10 снежня ў Магілёве адбылася вечарына, прысвечаная 60-годдзю Яўгеніі Янішчыц. Гасцямі мерапрыемства, арганізаванага Палацам культуры вобласці і Магілёўскай суполкай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, сталі больш за 50 магілёўцаў.
Пасля ўступнага слова вядоўцы вечарыны, старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Асадчая надзвычай пранікнёна распавяла прысутным пра лёс Яўгеніі Янішчыц, яе геніяльную паэзію. Дарэчы, у жніўні падчас вандроўкі па Берасцейскім Палессі сябры Магілёўскага ТБМ наведалі малую радзіму паэткі, пабылі ў літаратурным музеі Я. Янішчыц ў Парэччы.
Наступным выступоўцам стаў магілёўскі пісьменнік Віктар Арцем’еў, які распавёў пра прыезды Яўгеніі Янішчыц у наш горад у 1976 і 1981 гг. Пры гэтым сп. Арцем’еў падкрэсліў, што “крыніца чыстай лірыкі Яўгеніі Янішчыц была і ёсць сёння на вышыні святла – яна запатрабавана чытачамі і служыць народу Беларусі”.
Найбольш працяглым атрымалася выступленне ў сп. Тамары Аўсянікавай – яна была аднакурсніцай Яўгеніі Янішчыц, жыла ў адным пакоі ў інтэрнаце з паэткай і сябравала з ёй. Таму не дзіўна, што сп. Тамара расказала прысутным пра шэраг малавядомых фактаў з біяграфіі Я. Янішчыц. Напрыклад, пра тое, што сярод аднакурснікаў Жэня Янішчыц лічылася матэрыяльна забяспечанай, бо адзін яе паэтычны радок каштаваў восем капеек, на якія тады можна было купіць шклянку малака і кавалак чорнага хлеба. Ці пра тое, што маладая паэтка найбольш любіла пісаць уначы, паклаўшы паперу на падаконнік і карыстаючыся святлом ад вулічнага ліхтара. Ці пра паездку Я. Янішчыц у ЗША на асамблею ААН у складзе беларускай дэлегацыі, калі паэтка, змушаная чытаць падрыхтаваныя “наверсе” прамовы, адчула сябе пешкай…
Супрацоўнік МДУ імя А. Куляшова Наталля Лебедзева звярнула ўвагу прысутных на сямейнае жыццё паэткі, на цыкл вершаў, прысвечаны сыну Яўгеніі Янішчыц Андрэйку.
Сп. Уладзімір Мартынюк падзяліўся ўспамінамі пра абставіны асабістага знаёмства з Я. Янішчыц, зазначыўшы, што яе паэзія – “глыток вады ў спёку, выратаванне ад смагі”.
Увогуле ж кожны з выступоўцаў вельмі шчыра і пранікнёна чытаў вершы Яўгеніі Янішчыц, у чарговы раз пераконваючы прысутных у неўміручасці яе лірыкі. Як падкрэсліў напрыканцы вечарыны А. Дзьячкоў, “сёння паэзія Янішчыц вучыць нас любові, а яе творчасць дапаможа нам жыць, працаваць і кахаць”.