У беларускамоўнага рэжысёра Андрэя Саўчанкі, які прыйшоў да беларушчыны ў сталым і свядомым узросце, кожны дзень практыкі беларускай мовы ў публічнай прасторы дае матэрыял для яго спектакля “Бі-лінгвы”.
Падчас сустрэчы ён падзяліўся зусім свежым прыкладам.
Набываў цыгарэты. Папрасіў:
— Дайце, калі ласка, цыгарэты “**” блакітныя.
— “**” какие?
— Блакітныя
— Это какие?
— Не чырвоныя і не шэрыя, а блакітныя.
— А…
Чарговы паказ спектакля “Бі-лінгвы” адбыўся 31 траўня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Спектакль — доўгатэрміновы аўтарскі праект, які дапаўняецца, робіцца інтэрактыўным, максімальна ўключае гледача ў дзею.
Сам быў сведкам таго, як на рэпетыцыі спектакля адна з глядачак, якая заканчвае звычайную сталічную школу, прызналася, што не можа наважыцца размаўляць па-беларуску, але такая патрэба існуе. Наступны раз пасля чарговага прагляду адбылася дыскусія. Дзяўчына прамаўляла ўжо па-беларуску.
Як шмат кім ужо адзначалася, беларуская сітуацыя хутчэй нагадвае моналінгвізм, калі беларуская мова застаецца толькі прыдаткам, неабавязковым для карыстання, тым больш у публічнай прасторы.
Спектакль такім чынам падкрэслівае сваю сацыяльную місію, сыходзячы са сцэны ў штодзённасць. Па самых песімістычных прагнозах, культуры ўжо даўно быў наканаваны лёс рэзервацыі ў сучасным спажывецкім грамадстве. Такой рэзервацыяй з’яўляецца беларускамоўны тэатр, дзяржаўны і незалежны. Што тут казаць пра беларускую мову? Папулярызаваць мову, канечне, можна і трэба, і шмат намаганняў робіцца дзеля гэтага на розных узроўнях, у тым ліку і дзяржаўным, а вось як з ёй выйсці ў публічную прастору? Гэтыя пытанні паўстаюць у сувязі са спектаклем. Адказ знайсці амаль немагчыма. Адказвае рэчаіснасць, калі, напрыклад, у краме мы спрабуем папрасіць “кансерву, куранятаў з сэрцам, альбо свініну з гароднінай”. Але рэжысёр сваім праектам спрабуе выйсці з гэтай моўнай рэзервацыі, легалізуючы сваё права карыстацца роднай мовай.
Калі паспрабаваць разгадаць метафару “кураняці з сэрцам”, можна ўявіць пэўную істоту, якая ўсё ж паслугоўваецца мовай, але неяк несвядома гэта робіць. Мова літаратурная на гэтую істоту ўздзейнічае як непатрэбная казань, якая настаўляе не на шлях выпраўлення, а наадварот, выклікае раздражненне. Карацей, кураня з сэрцам, але і з вялікімі комплексамі і размаўляе на трасянцы. Вось “вялікадзяржаўная” мова чамусьці не спараджае розных комплексаў. А калі выракаешся сваёй мовы, якая больш блізкая, але не мае статусу ўніверсітэцкай, акадэмічнай, “вялікадзяржаўнай”, з’яўляюцца комплексы, калі хтосьці нахабна нагадвае ў публічнай прасторы, што, аказваецца, можна і па-літаратурнаму, па-высокаму на ёй размаўляць. Спектакль выкрывае гэтыя самыя парадаксальныя рысы беларускай душы.
З аднаго боку, можна сцвярджаць, што моўнае пытанне не вырашаецца ў краме. Пытанне толькі ў тым, хто з’яўляецца носьбітам мовы сёння і як доўга будзе працягвацца беларуская моўная траўма. Носьбітамі мовы могуць быць свядомыя карыстальнікі, якія змогуць легалізаваць яе ў публічнай прасторы. Гэта і ёсць галоўны герой спектакля, якога рэжысёр выпрабоўвае на сабе ў штодзённым жыцці, калі карыстаецца беларускай мовай у краме, каля шапіка і г.д. Актуальны, новы герой для беларускай драматургіі.
Удалая творчая знаходка аўтара яшчэ і ў тым, што глядач лёгка атаясамлівае сябе з героямі п’есы, часамі нават бачыць сябе як у люстэрку, з тымі ж дылемамі ў пытаннях мовы, светаадчування.
Інтэрактыўнасць спектакля ў тым, што ўсе ахвочыя могуць выказацца, пакінуць свой маналог на гэтую актуальную для беларускага грамадства тэму. Спектакль “Бі-лінгвы” ажыццяўляе гуманітарную місію беларусізацыі грамадства. У сувязі з гэтым праекту наканаваны доўгі век, яго абсяг дзеяння цяжка акрэсліць, і абыякавым у пытанні мовы ён не пакідае нікога. Але калі місія скончыцца, змест спектакля перастане быць актуальным, хваляваць. Яркі і цікавы творчы эксперымент. Непрадказальнае жыццё мовы…
Ягор Сурскі