11.11.2016 | Будзьма памятаць

Случчына 1937: жахлівае падарожжа

Сумнавядомы 1937 год нават пачынаўся для жыхароў Слуцка досыць трывожна. Каб зразумець гэта, дастаткова проста праглядзець загалоўкі газеты “Праўда на рубяжы” таго перыяду: “Навесці парадак у акруговым тэатры”, “Варожая дзейнасць у Слуцкай МТС”, “Ачысціць бібліятэкі ад контррэвалюцыйнай літаратуры”… Ворагаў шукалі і ў леспрамгасе, шкоднікаў і шпіёнаў спрабавалі знайсці і ў калгасе “Магутны” Ленінскага сельсавета… Немінуча набліжалася штосьці жахлівае.

Улетку пачаліся арышты. За няпоўныя паўгода былі арыштаваныя амаль тры чвэрці ўсіх, хто ўвогуле пацярпеў ад рэпрэсіяў за тыя гады. Арыштоўвалі ў Слуцку, у Агародніках, у Вынісцах, Сорагах, Серадняках, Хорашаве…

Большасць імёнаў арыштаваных забытыя, сцёртыя з памяці, бо забіралі часам цэлымі сем’ямі. Гісторыя захавала імя 72-гадовага Савы Мікалаевіча Чаркоўскага з вёскі Загараддзе, арыштаванага разам з трыма сынамі: Антонам, Іванам і Мікалаем. 18 кастрычніка яны ўсе былі расстраляныя ў Слуцку. І доўгі час нават не было вядома, дзе менавіта. Калі Курапаты вядомыя ўсім, дык сярод іншых месцаў расстрэлаў у Мінскай вобласці вядомыя толькі населеныя пункты — сам Мінск, Барысаў, Чэрвень, Вілейка і Слуцк.

Доўгі час ніхто пошукамі з вядомых прычын не займаўся. Першая камісія па вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, была створаная ўжо падчас перабудовы, у 1988 годзе. Планавалася адшукаць месцы расстрэлаў і ўсталяваць на іх памятныя знакі, але не адбылося. Пасля развалу СССР займацца гэтым давялося ўжо ў прыватным парадку. Вялікі ўнёсак у гэтую патрэбную справу зрабіў слуцкі журналіст Анатоль Жук. У сваёй кнізе “Слуцк, 37-ы” ён апісаў свае пошукі, размовы са старымі людзьмі, якія ў той жахлівы год былі яшчэ дзецьмі.

Першае месца — Глінскі лес. Трыста метраў ад шашы Слуцк — Бабруйск. Некалькі паглыбленняў у зямлі, відавочна штучнага паходжання. Майсей Максімавіч Пенязь, які і паказаў краязнаўцам меркаванае месца расстрэлаў, паведаміў, што калі гэтыя паглыбленні не былі яшчэ зацягнутыя мохам, было бачна: у даўжыню яны прыкладна два на чатыры метры. У 1937 на зямлі там бачылі кроў.

Другое — у вёсцы Сорагі, праваднік — ветэран Фёдар Адамавіч Сеўрук. Паводле яго сведчанняў, не менш як дваццаць чатыры жыхары Сорагаў сталі ахвярамі рэпрэсій. Хутчэй за ўсё, ва ўрочышчы Смурошчына, блізу 2 км ад вёскі. Начамі ў 1937 адтуль чуліся стрэлы, крыкі. Фёдар Сеўрук распавёў, што аднойчы жанчына з вёскі Круглае везла на падводзе зерне на млын у Кучына і зрабілася сведкай расстрэлу. Страшныя аповеды пра тое, што чэкісты сведак не пакідалі, не пацвердзіліся: хапіла падпіскі “аб неразгалошанні”. Ва ўрочышчы — такія ж ямы, як у Глінскім лесе, іх паказаў Сеўруку ляснік Мікалай Гурыновіч яшчэ ў 1959 годзе.

Вёска Каліта — наступны пункт у жахлівым падарожжы. Стэфа Філімонаўна Макоўская паказала ельнік за 300 метраў ад вёскі — там таксамі начамі чуліся стрэлы. Яе сын, Сяргей Уладзіміравіч Макоўскі, паказвае дарогу ў тым ельніку. І тут — тыя ж ямы два на чатыры ў трох месцах.

Вёска Папоўцы. Агаф’я Сямёнаўна Кісель у трыццатыя працавала ў ваеннай падсобнай гаспадарцы. Падчас працы ў полі сялянкі заўважылі, што вайскоўцы ў лесе побач з шашой капаюць яму. Уначы Агаф’я Сямёнаўна з сяброўкамі вырашылі паглядзець, што за яма, — і з’явіліся там акурат у момант пакарання. Да канца жудаснай сцэны не дацярпелі, уцяклі. Праз колькі дзён вырашылі зноў пайсці на тое месца — пабачылі не да канца засыпаную яму, на хмызах — жаночыя хусткі. Пасля зноўку прыехалі вайскоўцы, яму засыпалі цалкам. Памеры — шэсць на восем метраў. Больш жанчыны хадзіць туды не наважваліся. З часам у лесе з’явілася яшчэ некалькі такіх ямінаў.

Апошні пункт — таксама ў лесе. Гэтым разам правадніком быў жыхар вёскі Краснае на мяжы Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Павел Сямёнавіч Лапец. Не проста чалавек, які нешта ведае пра рэпрэсіі, а які сам ледзь не зрабіўся іх ахвярай. У 1937 годзе Павел Сямёнавіч трапіў у Слуцкую турму. Спачатку допыты, выбіванні паказанняў, начамі кагосьці з камеры выводзілі. Назад, вядома, яны не вярталіся. Але асноўным сведкам зрабілася жонка Паўла Сямёнавіча. Пачуўшы стрэлы з лесу каля вёскі, яна доўга не гадала, зразумела, што расстрэльваюць. Але ў дадзеным выпадку маглі страляць не чужых людзей, нават не проста аднавяскоўцаў — мужа. Таму ўначы разам з суседкай Ганнай Баравік яна не пабаялася пайсці ў лес і раскапаць адну са свежых ямінаў. Мужа не знайшла (Паўлу пашанцавала не трапіць пад расстрэльны артыкул). Там было цела незнаёмага чалавека. А Павел Сямёнавіч паказаў і месцы тых расстрэлаў. Адно, другое, трэцяе паглыбленне…

Што мы маем? Цьмяныя звесткі пра тое, што расстрэлы былі пад Слуцкам. Ямы. Вусную гісторыю, памяць вольных і нявольных сведак дзейнасці карніцкіх органаў. Дакументы па тых пакараннях пакуль не рассакрэчаныя. Застаецца адзін шлях — правесці раскопкі, каб высветліць калі не імёны і прозвішчы забітых, дык хаця б маштабы і дакладныя месцы пакаранняў. Ці варта казаць, што на афіцыйным узроўні гэтым ніхто не займаецца.

І апошняе. Адзін помнік забітым пад Слуцкам ёсць — каля згаданай вышэй вёскі Кучына. Помнік усталяваны за свой кошт ураджэнцам в. Падлошыца Слуцкага раёна, былым супрацоўнікам МЗС СССР Аляксандрам Рыгоравічам Ралько. Але ці не варта ўсталяваць па помніку на ўсіх месцах, дзе адбываліся злачынствы?

 

Фотаздымкі: Андрэй Лянкевіч

Тэкст: Дзяніс Пыхалаў

 

 

Будзьма памятаць. Як дэпартавалі беларусаў

Як знішчалі Сілівонаўку

Гісторыі непрыкметных дарог Беларусі

Бабруйск: расстрэльвалі і ўдзень і ўначы, не саромеліся

 

Аб праекце:

main_bp

Інфармацыйныя партнёры:


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика