SP Kava вырашыў паўстаць супраць безаблічнага капіявання рэп-канонаў і прапанаваць свой варыянт развіцця падзеяў. Дзеля гэтага для запісу свайго новага сінглу ён запрасіў дудара і гітарыста. «Калі прыхільнікам тру-рэпу мая песня прыйдзецца не даспадобы — значыць, я дасягнуў сваёй мэты», — заявіў выканаўца.
DOWNLOAD: MP3 320 (8.5MB) | ALAC (24.5MB)
SP Kava распавядае, што запіс яго песні «Што са мной?» пачалася з намацвання свежага гучання. «Тыя, для каго ўсё „прачытанае-пад-біт“ гучыць не на адзін манер, ведаюць, што рэп цяпер — далёка не кансерватыўны напрамак і далёка не заўжды прымітыўная ў інструмэнтальнай частцы музыка», — тлумачыць выканаўца сваё імкненьне зрабіць адметны трэк. Ён пагаджаецца з тым, што традыцыя ўнутры жанру моцна ўплывае на гук, але не прымае таго, што ў многіх галовах разуменне гэтага зводзіцца да капіявання тых, хто гэтыя традыцыі ствараў. «Вызначаць твар музыкі ў сваёй краіне не мусяць чужыя людзі — нават калі гэта суседзі», — перакананы SP Kava.
У запісе яго новага трэку, прадстаўленым на Tuzin.fm, узялі ўдзел таксама дудар і гітарыст. З дударом Вячкам Красуліным (гурт «Кашлаты Вох») выканаўца пазнаёміўся падчас выступу на «Басовішчы-2012» і ўдзячны яму за спраўджанне даўняга плану — трошкі «сапсаваць» аўтэнтычны інструмент рэперскім бітком. Як зазначае SP Kava, «унутраныя супярэчнасці героя песні акурат і вырашаюцца сутыкненнем дуды з ужо магчыма навязлым дабстэпавым напільваннем». Жывую гітару для трэку запісаў Тарас Апарык з гурта «Планета всех». Выканаўца кажа, што якраз паводле гэтага трэку можна будзе меркаваць пра стыль яго будучага сольнага альбому, які цяпер рыхтуецца.
Выканаўца ў сеціве — spkava.by