У межах праекту «Re:Песьняры» рэперы SP Kava i Angst напісалі ліст Уладзімеру Мулявіну і Янку Купалы. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі.
У адрозьненьні ад іншых удзельнікаў праекту SP Kava i Angst не працавалі з матэрыялам «Песьняроў». Яны вырашылі пайсьці іншым шляхам і напісаць свой твор, у якім ясна выказаць свае думкі. «Час, якому належым мы такі, што цяперашняе пакаленьне можа і ня ведаць “Песьняроў”, нават не адрозьніваць іх ад, напрыклад, “Сяброў”. Не адчуваць іх безумоўнага ўплыву на сёньняшнюю музыку Беларусі і агульнага культурнага значэньня іх творчай спадчыны. Гучыць гэта, магчыма, па-блюзьнерску, для кагосьці непраўдападобна, а, мо і занадта пэсымістычна — тым ня менш, хоць штосьці ад ісціны ў гэтым ды ёсьць. І тут ужо цалкам бясспрэчнай робіцца неабходнасьць звароту новых музыкаў да спадчыны беларускай легенды», – тлумачаць выканаўцы сваю матывацыю ўдзелу ў праекце.
Трэк «Думалі» быў заплянаваны як ліст ад прадстаўнікоў сёньняшняга пакаленьня — і Ўладзіміру Мулявіну, і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі. Сэмплаваньне дае магчымасьць ужыць любыя пазнавальныя і ня надта ўрыўкі музычнай кампазіцыі (уласна ісама песня «Малітва» скампіляваная з двух розных вершаў Янкі Купалы), але ў «Думалі» абраная іншая стратэгія. SP Kava i Angst тлумачаць, што за рытмічную аснову трэка ўзятае зашыфраванае ў купалаўскім вершы слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Менавіта ў гэтым быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленьню: вялікая колькасць магчымасьцяў і спосабаў існаваньня і, вядома, у якасьці ключа — малітва за будучыню Беларусі.
Выканаўцы маюць спадзеў, што слухачы прымуць іх досыць сьмелае творчае рашэньне. Яны перакананыя, што бранзавеньне шкодзіць ня толькі жывым творцам, але і здароваму існаваньню іх творчасьці, а таму паўстае і другая неабходнасьць для нашчадкаў у адносінах з мастацтвам: весьці размову з матэрыялам і пераасэнсоўваць зробленае да іх.