Гурт IQ48 пры падтрымцы Monkey Bite даў шыкоўны канцэрт і засведчыў, што знаходзіцца ў выдатнай форме. Праўда, абяцанага відэальбома «HMR live» так і не было. Затое былі танцы на барнай стойцы, дзікі слэм, скокі ў натоўп, трайны біс і бясплатны кампот кожнаму гледачу.
“Рады вітаць вас на мерапрыемстве з нагоды вялікага кампоту!” — прывітаў публіку Сяржук “Zuker” Лапуць, вядомы беларускі дызайнер, а па сумяшчальніцтве гітарыст і аўтар песняў гурта Monkey Bite. Ён уласнаручна зварыў некалькі літраў кампоту, каб пачаставаць усіх гасцей на ўваходзе. Музыкі на гэты вечар падрыхтавалі вялікую праграму, куды ўключылі практычна ўсё, што напісалі з часу свайго адраджэння ў 2010 годзе. Пачалі кар’еру хлопцы яшчэ дзевяць гадоў таму, нават дзялілі сцэну з такімі гуртамі, як «Цмокі» і Zet. Тады яны выступалі пад рознымі назвамі — Zloma, «Лакаліці», «Блазны», але ўрэшце спыніліся на Monkey Bite. Пакуль на іх рахунку толькі дэбютны сінгл, але хутка музыкі абяцаюць паўнавартасны альбом. Гонар і годнасць каманды — харызматычны і ўпэўнены ў сябе вакаліст Жэня Доўнар, толькі вось яго ўпэўненасць слаба перадаецца астатнім музыкам. А галоўная праблема гурта ў тым, што няпроста разабраць іх даволі някепскія тэксты. Калі, канечне, не ведаць іх на памяць. Іх выступ засведчыў, што прынамсі дзве песні — “Камяні” і “Гарбаты” — людзі паспелі развучыць. Так што засталося толькі папрацаваць з гучаннем і падачай — і будуць з іх гатовыя рок-героі.
IQ48 абяцаў у гэты вечар прэзентаваць відэавэрсію свайго апошняга альбома, які быў названы «HMR live». Так сталася, што некалькі іх выступаў былі сарваныя, і яны вырашылі даць канцэрт на адной з мінскіх студый і выдаць яго, каб усе цікаўныя пабачылі. Толькі вось не паспелі з выданнем. Дыск выйдзе праз некалькі дзён.
Вакаліст каманды Саша Ракавец адразу ж узяў сітуацыю пад кантроль, залез на стойку, скамандаваў астатнім: “Давай, паехалі”, — і з натхненнем і аддачай адпяяў амаль усе хіты з трох альбомаў IQ48. Было бачна, што музыкі засумавалі па сцэне і публіцы. Ды і гледачы яўна зачакаліся выступу “здаровых ласёў”. Рэдкі выпадак — людзі танчылі ды слэміліся ўжо з першай песні “Сабой заставацца”, з ахвотай адгукаліся на заклікі Ракаўца перад песняй “Парыж” патанчыць “мядляк”. Сёе-тое музыкі паказалі і з будучага альбома, над якім цяпер працуюць. У яго пакуль няма назвы, але некаторыя песні ўжо гатовыя.
IQ48 проста створаныя для таго, каб граць у вялікіх клубах. На малой сцэне “Графіці” ім было цеснавата, але музыкі ды іх прыхільнікі хутка зарыентаваліся. Былі і танцы на стойцы, і дзікі слэм на невялічкім танцпляцы, і нават скокі ў натоўп, што ўявіць досыць няпроста, ведаючы памер клуба. “Ласёў” клікалі на біс ажно тройчы. На першым Ракавец праспяваў “Святло ў цемры” і “Зрабілі мой клон”, на другім – “Гэй, наперад”, названую “калыханачкай на Купалу”, а на трэцім – абсалютна неверагодную ў канцэртным выкананні рэч “Чыво ты”. Саша спяваў яе, седзячы на стойцы ў абдымку з прыхільнікамі. Замілавання гэта проста не магло не выклікаць.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч