Гэты выканаўца на сваёй дзялянцы зрабіў такую ж неверагодную рэч, як у свой час “Песьняры”, “Уліс”, “Палац” на сваіх. Ён адаптаваў актуальны музычны стыль пад беларускія рэаліі настолькі, што ён стаў сваім.
Ясна, што пры сваім узросьце і лякальнай вядомасьці SP Kava аўтаматам будзе залічвацца яшчэ 5, а то і 10 гадоў у яскравыя дэбютанты, хоць гэты выканаўца можа ўжо з поўным правам лічыцца заслужаным рэпэрам гэтае краіны. Ён сьвядома пачаў чытаць рэп яшчэ ў 16-гадовым узросьце ў складзе дуэту PANaNieba зь Вялейкі, уваходзіў ужо ў легендарную суполку M.U.Skol, зь якой выйшла цэлая генэрацыя тутэйшых рэпэраў уключна з Каржом, атрымаў “Дэбют году” ад Experty.by у складзе PANaNieba ды прадэманстраваў свае магчымасьці ў сольным праекце. Праца “яМы” працягвае канцэптуальна, ідэйна і музычна яго папярэдні рэліз “Што табе сьніцца”. Цяпер Sp Kava прасоўваецца яшчэ далей: яго тэксты сталі глыбейшымі, аранжыроўкі – багацейшымі, падача – вальнейшай.
Сваёй творчасьцю аўтар “яМаў” абвяргае ўсе стэрэатыпы пра рэп агулам і беларускі рэп у прыватнасьці праз сваё навязьлівае жаданьне быць непадобным ні да кога. Ён вольна абыходзіцца з аранжыроўкай, сьмела далучаючы жывыя інструмэнты да электронікі. З такой жа нязмушанасьцю і натуральнасьцю ён падыходзіць да тэкстаў (яны найвышэйшыя!), пісьменна расстаўляе акцэнты і мае што адказаць Мулявіну бяз патасу і максымалізму (“Думалі”). Пры гэтым можа спакойна канстатаваць: “Майму пакаленьню тут н..уй лавіць” (“яМы”). І беларускі кантэкст, створаны дзякуючы выкарыстаньню флейты, дуды ды пазнавальнаму вакалу Надзеі Процькі з гурта Pawa, тут глядзіцца ня штучна прыробленым, а абсалютна лягічным.
Праца “яМы” – жывая матэрыя, дзе слова і музыка маюць сваё месца, а па выніку ўтвараюць арыгінальны творчы канцэпт. Зроблена ўсё з такім веданьнем, розумам і запалам, што можна падумаць, нібы на гэтых землях людзі спрадвеку прадукавалі такую музыку. “яМы” – вельмі беларускі альбом, які пры гэтым ўяўляе каштоўнасьць ня толькі як цікавы артэфакт тутэйшае культуры. Ён цалкам уключаны ў музычны сусьвет і можа разглядацца як здабытак у сваім канкрэтным стылі. Пытаньне толькі ў тым, каб выйсьці на шырокі абсяг.
Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін