайныя. Я сказаў, што згубіў свой бэйдж і такім чынам ён захаваўся ў мяне».
А на фотаздымку трошкі бэкстэйджу з фэстывалю Union of rock, што адбываўся ў польскім Вэнгажэва.
2007 год. Піратэхніка на «Басах»
Хоць наступны здымак не зусім добрай якасьці, але музыкі лічаць яго вартым увагі, тым больш што зь ім звязана наступная гісторыя, якой з намі дзеліцца Андрэй: «Мы ўжо ня першы год гралі на «Басовішчы» таму вырашылі зрабіць наш выступ запамінальным. І нам прыйшла ідэя з фэерверкам. Зьвярнуліся да піратэхніха, які дапамог ўвасобіць нашую задуму, і ўсе, як бачыце, атрымалася. Фэерверк з Паўлавай гітары ліе на мяне. Было крыху страшнавата, хоць гэта і было бясьпечна і не перашкаджала граць, нават ўздымала настрой і дадавала імпэту».
2008 год. Кропка адпачынку «Сьцяны»
Музыкам даводзіцца часта і шмат ездзіць, такое ў іх жыцьцё. Яны наведваюць розныя гарады не толькі з канцэртамі. Ёсьць у іх і любімае месца адпачынку падчас паездак.
Sciana ў Тэрэспалі, памежным польскім гарадку блізу Берасьця. Адпраўная кропка шматлікіх іх падарожжаў. Тут музыкі разам усей кампаніяй, таму відавочна, што фоткаў іх нейкі мінак. Павал трымае ў руцэ пальчатку, у якой нешта прыхавана. У цёмных акулярах з цыгарэтай – Аляксей, пасярэдзіне – Яўген Лук’янчык, апошні саксафаніст гурта, затым Андрусь Клімус ды дырэктар каманды Зьміцер Назараў.
У 2008 са «Сьцяной» развітаўся другі саксафаніст, Ільля, а на зьмену яму знайшоўся новы – Яўген Лук’янчык, пры ўдзеле якога быў запісаны другі альбом каманды «Кропка вяртаньня». Атрымалася, што і Яўген не ўбачыў сябе ў будучым у межах гурта і пакінуў яго. Так і засталіся хлопцы ўтрох, як на пачатку музычнай дзейнасьці. Паўставала пытаньне: што далей?.. Адказ не прымусіў доўга чакаць, бо сустрэўся ім выдатны берасьцейскі электрончшык – Валер Сакалоў. Ён падтрымаў хлопцаў і прыўнес у музыку «Сьцяны» новае гучаньне і новы подых.
Год 2009 – «Лятучы» Паша на «Басах». Менавіта пад такой назвай гэты здымак увайшоў у гісторыю гурта.
Для музыкаў год быў досыць насычаным, бо ў ім адбывалася вельмі шмат цікавых рэчаў: першы Men’s Fest, які арганізуе дырэктар гурта Зьміцер Назараў, канцэрты з нагоды 10-дзьдзя калектыву ў Менску і Берасьці… Але менавіта гэты здымак нагадвае хлопцам пра 2009 год, у якім адбыўся легендарны «палёт» Паўла зь гітарай падчас выступу на апошнім для музыкаў на гэты момант «Басовішчы».
2010 год. Гародня: «Сьцяна», «Роллікс», Плотка.
Пра фотаэпізод з наступнага году распавядае Павал: «Гэта мы ў Гародні з украінскім гуртом «Роллікс». Ня ведаю як, але так атрымалася, што мы вельмі пасябравалі пасьля першага знаёмства на супольным канцэрце ў Хмяльніцкім. Двойчы езьдзілі да іх у Хэрсон, запрашалі на нашыя канцэрты ў Беларусі, запісалі сумесны трэк, карацей, супраца працягваецца. Яшчэ ў кадр патрапіў Байсан-Плотка,цяперашні вакаліст гурта Terrakod і яго жонка».
2011 год. На здымку – найлепшы гурт фэста «Rock nocą»
Буйны польскі фэст Rock nocą і да «Сьцяны» намагаліся скарыць беларускія гурты: у 2009 – D_tails зь Берасьця, у 2010 – менскі JJ Bingz. Аляксей Кузьняцоў узгадвае пра гэты выступ: «То быў вельмі запамінальны і эмацыйны канцэрт! Мы выйгралі неслабы конкурс у Зялёнай Гуры». Дарэчы, фотабеларускага гурта абранае ў якасьці візытоўкі на тытульную старонку сайту і на далейшыя фэсты.
Валер Сакалоў дадае, што ў 2011-м музыкі таксама першы раз патрапілі на фэстываль «Захід» і ўвогуле адкрылі для сябе Украіну напоўніцу. Асабліва Львоў, які музыкі называюць вельмі крутым горадам, як у канцэртным, так і ў агульным пляне.
2012 год. Перад выступам на фэсьце TheBestCityUA разам з Дзьмітром Ігнатавым («Роллікс»), які абдымае сяброў-калег, трымаючы піва у зубах.
Музыкі ўжо распавядалі пра добрыя сяброўскія стасункі з украіскім гуртом «Роллікс». І 2012 год зьвязаны з успамінамі ад прыемнай сустрэчай з лідарам «Роллікса» Дзьмітром Ігнатавым. Сустрэча адбылася падчас фэстывалю TheBestCityUA на сцэне якога выступала Sciana. Яны выйшлі на сцэну адразу пасьляEvanescence. У той год канцэртная геаграфія гурта атрымалася вельмі шырокай – ад Днепрапятроўска да Бэрліна. Дзьмітро адмыслова прыехаў на фэст падтрымаць сваіх беларускіх сяброў, зь якімі разам выканаў кампазыцыю «Беларусь-Україна».
2013 год – мы застанемся!
У 2013 музыкі запісалі і выдалі альбом «Мы застанемся». Акром таго, сыгралі на «Бандэрштаце» і другі раз на «Західзе». А здымак зроблены падчас аднага з апошніх фотасэтаў гурта.
2014 год – лета украінскіх фэстываляў «Захід» і «Рэспубліка». Фотка зь першага. Такім чынам Scianа трэці раз прыняла удзел у «Західе», фота Алега Горбача
Калі я папрасіла ўзгадаць нейкі цікавы выпадак падчас розных канцэртных паездак, музыкі адразу ўспомнілі наступны эпізод, а распавёў яго Андрэй Клімус: «Гэта адбылося калі мы вярталіся з фэстывалю Mazurska Musicorama Rockowa, што праходзіў у польскім Гіжыцка. Мы даехалі да Варшавы,трэба было набываць квіткі назад ў Берасьце на самы зручны для нас транспарт – аўтобус, але высьветлілася, што нам не хапае грошай. Вырашылі іх зарабіць. Ня доўга думаючы, уздоўж Старога гораду паставілі сваіх саксафаністаў, а паколькі ў гэтым месцы заўжды шмат турыстаў, то за вельмі хуткі час зьявілася патрэбная сума. Тады мы яшчэ пераначавалі ў нашага польскага сябры і ўжо на наступны дзень шчасьлівыя вярнуліся дамому».
Юбілейны год быў вельмі пасьпяховым для музыкаў. Вясной яны прэзентавалі альбом «Мы застанемся» у Менску. Улетку сталі пераможцамі польскага фэсту Rockowiskо, акрамя першага месца, ім дастаўся прыз глядацкіх сімпатый. Зараз яны занятыя падрыхтоўкай да сьвяточнага канцэрту з нагоды 15-годьдзя. Вядома, што да канцэрту далучацца сябры-калегі з Украіны – гурт «Роллікс». Прагучыць шмат песень, створаных за 15 год. Будуць сумесныя выступы і ня толькі з Дзьмітро Ігнатавым.
КВІТКІ МОЖНА НАБЫЦЬ ОН-ЛАЙН ПРАЗ KVITKI.BY ЦІ Ў КАСАХ ПА ЎСЁЙ БЕЛАРУСІ. ІНФА: + 375 29 687-20-93/+375 29 727-30-97.