Сумесная культурная кампанія Беларусі і пяці краінаў Еўрасаюза скіраваная на тое, каб аб’яднаць музыкаў, мастакоў і фатографаў.
Прэзентацыя еўрапейскай культурнай кампаніі адбылася 3 сакавіка ў гатэлі “Еўропа” у Мінску. Яе завадатарамі сталі грамадскія арганізацыі з Літвы, Нямеччыны, Швецыі, Эстоніі, Партугаліі, якія зацікаўленыя ў прасоўванні культурных ініцыятыў паміж Беларуссю і Еўропай. З беларускага боку кампанію прадстаўляе супольнасць “Ліберальны клуб”. Яе таксама падтрымала Міністэрства культуры Беларусі і прадстаўніцва ЕС у Беларусі. Адзін з арганізатараў кампаніі Аляксандр Апейкін зазначыў, што мэта праекту – наладзіць творчыя кантакты між арт-коламі Еўропы і Беларусі і тым самым разбурыць перашкоды, што замінаюць культурнаму развіццю.
Аляксандр Апейкін
Кампанія разлічаная на два гады і ў ёй будуць удзельнічаць творцы з Беларусі, Нямеччыны, Літвы, Партугаліі, Швецыі ды Эстоніі. Плануецца набраць 35 чалавек з беларускага боку і 35 з іншых краінаў. Ад красавіка да кастрычніка 2011 году культурныя візіты ў Еўропу зробяць беларусы, з сакавіка да кастрычніка 2012 году беларускія гарады прымуць замежных гасцей. У кастрычніку 2012 году будуць падведзеныя вынікі і адбудзецца двухдзённы гала-канцэрт у Мінску. Усе ўдзельнікі змогуць таксама паказаць свае працы на трох транспамежных фестывалях – “Басовішча” (Польшча), Be Free (Україна) і Be2gether (Літва).
Прыём заяваў ад музыкаў, фатографаў і мастакоў працягнецца да 20 сакавіка. Кожны ахвочы ўзяць удзел у праекце можа даслаць заяўку на электронную скрыню [email protected], даслаўшы інфармацыю пра сябе, узоры сваіх твораў і кароткі адказ на пытанне “Чаму менавіта вы падыходзіце для ўдзелу ў праекце”.