24.11.2014 | Граблі гісторыі

Слуцкая рэспубліка

Адной з найяскравейшых старонак барацьбы беларускага народа за ўласную дзяржаўнасць у найноўшай гісторыі Беларусі з’яўляецца Слуцкае паўстанне, якое паказала ворагам беларушчыны, што на нашых землях усё далёка не проста, а беларусы – гэта хай сабе і маўклівы, але спраўны народ. Пры нагодзе могуць і стукнуць, прычым стукнуць так, што будзе доўга балець.

Існуе меркаванне, паводле якога паўстанні ў першую чаргу ўздымаюцца на пладавітых землях, там, дзе людзям ёсць што страчваць і за што змагацца. Маўляў, людзьмі найперш рухае эканоміка, а ўсё астатняе ўжо потым. Случчына, на землях якой і разгарнуліся асноўныя дзеянні, была акурат такім рэгіёнам.

Знакаміты навуковец Аркадзь Смоліч у сваёй фундаментальнай манаграфіі “Географія Беларусі”, якая пабачыла свет у 1919 годзе, так пісаў пра гэты рэгіён: “Слуцак – найзначнейшае места ў зямлі дрыгавічоў, адзін са старэйшых беларускіх гарадоў, перахаваўшы да таго-ж шмат памятак мінуўшчыны. Цяпер Слуцак мае каля 18 тыс. насялення. Да апошніх часоў гэта было ціхае места. Значная частка яго жыхараў займаецца гаспадаркаю. Асабліва славіцца Слуцак сваймі гародамі і садамі. З слуцкіх садоў выйшаў вядомы сорт ігруш – Слуцкія Бэры. Нядаўна ў Слуцак праведзена чыгунка, і места значна аджыло”.

Але Случчына жыла не аднымі садамі ды гародамі. Беларускае адраджэнне ў пачатку стагоддзя закранула гэты рэгіён і пакінула на ім моцны адбітак. Магчыма, менавіта таму першая беларуская гімназія на Беларусі адчыніла свае дзверы ў 1917 годзе не дзе-небудзь, а менавіта ў Слуцку.

У 1919–1920 гадах тэрыторыю рэгіёна кантраляваў Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, які вырашаў усе важныя пытанні пачынаючы ад культуры і заканчваючы кааперацыяй. Камітэт фактычна быў органам мясцовага самакіравання. Больш за тое, улічваючы той факт, што ў яго мясцовыя свабодна выбіралі сваіх прадстаўнікоў, можна з упэўненасцю казаць аб дэмакратычным характары гэтага органа. Ён быў ліквідаваны бальшавікамі ў ліпені 1920 года, і на яго места прыйшлі чырвоныя саветы са сваёй намінальнай выбарнасцю. Такі парадак случчакі прыняць не маглі, ды і не збіраліся, тым больш што хутчэй за ўсё яны добра ведалі пра жорсткія метады, якімі чырвоныя падаўлялі любое іншадумства і супраціў. У тым жа ліпені 1920 года ў Койданаве была абвешчаная Коўданаўская Незалежная Рэспубліка, якая праіснавала ўсяго 4 дні.

Скарыстаўшыся зручным момантам – часовым перамір’ем паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, – случчакі пачынаюць падрыхтоўку да фармавання цывільных органаў кіравання, міліцэйскіх атрадаў і вайсковых адзінак. Паводле мірнай дамовы, падпісанай паміж палякамі і бальшавікамі 12 кастрычніка таго ж года, баявыя дзеянні спыняліся, а варагуючыя бакі развяла дэмаркацыйная лінія Кіевічы–Лань, нейтральная зона якой закранала ў тым ліку Слуцк і прылеглыя населеныя пункты. Паводле дамовы палякі павінныя былі пакінуць горад бальшавікам, якія мусілі яго вось-вось заняць. Случчакі вырашылі правільна скарыстацца шанцам, які, як вядома, выпадае толькі адзін раз.

Далейшыя падзеі развіваюцца вельмі імкліва: 14-15 лістапада 1920 года адбываецца І беларускі з’езд сялянскіх прадстаўнікоў Случчыны, на якім абіраецца Рада Случчыны з 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам. Большасць – беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры. Асноўны лозунг удзельнікаў – абвяшчэнне вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Фактычна ж случчакі падтрымліваюць урад БНР на чале з Антонам Луцкевічам.

Разам з фармаваннем органаў кіравання пачынаецца камплектацыя міліцэйскіх і вайсковых адзінак, якія, па задуме арганізатараў, павінныя стаць правобразам будучага беларускага войска і органаў правапарадку. Сама па сабе мяцежная Случчына – гэта такая сабе не прызнаная Слуцкая рэспубліка з цалкам рэальнымі атрыбутамі ўлады.

За тры дні мабілізацыі на заклік Рады Случчыны адгукаецца каля 10 тысяч чалавек, якімі камплектуецца Слуцкая брыгада. Узначальвае яе Антон Сокал-Кутылоўскі. У сваю чаргу брыгада складалася з двух палкоў – 1-ы Слуцкі полк на чале з Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-і Грозаўскі полк на чале з капітанам Лукой Семенюком, а таксама кавалерыйскім аддзелам. Як любая вайсковая адзінка, Слуцкая брыгада мела ўласную выведку і контрвыведку, якая вяла няспынную барацьбу з вонкавымі і ўнутранымі ворагамі новапаўсталай рэспублікі. Узбраенне і экіпіроўка стральцоў, як можна здагадацца, былі далёка не найлепшымі.

Афіцыйнай датай Слуцкага паўстання прынята лічыць 27 лістапада, калі пачаліся першыя баі паўстанцаў з наступаючай Чырвонай арміяй. Цягам месяца дрэнна апранутыя, пазбаўленыя нармальнай зброі, харчавання, медыкаментаў ды іншых рэчаў першай неабходнасці, паўстанцы стрымлівалі сілы бальшавікоў, што колькасна і якасна іх пераўзыходілі. Мясцовае насельніцтва як магло падтрымлівала сваіх.

Але лёс паўстання быў вырашаны. Шанцаў на перамогу ў 10 тысяч беларускіх герояў не было і быць не магло, бо такія невялікія вайсковыя адзінкі не маглі доўгі час супраціўляцца чырвоным полчышчам. Ужо 28 снежня Слуцкая брыгада, выканаўшы загад кіраўніцтва, перайшла раку Лань на польскі бок, дзе была раззброеная і інтэрнаваная ў спецыяльны лагер. Некаторыя з паўстанцаў пасля будуць негалосна выдадзеныя савецкаму боку.

Але на гэтым былыя ўдзельнікі Слуцкага паўстання не спыняцца. На тэрыторыі Польшчы некаторыя з іх будуць працягваць сваю дзейнасць, змагаючыся за правы беларускага насельніцтва. Нехта ў складзе легальнай Грамады, нехта ў складзе радыкальнай КПЗБ. Нехта працягне падпольную дзейнасць на тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Слуцкае паўстанне – спроба беларусаў узяць сабе тое, што належыць ім па праве. Гэта не просты контррэвалюцыйны мяцеж п’яных матросаў. Гэта заяўка на ўласную дзяржаўнасць. Аднойчы мне давялося паразмаўляць з бабуляй, якая нарадзілася на Уздзеншчыне ў пачатку ХХ стагоддзя. Зразумела, што яна магла шмат чаго распавесці. Памятала яна і пра падзеі восені-зімы 1920 года. Далёкая ад адукацыі і правільных вызначэнняў, бабулька называла паўстанцаў, якія “заселі ў Слуцку”, не іначай як “нашымі”: гэта галоўны тэрмін у дадзенай тэме. Гэта была нашая, беларуская, Слуцкая рэспубліка.

Канстанцін Касяк


3 Каментаў у “Слуцкая рэспубліка”

  1. Касяк–…адбываецца І беларускі з’езд СЯЛЯНСКІХ прадстаўнікоў Случчыны, ..
    .Асноўны лозунг удзельнікаў – абвяшчэнне вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах
    \\\\\\\\\\\
    сяляне случчыны змагаліся за ЗЯМЛЮ і ВОЛЮ! а не за

    Трэцяя Ўстаўная Грамата Рады БНР
    Беларуская народная Рэспубліка зацьвярджае ўсе тыя правы і вольнасьці грамадзян і народаў Беларусі‚ якія абвеўаныя Ўстаўной Граматай ад 9 сакавіка 1918 року.
    Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
    Дана ў Менску-Беларускім 25 сакавіка 1918 року
    Што ж гэта за правы і вольнасьці?
    Чытайце Ўстаўную Грамату ад 9 сакавіка 1918 року.

    Другая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі
    У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі права ўласнае ўласнасьці на зямлю касуецца.
    Зямля перадаецца бяз выкупу тым‚ што САМІ на ёй працуюць.
    Лясы‚ вазёры і нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасьцю Беларускай Народнай Рэспублікі.
    Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду
    Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.
    Сапраўдны Дзень ВОЛІ –9 сакавіка!!!

  2. для звышсьвядомых беларусаў патлумачу што змагаліся сяляне супраць калгасаў у адрозненьі ад Вас!
    ++++

    З прамога тэлеэфіру 20 чэрвеня 1994 году:
    Пазьняк: Шаноўны Мікола, я скажу САМАЕ галоўнае. ПРЭЗЫДЭНТ Пазьняк НЯ будзе РАЗганяць КАЛГАСЫ. І ўвогуле, у нас у Беларусі ніхто ня ставіць такога пытаньня.
    ++++++++
    21.12.1994 г. «Б.Н.»
    «17 декабря 1994 года на III съезде ПКБ принята резолюция: «Об отношении КОММУНИСТОВ республики к намеченной реорганизации общественного сельскохозяйственного производства» В ней говорится «В антикризисной программе Президента РБ «Концепция стабилизации и развития агрокомплекса Республики Беларусь» сделана ставка на УНИЧТОЖЕНИЕ колхозно-совхозного строя…
    … «Поэтому, – подчеркивается в резолюции, – мы со всей решительностью говорим безоглядным «рыночникам»: перестаньте играть с огнем!» Съезд обратился ко всем честным труженикам села и города с призывом осознать их серьезность нависшей угрозы, сказать РЕШИТЕЛЬНОЕ «нет!» капитализации сельского хозяйства».

  3. БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ!
    Лаўрэат прэміі часопіса “Беларусь” за 1991 (!!!) год дырэктар саўгаса “Гарадзец” А Лукашэнка:: “Глядзiце, што мы зараз маем. Валодаючы гiгацскiмi масiвамi ўгоддзяў у розных, у тым лiку самых спрыяльных раенах, маючы багатыя традыцыi хлебаробства, беларуская веска марнее ўвачавiдкi. I гэта бачаць легіёны чыноўнiкаў, ЛЖЭНАВУКОЎЦАЎ, для якiх зямля – гэта ўлада, бязбеднае iснаванне. …Большасць нас са школьнай парты засвоілі, што вышэйшым нашым дасягненнем у сельскай гаспадарцы з’яуляюцца калгасы. Прыярытэт КАЛГАСНАЙ ДОГМЫ стаў афіцыйнай догмай. Вядома, сення не ўсім проста задушыць у сабе гэту догму…
    … … Куды лягчэй пераканаць сябе у тым, што раздача зямлі – гэта РЭСТАЎРАЦЫЯ ДРОБНАБУРЖУАЗНАГА ЎКЛАДУ ў весцы. Але ці есць аснова так лічыць? Думаю, няма. Бо ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ сельскія гаспадаркі базіруюцца ТОЛЬКІ на АСАБІСТАЙ ПРАЦЫ.
    ЗЯМЛЯ –СВЯТАЯ ІСТОТА, “маці-карміцелька”, ЁЙ пакланяліся, ЁЙ спавядаліся, каяліся. І ці далёка мы прайшлі наперад, вылучыўшы жудасныя лозунгі накшталт такога: нельга чакаць міластыні ад прыроды, узяць яё– наша задача. Нельга дапусціць, каб і далей парушалася экалогія прыроды і экалогія духу. Нельга і далей адлучаць селяніна ад зямлі. Трэба аддаць ЯЕ яму. І калі селянін адчуе, што гэта надзейна і надоўга, калі ён вернецца да ЗЯМЛІ, як дачасткі свайго ”Я”, то гэта будзе ПЕРШ ЗА ЎСЁ ДУХОЎНАЕ АЧЫШЧЭННЕ і АБНАЎЛЕННЕ.”.( Часопіс “Беларусь”, №3 «Вялякі перадзел?»).

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика