This movie requires Flash Player 9
20.09.2011 | Тузін. Перазагрузка - 2

«Смысловые Галлюцинации»: сустрэць “Апошні дзень Зямлі” па-беларуску (mp3)


Расійскі рок-гурт з Екацерынбургу ўпершыню за 22-гадовую гісторыю наважыўся на моўны эксперымент і запісаў па-беларуску свой новы хіт «Апошні дзень Зямлі» са свежага альбома «Сделано в темноте» ў перакладзе Уладзя Лянкевіча. Лідар каманды Сяргей Бабунец меркаваў, што будзе нескладана, улічваючы падабенства беларускай і расійскай моваў. Але хутка прызнаў сваю памылку і быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».

“Смысловые Галлюцинации” – “Апошні дзень Зямлі”

Музыкі са «Смысловых Галлюцинаций» неаднаразова гаварылі пра сваю адкрытасць эксперыментам. Пра гэта сведчаць хаця б іх сайд-праекты, а таксама дуэты з іншымі выканаўцамі, шматлікія рэміксы, зробленыя на іх песні. Былі і моўныя эксперыменты. Так, іх хіт «Вечно молодой» пераспявалі ўжо па-ўкраінску і па-ангельску. Але, як сведчыць Сяргей Бабунец, яны самі ніколі не эксперыментавалі з іншай мовай.

«Ідэя заспяваць па-беларуску мне падалася цікавай. Меркаваў, што будзе нескладана, улічваючы некаторае падабенства нашых моваў. Прынамсі, лягчэй, чым заспяваць, да прыкладу, па-ангельску, — кажа лідар “Смысловых Галлюцинаций”. Але потым музыку давялося прызнаць памылку: калі яму даслалі пераклад, праспяваць па-беларуску з першага разу ў яго не атрымалася. «Прызнаюся, што быў у кроку ад таго, каб адмовіцца ад удзелу ў праекце. Але дасланыя варыянты літаратурнага перакладу з каментарамі , наспяваны па-беларуску тэкст ды іншыя дапаможныя матэрыялы зрабілі сваю справу. Давялося літаральна завучыць інтанацыі і вымаўленне, і ўсё ўрэшце атрымалася», — расказвае Сяргей. Ён выявіўся сапраўдным перфекцыяністам. Калі гурт ужо адаслаў прымальна запісаны беларускамоўны варыянт, музыка папрасіў дадатковых кансультацый, пасля якіх вырашыў перапісаць трэк наноў. «Шчыра кажучы, трохі хвалююся з нагоды таго, як успрымуць вынік носьбіты мовы. Я сапраўды настолькі шмат разоў напяваў беларускі тэкст, што некалькі разоў на канцэртах ледзьве не зблытаў яго з арыгіналам», — прызнаецца Сяргей.

«Смысловые Галлюцинации» вырашылі пераспяваць па-беларуску свой новы хіт «Апошні дзень Зямлі» са свежага альбома «Сделано в темноте». Пераасэнсаваць па-беларуску яго ўзяўся Уладзь Лянкевіч: “Ведаеце, калі я вучыўся ў школе, то з усіх шапікаў гучала “Зачем топтать мою любовь”, і яны падаваліся такімі далёкімі замежнымі музыкамі, а сёння амаль той самы я сяджу і перакладаю іх песню. Песню гурта, чыя музыка, сярод іншага, гучала ў культавым фільме майго дзяцінства — “Брат-2”. Адным словам, прыемна, што тыя самыя, вядомыя з таго часу “Смысловые Галлюцинации” спяваюць новыя песні, і спяваюць іх нават па-беларуску, і з маёй дапамогай”.

«У мяне былі незвычайныя эмоцыі падчас запісу, бо я разумеў, што спяваю на замежнай мове. А для мяне гэта сапраўды незвычайна», — дзеліцца эмоцыямі Сяргей Бабунец, якому пераклад прыйшоўся даспадобы. Праўда, ён зазначае, што спачатку яму падалося, нібыта па-беларуску ягоны тэкст гучыць трошкі смешна, але пасля глыбейшага асэнсавання анічога смешнага не засталося. «Беларускія словы абсалютна спалучыліся з настроем песні. У іх усё тая ж усясветная туга».

«Смысловые Галлюцинации» — частыя і жаданыя госці ў Беларусі. Дарэчы, дырэктар гурта і суаўтар песняў Алег Гененфельд мае беларускія карані. У Пінску нарадзіліся яго бабуля і маці. Музыкі лічаць нашу краіну выспай маральнага дабрабыту. Паводле іх прызнання, тут ім давялося сустрэць людзей з такімі якасцямі, як дабрыня, чуллівасць і адказнасць. «Гэтым на ўсёй постсавецкай прасторы ў такой ступені хіба толькі беларусы і могуць пахваліцца. Захоўвайце іх, калі ласка!» — заклікае Сяргей Бабунец, які, між іншым, з’яўляецца старшынём камісіі па культуры і мастацтве ў Грамадскай палаце Свярдлоўскай вобласці.

“Смысловые Галлюцинации” – “Апошні дзень Зямлі”
(сл. Алег Гененфельд, Сяргей Бабунец, муз. Сяргей Бабунец, бел. тэкст – Уладзь Лянкевіч)

Калі стане няважна сваё і чужое,
Калі на Зямлі застанецца нас двое,
Надыдзе самы апошні ў свеце ўзыход,
Мы знікнем з табой на многія тысячы год.

Прыпеў:
Я буду глядзець табе ўслед, пакуль не загіне свет,
Не памрэ святло, не загіне свет.
Я буду глядзець табе ўслед, пакуль не загіне свет,
Ў маіх вачах не загіне свет.

У фінале апошняя песня і тытры,
Скончыўся фільм нечакана і прыкра.
Мы на планеце двое астатніх людзей –
Нам больш не сустрэць анікога, ніколі, нідзе.


7 Каментаў у “«Смысловые Галлюцинации»: сустрэць “Апошні дзень Зямлі” па-беларуску (mp3)”

  1. Zaic says:

    Суперская праца ад суперскага гурта! Рэспект :)

  2. Zmicer says:

    Тэкст нiякi, а пераклад – яшчэ горшы. “двое астатнiх людзей” i дрэнна утоенае неразуменне рознiцы памiж “свет” i “святло”

  3. Visus says:

    вось гэта прыклад таго, як рускiя выканауцы працуюць над вымауленнем.

  4. хлапчук says:

    Малайчыны

  5. aj_na says:

    супер! вельмі крута! і гэта рэальна заўважна, што працавалі над вымаўленнем! малайцы і дзякуй ім за гэта!

  6. Zaic says:

    Дык сапраўды працавалі ;)

  7. Дар'я says:

    Клас! некаторыя беларусы так на мове не размауляюць, як яны спелi!!!

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика