Канцэрт украінскага гурта “Flёur” адбудзецца 28 траўня на пляцоўцы сталічнага клуба “Рэактар”.
Музыкі у трэці раз прыязджаюць у нашую краіну і гэтым разам адыграюць канцэрт, на якім гледачоў чакае праграма, складзеная са старых і новых песень, а таксама магчымасць апынуцца ў атмасферы неверагодных гукаў, жывых спеваў, цудоўнай гульні на музычных інструментах і прыемнага вечару.
Музыка гурта Вольга Пулатава кажа: Галоўны поспех “Flёur”– гэта сапраўднасць тых эмоцый, пра якія мы спяваем, і шчырасць таго, што мы робім. Вось такімі ж шчырымі мы будзем на канцэрце 28 траўня ў Мінску. Спадзяемся, старыя і новыя песні, а таксама прапанаваныя намі музычныя сюрпрызы спадабаюцца беларускай публіцы”.
Гурт “Flёur” з’явіўся ў 2000 годзе у горадзе Адэса выпадкова – салісткі Алена Вайнароўская і Вольга Пулатава скончылі музычную школу, але займацца музыкай далей не думалі. І толькі дзякуючы лёсу дзяўчаты працягнулі рэпетыраваць, пачалі пісаць вершы, а потым аб’ядналіся ў гурт.
Цяпер у праект уваходзіць шэсць музыкаў. Аляксандра Дзiдык віртуозна грае на віяланчэлі. Ударнiк гурта Андрэй Шароў скончыў Адэскую дзяржаўную кансерваторыю. Скрыпачка Анастасiя Кузьмiна па-майстэрску імправізуе на скрыпцы, флейтыстка Алла Лужэцкая зачароўвае сваёй ігрой усіх слухачоў без выключэння. А салісткі Алена Вайнароўская і Вольга Пулатава акампануюць сабе на канцэртах, граюць на гітары і піяніна.
Яны спяваюць пра простыя чалавечыя пачуцці, але між тым закранаюць рэчы, якія блізкія і зразумелыя многім. Салістка Алена Вайнароўская прызнаецца:
“Мы вельмі эмацыйныя, чуллівыя людзі, але нам даводзіцца змагацца з жыццёвымі абставінамі, а таму быць моцнымі. Гэткі ж характар і ў нашай музыкі”.
28 траўня. Мінск. Клуб “Рэактар”(вул. В. Харужай, 29). Пачатак: 19.00. Кошт квіткоў: 35.000-55.000 руб.(танцпляцоўка), 60.000(столік).
Даведкі (017) 288-61-60, (029) 286-72-32
Для Budzma.org