This movie requires Flash Player 9
12.12.2011 | Музыка Тузін. Перазагрузка - 2

Скрыпка абяцае шалёную этна-дыскатэку

Алег Скрыпка прызнаўся, што сем гадоў таму зразумеў, што яго справа – дыджэйская. Праўда, ад ігры на вініле вырашыў адмовіцца пасля першага ж выступу: «Публіка ўзялася танчыць так, што падлога ходырам хадзіла, а ігла пачала скакаць па кружэлцы». 15 снежня ўкраінскі музыка зладзіць эксклюзіўную этна-дыскатэку ў межах прэзентацыі складанкі «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2», арганізаваную кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і парталам Tuzin.FM.

Лідар гурта «Воплі Відалясава» кажа, што захапіўся дыджэйскай справай сем гадоў таму. «Гэта былі “Украінскія вечарніцы”, зладжаныя сумесна з Брытанскай культурнай радай. У праграме ўдзельнічала шатландская каманда Mistery Juice, украінскі фальклорны калектыў “Божичи”, а ролю дыджэя даверылі мне», — згадвае Алег Скрыпка сваю першую этна-дыскатэку і прызнаецца, што яму надзвычай спадабалася: «Выявілася, што я ўсё жыццё хацеў займацца менавіта гэтым».

Першы выступ Скрыпкі як дыджэя прайшоў удала, але музыка першы і апошні раз граў на вініле. Пасля ён адмовіўся ад гэтай задумы ды вырашыў працаваць з дыскамі: «Публіка ўзялася танчыць так, што падлога ходырам хадзіла, а ігла пачала скакаць па кружэлцы. Тэхнічна было вельмі складана».

Цяпер у калекцыі ўкраінскага музыкі неверагодная колькасць дыскаў. Алег нават не бярэцца назваць прыблізную колькасць. Музыка пастаянна адсочвае ўсе навінкі этнічнай музыкі, надаючы ўвагу ўкраінскай і беларускай: «Беларуская музыка даўно займае самае пачэснае месца ў маёй калекцыі. Я ўжо на сваім першым сэце граў трэкі “Палаца”». На выступе ў мінскім Loft-cafе 15 снежня Алег Скрыпка абяцае здзівіць публіку найперш шалёным драйвам. Нагадаем, што выйграць квіток на этна-дыскатэку можна, узяўшы ўдзел у адмысловым конкурсе ад “Будзьма беларусамі!”.

Акрэдытацыя на прэс-канферэнцыю: (029) 394-82-04, Алесь Плотка.

Пытанні па квітках: 638-44-44 (Velcom, MTC, life).

 

фота – Аляксандр Ждановіч

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика