15.02.2017 | Літаратура

Што такое “постпраўда” і чаму яна тычыцца ўсіх

“Абставіны, пры якіх факты менш значныя ў фармаванні грамадскай думкі, чым зварот да эмоцыяў і асабістых перакананняў”. “Постпраўда” стала словам года – 2016 паводле Оксфардскага слоўніка. Як гэта адбіваецца на жыццях нават самых далёкіх ад філасофіі людзей? Як стала магчымай перамога Трампа і гібрыдная інфармацыйная вайна? Што чакае культуру ў час постпраўды? Чаму праўда перастала быць важнай? У межах фестывалю “Вершы на асфальце” Беларускі Калегіюм правёў дыскусію “Мастацкая літаратура ў эпоху постпраўды”.

У дыскусіі ўдзельнічалі старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, філосафы Валянцін Акудовіч, Міхаіл Баярын, Ігар Бабкоў, украінская пісьменніца Марыяна Кіяноўская і яе калега са Швецыі Мары Лундквіст. Размову вяла акадэмічны дырэктар Беларускага Калегіюму Ірына Дубянецкая. Budzma.by запісала змястоўны канспект.

http://budzma.by/wp-content/gallery/postprauda/postprauda_002.JPG

 

У Беларусі час постпраўды пачаўся ў 90-я

Барыс Пятровіч:

У сітуацыі постпраўды мы жывем не з 2016 года, а з пачатку 90-х, калі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары. Вы памятаеце, як выйграў прэзідэнт? Многія заявы і крокі, што рабіла ягоная каманда, падобныя да тых, з якімі працавала каманда Трампа. Стралялі тады ў яго машыну ці не, ніхто не ведае, але гэта тое, што паспрыяла перамозе. Калі ён сказаў пра вершы Быкава, мы запярэчылі. Ён адказаў: “Ну як жа! Я ж у школе чытаў!”. Я думаю, людзі, якія не ведаюць, яму паверылі. Што да літаратуры, то калі паперадзе ішла ідэалогія, літаратура ператваралася ў постпраўду. Уся партызанская беларуская літаратура пісалася з ідэалогіі. Хіба што “Я з вогненнай вёскі” Алеся Адамовіча – выключэнне. І тое ў 90-я ён прызнаўся, што там не ўся праўда. Яны напісалі пра вёскі, спаленыя немцамі, але сабралі яшчэ і вялізную колькасць інфармацыі пра вёскі, знішчаныя партызанамі. Яны не маглі гэта апублікаваць. У беларускай літаратуры постпраўда пачалася з сацыялістычным рэалізмам.

http://budzma.by/wp-content/gallery/postprauda/postprauda_007.JPG

Супольны тэкст чалавечай цывілізацыі рассыпаўся

Марыяна Кіяноўская:

Сёння змяніўся канон культуры. Калісьці, калі ты хацеў штосьці абвергнуць, аспрэчыць, ты казаў: “А ў Бібліі так”. Людзі, што пісалі пра сацрэалізм і камуністычную культуру, шмат што пазычылі з культуры хрысціянства: трэба было верыць. Быў корпус тэкстаў, якія ўспрымаліся як ісціна. Напэўна, з 80-х гадоў які-кольвек тэкст перастаў успрымацца як тэкст суаднясення. Тэкстаў – “ісцін у апошняй інстанцыі” стала вельмі многа. Фактычна, кожны асяродак культуры мае свой.

Калі б мы зараз пачалі шукаць агульны тэкст для культуры, то гэта была б не Біблія, не штосьці кшталту “Капіталу” Карла Маркса. Гэта будзе Галівуд і масавая культура. Усе бачылі “Аватар”. “Аватар” робіцца важнейшым за Біблію ў размовах падлеткаў пра дабро і зло. Бібліяй не аперуюць, мастацкай літаратурай не аперуюць. Ва Украіне яшчэ ёсць Шаўчэнка, але і гэта знікае.

Літаратура перастала несці каштоўнасці. Яны зводзяцца цяпер да ўспрыняцця і пачуцця.

Чытач, які сёння выбірае кніжку, шукае не ісціну. Ён шукае спосаб гаварыць пра сябе, бо гэтага ад яго ўсе чакаюць. Напрыклад, сацыяльныя сеткі. Адпаведна, узнікае вялікі попыт на тэксты, якія дадуць інструментарый сказаць: “Я грамадзянін Беларусі, які любіць Беларусь”. Чалавек выбірае тое, што яму патрэбна, каб расказаць пра сябе. Фактычна, ідзе структураванне маленькіх гета. Гэтая з’ява мае глабальны характар. Гэта небяспечна: з аднаго боку, глабалізацыя, з іншага – усе бачаць толькі саюзнікаў, толькі “сваіх”. Не бачаць апанента і не могуць прыняць ягоную мову.

http://budzma.by/wp-content/gallery/postprauda/postprauda_016.JPG

Праўда вернецца няхутка

Валянцін Акудовіч:

Калі я ўпершыню пачуў, што Оксфардскі слоўнік зрабіў слова “постпраўда” словам года, мне ўспомнілася казка пра хлопчыка на плошчы, які сказаў “Кароль голы!”. За 150 гадоў да слоўніка іншы хлопчык сказаў пра тое самае. Яго звалі Фрыдрых Ніцшэ. Ён першы паведаміў: усе вялікія ўніверсаліі – ісціна, Бог, быццё, праўда – фікцыі. Усё ХХ стагоддзе філасофія даводзіла, што ён меў рацыю. Але філосафаў, канечне, ніхто не слухаў. Магчыма, прыслухоўваліся, пра што сведчаць эстэтычныя падзеі – футурызм, сюррэалізм, “БуБаБу” ва Украіне, “БумБамЛіт” у Беларусі. Трэба было дажыць да ХХІ стагоддзя, каб зусім не філасофская інстытуцыя прамовіла: эпоха постпраўды. Раптам усе пачулі тое, пра што вядома даўным-даўно.

Даўно трэба мяняць слоўнік. З яго час выкрасліць вялікія ўніверсаліі ўлучна з праўдай. Літаратура страціла праўду як сваё глабальнае апірышча. Адзін Галівуд скончыцца – пачнецца другі. Мне не хочацца выглядаць песімістам. І разам з тым я ўпэўнены, што праўда вернецца ў тым значэнні, у якім яна існавала, досыць няхутка.

http://budzma.by/wp-content/gallery/postprauda/postprauda_015.JPG

Праўда – заўсёды канструкт

Міхаіл Баярын:

Мы жывем у свеце, дзе ўсё з’яўляецца прадуктам інжынерыі, сацыяльнага праграмавання. Чалавек праграмуе клеткі ДНК, сацыяльныя паводзіны. Збіраецца велізарная колькасць інфармацыі – яе апрацоўвае штучны інтэлект. Палітыка – гэта гуманітарны канструктывізм. Самае каштоўнае ў гэтым тое, што людзі заўважылі: праўда – гэта канструкт. Яна заўсёды была такой. Плюс нашай мовы ў тым, што мы адрозніваем праўду як анталагічную ісціну і маральную катэгорыю. Маральная катэгорыя не з’яўляецца нечым простым, яна нешта складанае, яна грунтуецца на эмоцыях. Каштоўна тое, што мы заўважаем канструктыўную прыроду маралі.

 

Людзі перастаюць думаць самастойна

Ігар Бабкоў:

Чаму мы так апантаныя праўдай? Гэта найменшае, што патрэбна чалавеку для выжывання. Калі б мы жылі па праўдзе, мы памерлі б праз дзень. Адкуль воля да праўды? Адкуль жаданне раскалупаць рэальнасць, раскласці на палічкі і ўрэшце канструяваць?

Самае дурное, што мы можам зрабіць, каб думаць пра супольную будучыню, новую парадыгму, – глядзець, што прыдумалі оксфардскія філолагі, а журналісты растыражавалі. Гэта неадэкватны спосаб рэагавання на змены.

Небяспекі, што мы ўглядаем, звязаныя не з постпраўдай, не з Брэксітам, не з інтэлектуальнымі модамі. Людзі перастаюць думаць самастойна. Самае страшнае, што мы ўступаем у эпоху комікса. Замест таго каб умець думаць, аналізаваць, чытаць, людзі абмяжоўваюць сябе да падбору подпісаў пад карцінкамі. Я калісьці нават маніфест напісаў пра сусветны комікс.

Для літаратуры і людзей мыслення адкрываюцца фантыстычныя перспектывы. Мы ўступаем у эпоху хаосу. Памятаеце, як казаў Джойс: хаос нам патрэбны, каб стварыць свет.

http://budzma.by/wp-content/gallery/postprauda/postprauda_017.JPG

У медыях распаўсюджаны папулізм

Мары Лундквіст:

У Швецыі, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, у ЗША, мы можам назіраць палярызацыю грамадства паводле розных прыкметаў. Існуюць групы, якія могуць практычна не сутыкацца адна з адной. Папулізм вельмі распаўсюджаны ў сродках масавай інфармацыі. Факты замяняюцца эмоцыямі. Розныя праўды ўзнікаюць у розных СМІ.

Тое, што кожны можа напісаць што заўгодна ў блогу, прыводзіць да таго, што людзі з іншых краін атрымліваюць фальшывую інфармацыю пра Швецыю: Швецыю запоўнілі мігранты, шведам няма дзе працаваць, у Стакгольме ходзяць белыя мядзведзі.

Да нас шмат гадоў актыўна прыязджаюць пісьменнікі з розных краін. Робіцца шмат перакладаў з іншых моваў на шведскую. Гэта вельмі важна для шведскай літаратуры. Гэта дае разуменне, якія праўды маюць іншыя літаратуры. Для шведскіх пісьменнікаў важна бачыць сябе ў фармаванні агульнай праўды. Гэта надзея на будучыню.

 

Праўды няма. Праўда канструюецца. Праўда – Бог. На якім грунце сучасная цывілізацыя можа аб’ядноўвацца?

Марыяна Кіяноўская:

Я шмат думала апошнім часам пра прыроду хаосу сучаснай культуры. Трэба вызначыць, умоўна кажучы, мемы хаосу. Адзін з іх – перамена роляў маргінала і героя. Цяпер, калі паглядзець на медыі, літаратуру, можна ўбачыць, што герой робіцца маргіналам і наадварот. Гэта інакш мадэлюе рэчаіснасць. Нават Майдан з пункту гледжання расійскіх медыяў – перыферыя і маргінэс. Для Украіны гэта быў цэнтр. Мы павінныя вярнуцца да маркераў, хто ёсць хто.

Барыс Пятровіч:

Чалавек, які першы сказаў “постпраўда” заклаў падвох, бо маецца на ўвазе, што праўда калісьці была. Праўды ніколі не было. Заўсёды папулізм ішоў паперадзе праўды. Літаратура таксама падладжвалася пад патрэбы грамадства. Ніколі не было яднальнай для чалавецтва ідэі. Як толькі з’явілася хрысціянства – з’явіліся апокрыфы, якія яго аспрэчвалі. Адзінай праўды ў культуры ніколі не будзе.

Валянцін Акудовіч:

Кожны вернік – каталік, мусульманін – скажа вам: Бог немагчымы, не будучы праўдай свету. Гэта мільярды людзей. Усе, хто верыць у Бога, вераць у слова “праўда” і пасылаюць оксфардскі слоўнік як найдалей. Кожная ўніверсалія магчымая не таму, што яна ёсць насамрэч, а толькі тады, калі мы даем веры, што збоку і вышэй ад нас ёсць штосьці непадлеглае нашым уплывам. Калі ёсць Бог – ёсць праўда. Калі Бога няма, канечне, няма ніякай праўды.

Што мы канструюем? Ці нас канструююць? Ігар Бабкоў – аптыміст: з новага хаосу створым чалавецтва. Чалавек перастане быць самастойнай велічынёй, ён страціць усё сакральнае і стане гуманітарным прыдаткам тэхналагічнай цывілізацыі. Тэхніка запаланяе нас. Ездзім на метро і машыне, каву варым у кававарцы, без тэлефонаў ужо не можам. І гэта толькі пачатак. Машыны, якія будуць ездзіць без чалавека, ужо ў наступным годзе з’явяцца. Няўжо вы не бачыце, што чалавецтва ўжо нічым не выратуеш? Давядзецца толькі атамнай бомбай знішчыць 90%, а тыя 10%, што выжывуць, збудуюць штосьці з хаосу. Мы з божых істотаў усё хутчэй і хутчэй ператвараемся ў функцыю тэхналагічнага прагрэсу, які нас з’есць. Нам будзе добра, таму што тэхна дае лепшае жыццё і будзе даваць яшчэ лепшае. Чалавек не стане вырывацца з гэтага. Ніхто не будзе разбіваць свае айфоны, прынамсі, пакуль яны працуюць.

http://budzma.by/wp-content/gallery/postprauda/postprauda_012.JPG

Мары Лундквіст:

Нашыя адрозненні – гэта тое, што можа нас аб’яднаць. Прастора, дзе розныя меркаванні змогуць існаваць свабодна. Ускладненне структуры больш важнае за спрашчэнне і папулізм. У літаратуры немагчымая адна праўда. Найперш таму, што гэта няспынны працэс адкрыцця свету і чалавека. Гэты працэс мусіць быць незалежным і свабодным, каб кожны меў магчымасць выбраць сярод усіх праўдаў.

Міхаіл Баярын:

Што ў чалавеку чалавечага, што не падрабляецца? Эмацыйнасць. Мы не можам стварыць эмацыйны інтэлект. Аказваецца, ёсць эмацыйная структура, якая не змяняецца ад неаліту да новага свету. Чалавек як радаваўся, гневаўся, зайздросціў, кахаў і ненавідзеў, так ён будзе рабіць гэта, нават калі яму будуць ужыўленыя датчыкі. Аказваецца, у гэтым канструктыўным свеце ёсць нейкая чалавечая вечнасць, якая быццам у герметычнай скрыні. Традыцыйная культура мела з ёй справу адпачатку. Я хачу скончыць урыўкам з Упанішадаў, дзе гаворыцца пра галоўныя жаданні чалавека. Чалавек хоча жонку, багацця і дзяцей. Самыя складаныя тэхналогіі робяцца для гэтых трох простых мэтаў. Праўда – гэта месца ў чалавечым розуме, і яно нікуды не падзенецца.

 

 

Хрысціна Марчук. Фота: Віка Трэнас

Глядзіце таксама:

Віктар Марціновіч: Апошні год для Праўды


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика