Берасьцейскі гурт справіць юбілей у клюбе «Піраты» 5 сьнежня разам з сваімі сябрамі з гурта TerraKod. Адмыслова да гэтай падзеі Менск наведае гурт «Роллікс» з Украіны.
Да будучага канцэрту музыкі з гурт Sciana рыхтуюцца з усёй адказнасьцю. «Для нас гэты выступ надзвычай важны, бо падводзіць рысу пад цэлай эпохай у нашай гісторыі», – кажуць берасьцейцы. Адмыслова да канцэрту з нагоды 15-годзьдзя яны кшталтуюць песьні розных год. Некаторыя зь іх ня граліся дзесяць і больш год. Sciana хоча зрабіць мікс з старых і новых трэкаў ды прайсьціся па ўсёй сваёй гісторыі – рарытэтныя альбомы «Суб’ектывізм» і «Рулет», першы поўнафарматнік «Рыфы лёсаў» і перамога на палескім рок-фэсьце «Крок» ды на «Басовішчы», яскравы кавэр «Я еду» для трыб’юту N.R.M., фурор на конкурсе «Гэнералы айчыннага року», першы кліп на «Можна быць», непаўторная «Вясна.by», трыюмф на польскім фэсьце «Рок-ноч», туры па Польшчы ды Ўкраіне, сьпелыя альбомы «Кропка вяртаньня» і «Мы застанемся» урэшце рэшт… Гісторыя гурта багатая на падзеі, гэтаму будзе прысьвечаны асобны матэрыял.
«Мы працягваем працаваць, пішам новыя песьні і шмат гастралюем, часам насуперак неспрыяльным жыцьцёвым абставінам. Бо рок-н-рол – гэта рух, і мы таксама рухаемся наперад. Таму што ўпэўненыя, што самае цікавае яшчэ за лініяй гарызонту», – кажуць музыкі і запрашаюць усіх сваіх прыхільнікаў 5 сьнежня ў «Піраты».
Гасьцямі канцэрту будзе гурт TerraKod зь Берасьця, які неад’емна зьвязаны зь «Сьцяною». З Хэрсону прыедзе павіншаваць сваіх даўніх сяброў гурт «Роллікс», які сыграе сэт з сваіх самых значных песень.
Канцэрт праходзіць у межах акцыі «Жывы Тузін», якую чацьвёрты сэзон запар ладзяць партал Tuzin.fm з партнэрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». У якасьці вядучага канцэрту дэбютуе паэт Віталь Рыжкоў.
5 сьнежня. 19.00. Клюб «Піраты» (пр.Партызанскі, 6а). 15 год гурту Sciana. Пры ўдзеле TerraKod і «Роллікс» (Україна). Квіткі – 80 000 (танцпляц), 100 000 (столік). У дзень канцэрту будзе даражэй. Можна набыць он-лайн праз Kvitki.by ці ў касах па ўсёй Беларусі. Інфа: + 375 29 6872093/+375 29 7273097
Падзея у FB
Tuzin.fm, фота Budzma.by, Алега Горбача (загалоўная), афіша – студыя “Адліга”