З адміністратарам беларускамоўнага моладзевага сайта “Спатканне” гутарыла Ганна Валынец.
Як узнікла ідэя
Калісьці натыкнуўся на адзін беларуска-ангельскі сайт знаёмстваў (беларуская версія на ім, праўда, была недапрацаваная). Але, на жаль, сайт хутка спыніў сваё існаванне. Я больш не знайшоў беларускамоўных сайтаў знаёмстваў і па сёння. А паразмаўляць з беларускамоўнамі дзяўчатамі так хацелася! І тады я вырашыў сам зрабіць такі сайт. Было тое два гады таму. Распрацаваў дызайн, аднак праз няправільную трактоўку мной беларускага заканадаўства запускаць праект не стаў. Пасля зразумеў свае памылкі. І вось сёлета я пачынаю працу з новай старонкі. Але якая яна будзе?
spatkanne.by-eu.com – што гэта?
Трэба адрозніваць сацыяльныя сеткі ад сайтаў знаёмстваў. Думаю, вы разумецее розніцу паміж “лавплэнет” ды “вконтакце”). У нашым выпадку карыстальнікі мэтаскіравана заходзяць на старонку, каб завесці знаёмства, але з беларускамоўнай дзяўчынай/хлапцом.
Чаго б хацелася дасягнуць
Памятаю, як у Бабруйск завітаў бард Зміцер Бартосік. Ён пажартаваў: “беларускамоўныя будуць памнажацца ды змяняць стан у лепшы бок, бо задавім колькасцю”. У гэтым часткова і ёсць мэта працы “Спаткання”.
Хай гэты праект непрыбытковы і можа доўга не праіснаваць, але я яго рабіў для сябе, для душы… Чамусьці ўспомніліся радкі “Вінцэнта”:
“А на вяршыні толькі тыя, хто не раз спатыкаўся,
Хто ляцеў і падаў, потым зноў падымаўся”.
Моладзь пачынае размаўляць па-беларуску актыўней, калі беларуская мова прысутнічае ў сеціве. Таму чым больш там будзе роднай мовы, тым лепей. Павінна быць шмат моладзевых сайтаў, якія будуць даносіць да сваіх аўдыторый тэзу “Быць Беларусам – гэта модна і прыстойна”.
Далейшае існаванне
Якім будзе далейшае існаванне? Цяжка сказаць. Будзем правіць розныя “вушакі”, якія паступаюць ад карыстальнікаў. Бо існуюць значныя недапрацоўкі.
Што будзе вынікам дзейнасці? Яшчэ ў дзяцінстве ў мяне была мара распачаць кампанію пад умоўнай назвай “Байнэт будзе наш!” – пераклад розных рухавічкоў на беларускую мову, дапамога ў іх усталёўцы. Таму, спадзяюся, вынікам працы будзе рэалізацыя такой маштабнай акцыі.
Водгукі
“Адміністрацыя ветлівая, з пачуццём гумару, думаў, забаняць пасля першага паведамлення; “вушакі” выпраўляюць аператыўна. Адным словам, сістэмай карыстацца можна і нават трэба!
Жадаю ўсім як мага больш знаёмстваў праз сэрвіс “Спатканне”, а сэрвісу “Спатканне” – зрабіць падтрымку класічнага правапісу”.
А ёсць і іншыя: “Не позорьтесь” – гэта калі прасоўваеш сярод расійскамоўнай часткі. Але і там знаходзяцца тыя, хто цікавіцца… Што выклікае ўсмешку да вушэй :).