Спектакль Вільнюскага дзяржаўнага Малога тэатра паказалі ў Магілёве ў рамках Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму “М@рт-кантакт”. «Мiстрас» — пастаноўка літоўскага рэжысёра Рымаса Тумінаса па п’есе вядомага драматурга Марыуса Івашкявічуса. Гэта п’еса пра апошнія гады жыцця Адама Міцкевіча ў Парыжы.
Спектакль ідзе на літоўскай мове, таму ўсе гледачы атрымалі навушнікі, дзякуючы якім можна было слухаць сінхронны пераклад. У папярэднія дні фестывалю гледачы ўжо бачылі замежныя спектаклі з субтытрамі, так што многія ўздыхнулі з палёгкай — з сінхронным перакладам глядзець спектакль нашмат прасцей і цікавей. Ды і перакладчык перыядычна гумарыў, так што гледачы раз-пораз смяяліся ў самых ўрачыстых месцах.
Сам спектакль вельмі нагадвае булгакаўскіх «Майстра і Маргарыту» — тыя ж евангельскія матывы, у чымсьці гратэскныя персанажы, нячыстая сіла і кропелька вар’яцтва. «Мiстрас» — гэта польскае слова, якое азначае пасвечанага, майстра таемных навук. Гэты майстар — рэальная гістарычная асоба, настаўнік Міцкевіча Анджэй Тавяньскі. Акрамя таго, у спектаклі з’яўляюцца Жорж Санд, Анарэ дэ Бальзак, П’ер Леруа, Фрэдэрык Шапэн. Усе яны перабольшана багемныя, усе па-свойму вар’яты. Тое, што адбываецца на сцэне, быццам і трагічнае, але ўвесь час выклікае ў гледача смех, і гэтыя скокі ад драмы да фарсу трымаюць у напрузе.
Спектакль вельмі выразна паказвае, наколькі насамрэч чалавечныя ўсе тыя, каго мы так лёгка ставім на п’едэстал: паэты, рэвалюцыянеры, кампазітары. Што яны чысцяць бульбу і спрачаюцца аб нацыянальнай ідэнтычнасці, шукаюць золата і блююць падчас гайданкі, і што нікому з іх не дадзена сапраўды бачыць будучыню, што іх ідэі ўтапічныя, а мэты — не заўсёды дакладныя. І што заўтра нехта народзіцца, а хтосьці памрэ. І нічога не зменіцца.
Марыя Гілёва