Славамір Адамовіч даслаў пісьмовую прэтэнзію выдаўцу Уладзіміру Сіўчыкаву, у якой патрабуе выплаціць яму 10 тысяч даляраў за два вершы, што былі надрукаваныя ў зборніку “Яна і Я” яшчэ ў 2005 годзе без дазволу паэта.
Як паведамляе ў сваім ЖЖ Славамір Адамовіч, прэтэнзіі былі дасланыя Уладзіміру Сіўчыкаву па электроннай і звычайнай пошце і ёсць спробаю вырашыць пытанне мірным шляхам. У выпадку, калі Уладзімір Сіўчыкаў не пагодзіцца з патрабаваннямі Славаміра Адамовіча, той збіраецца падаць на выдаўца ў суд.
Славамір Адамовіч падкрэслівае, што ён не адразу выступіў з такімі патрабаваннямі, а толькі пасля таго, як, даведаўшыся пра сам выхад паэтычнай анталогіі і змяшчэння ў ёй двух яго вершаў (“Верш для Юліі” і “Раманс”), пасля патрабаванняў не атрымаў ад выдаўца нават аўтарскага асобніка кнігі.
“Вы нават не дадумаліся знайсці адпаведных словаў, каб выказаць падзяку альбо проста пачаставаць аўтара выкарыстаных вамі вершаў півам, не кажучы ўжо пра віно ці келіх каньяку”, — кажа Адамовіч.
Атрыманыя грошы Славамір Адамовіч збіраецца накіраваць на заснаванне літаратурнай стыпендыі.
Нагадаем, што Славамір Адамовіч вылучаецца надзвычайнай рашучасцю, што ён давёў, зашыўшы сабе рот на вулічнай акцыі. Глядзіце відэа.