У пачатку 1410 г. вялікі князь літоўскі Вітаўт меў загадкавую сустрэчу з каралём Венгрыі Жыгімонтам Люксембургскім, будучым імператарам Святой Рымскай імперыі. Вітаўту прапаноўвалася каралеўская карона за падтрымку крыжаносцаў і зрыў ваеннага саюза з Польшчай. Калі б сын Кейстута пагадзіўся, то Грунвальдскай бітвы магло і не быць, а так жаданая карона ніколі не была так блізка. Аднак літоўскі гаспадар не здрадзіў свайму стрыечнаму брату Ягайлу. Што ж звязвала на шалях палітыкі (бо крэўныя сувязі зусім не гарантавалі партнёрскіх стасункаў) двух харызматычных братоў?
З верасня 1409 г. паміж Нямецкім ордэнам з аднаго боку і саюзніцкімі Польшчай і Літвой з другога ішла “Вялікая вайна”. Такую назву яна атрымае потым, калі сталі відавочнымі і зразумелымі ашаламляльныя вынікі Грунвальдскай бітвы. А цяпер, пасля першага раўнду нязначных сутыкненняў, было цяжка ўявіць, чым скончыцца вайна і хто атрымае перамогу.
За крыжацкім Ордэнам, як ні круці, стаяла ўся Еўропа. Увасабляючы ідэю крыжовых паходаў, рыцары-манахі працягвалі лічыцца авангардам у барацьбе з паганцамі. Распаўсюджваючы каталіцкую веру “агнём і мячом”, да іх з’язджаліся нашчадкі слаўных рыцараў з усёй Еўропы, усе тыя, хто хацеў пакрыць сябе несмяротнай славай хрысціянскіх трыумфатараў. Той факт, што Літва колькі гадоў ужо была пахрышчаная, не перашкаджала “вучыць” жамойтаў і літоўцаў правільнай веры.
Вітаўт меў цягам свайго жыцця не найгоршыя стасункі з Ордэнам. Можна сказаць нават, што менавіта крыжакі некалькі разоў прыходзілі літоўскаму князю на дапамогу ў тонкіх міжнародных справах. Менавіта ў рыцарскіх замках ён хаваўся пасля замаху Ягайлы на яго бацьку Кейстута. Вітаўт з 1392 г. кіраваў Вялікім Княствам, але поўнай легітымнай улады не меў – гаспадаром па-ранейшаму лічыўся Ягайла, які проста перадаў ВКЛ у кіраванне свайму ўплывоваму стрыечнаму брату. Дзесьці гэта было звязана з тым, што Ягайла не паспяваў справіцца з вялізнымі і стракатымі абшарамі падуладнай тэрыторыі, у чымсьці ён шукаў апору ў сваіх братах і сваяках, імкнучыся залагодзіць старыя канфлікты і знайсці прымальны баланс у адносінах з імі, маючы ў тым ліку на ўвазе і дынастычны інтарэс.
Пэўна, што літвіну з літвінам было лягчэй паразумецца… Але Вітаўт з маладых гадоў вызначаўся велізарнай амбітнасцю што да палітычных планаў. Дзякуючы падтрымцы Ордэна яму ўдалося за некалькі год набыць значную палітычную вагу. Паразуменне з Ягайлам у 1392 г., было, безумоўна, поспехам. Але жаданне быць абсалютным лідарам не пакідала Вітаўта.
Без замежнай дапамогі тут цяжка было абысціся. У 1398 г. раптоўна Вітаўт заключае з Нямецкім ордэнам Салінскае пагадненне. За спінаю Ягайлы вымалёўваўся грозны саюз літвінаў і крыжакоў. Даследчыкі салідарна прыходзяць да меркавання, што Вітаўт імкнуўся стаць незалежным ад Ягайлы, шукаючы новыя пункты апоры для ўлады па-за межамі сваіх уладанняў.
Шукаліся яны перадусім на ўсходзе – Вітаўт хацеў замацаваць сваю ўладу за кошт падпарадкавання славянскіх княстваў і знішчэння Залатой Арды. З гэтай мэтай у 1399 г. была арганізаваная грандыёзная выправа на ўкраінскія землі, якая скончылася такім жа грандыёзным разгромам пад Ворсклай.
І наступіла ацверазенне. Вітаўт усё-такі быў прагматычным, рэальным палітыкам. Ён зразумеў, што ўласнага патэнцыялу ён мае занадта мала, каб адным ударам разбіць непрыяцеляў і зрабіцца цалкам самастойным у промнях ваенных поспехаў. Калі ён хоча застацца ў найвышэйшых шэрагах улады, то цяпер усё павінна было быць інакш.
Паход пад Ворсклу, калі ўважліва паглядзець, з самага пачатку выглядаў авантурным прадпрыемствам. Польскі кароль Ягайла выдатна гэта ўсведамляў. Ён не перашкаджаў Вітаўту ні збіраць войскі, ні рухацца на Дзікі Стэп. Як пры Кулікоўскай бітве, Ягайла заняў чакальную пазіцыю. І яна яго не падвяла. Бо нават калі Вітаўт адолеў бы хана Едыгея, наўрад ці ў валадара ВКЛ хапіла б магчымасцяў і сродкаў утрымаць у сваіх руках вялізныя і адлеглыя ўскраіны.
Цяпер жа Вітаўт быў вымушаны звярнуцца да брата і пацвердзіць двухбаковы саюз Княства з Польскай Каронай. У 1401 г. падпісваецца Віленска-Радамскае пагадненне, якое, па сутнасці, дало пачатак цеснаму супрацоўніцтву дзвюх краін. Ягайла захаваў дынастычныя правы на Літву, па-ранейшаму лічачыся яе вярхоўным уладаром. Вітаўт жа меў рэальную ўладу і магчымасць дзейнічаць па ўласным разуменні. А там, што называецца, час пакажа…
У 1410 г. галоўным “яблыкам разладу” заставалася Жамойць, праз якую ў Ягайлы і Вітаўта моцна пагоршыліся стасункі з Нямецкім ордэнам. Калі Вітаўт таемна сустракаўся з Жыгімонтам Люксембургскім, менавіта яна – непакорлівая вобласць, заселеная балтамі, – ляжала на шалях вялікай палітыкі. Вітаўт не паддаўся спакусе аддаць яе крыжакам. Да таго часу ён ужо цвёрда вызначыўся з арыенцірамі ў сваім праўленні. Іх было тры: каталіцтва, саюз з Польшчай, моцная цэнтралізаваная ўлада.
Ордэн не меў шанцаў на згоду Вітаўта. Ён быў ужо не такі, як 10-15 гадоў таму, калі лавіраваў паміж рознымі сіламі ў пошуках уласнага інтарэсу. Выбар быў зроблены, і далейшая гісторыя пацякла па знаёмым для нас сцэнары…
Андрэй Янушкевіч