Стары добры ТЮГ: Тэатр юнага гледача адкрыўся пасля рэканструкцыі “Сіняй птушкай”
Тэатр юнага гледача паказаў на адрамантаванай пляцоўцы спектакль паводле п’есы Марыса Метэрлінка “Сіняя птушка”.
Першы свядомы самастойны паход у тэатр для мяне быў у ТЮГ. Таму адкрыццё новага тэатральнага будынка – гэта нешта звышасаблівае. Адчуваецца нейкая нервознасць супрацоўнікаў тэатра, бо ім дастаўся сапраўдны палац: паркет і мармуровыя сцены блішчаць, дзверы і крэслы чысцюткія, усё ўзнёсла і ўрачыста. Я вось умудрыўся ўжо на другі дзень на гэтую самую чысціню пасягнуць (пра што публіцы расказала ў сваім фэйсбуку Марыя Мартысевіч, мне тут ганарыцца няма чым, таму падрабязна гаварыць не буду), зрабіў тое не са зла і, вядома, вінаваты перад тэатрам і яго супрацоўнікамі, пра што мне няцяжка яшчэ раз напісаць асобна, публічна і афіцыйна.
Я вельмі рады за супрацоўнікаў Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, што яны нарэшце вярнуліся дамоў, і зычу доўгіх і плённых гадоў працы ў родных сценах!
Вядома, мне, адэпту тэатраў у падвалах і гаражах, хацелася б, каб дзецям было сёе-тое можна ў новым будынку, дзецям у меншай ступені патрэбны палац, у значна большай – дзіцячая пляцоўка. Зрэшты, гэта нагода для палемікі, і не мне ўказваць ТЮГу правілы паводзінаў ва ўласным будынку.
Тым больш што ў іх няблага атрымліваецца. Я лічу, што спектакль “Сіняя птушка” ў мастацкага кіраўніка тэатра Уладзіміра Савіцкага атрымаўся выдатным. Гэта прыклад традыцыйнага тэатра, які вельмі добра працуе з увагай аўдыторыі. Апошнім часам любяць казаць (не ў апошнюю чаргу я), што маладая аўдыторыя змянілася, што ёй патрэбны спецыфічны спосаб узаемадзеяння са сцэнічнай дзеяй. Уладзімір Савіцкі гэта сваёй рэжысурай часткова абвяргае. Мне прыемна было бачыць, як малыя гледачы ўзнімаліся з крэслаў і выбягалі ў праходы, каб лепш пабачыць, што адбываецца на сцэне. Сцэнічная прастора была арганізаваная досыць простымі сродкамі, хоць і з дапамогай новых інавацыйных магчымасцяў: паваротнае кола з пад’ёмнымі платформамі дазваляла дынамічна змяняць месца дзеі, выяўляць вострыя характарныя мізансцэны. Сапраўды цікава было назіраць, хто супраць каго змагаецца і хто за кім пагнаўся. Дзве дзеі, па гадзіне кожная, пралятаюць незаўважна. У зале быў звычайны “культпаход”, але я не адчуў, каб увага гледачоў была нейкім чынам дэцэнтралізаваная. Рэжысёр Савіцкі па-майстэрску збірае ўвагу ў адзін пункт, і гэтыя пункты чапляюцца адзін за аднаго.
Заўвага толькі адна: ёсць некалькі момантаў, калі на сцэне адбываецца абстрактная дзея (напрыклад, прадстаўленне стыхій, што пойдуць разам з Цільціль і Міціль), і голас з дынамікаў гучыць так гучна, што цалкам губляеш менавіта гэты самы пункт увагі. Незразумела ні хто кажа, ні дзе…
Але збольшага ў гэтым спектаклі адбылося самае галоўнае – атрымалася расказаць гісторыю. Хлопчык і дзяўчынка палююць на птушку, каб дапамагчы суседскай дзяўчынцы. Савіцкі шмат зрабіў для таго, каб галоўныя героі былі жывымі і харызматычнымі. Дзмітрый Козел (Цільціль) і Наталля Анісімава (Міціль) носяцца па сцэне як угарэлыя. Яны падаюцца вельмі прастадушнымі, і гэта робіць вобразы блізкімі ўсім узростам. Яны амаль ніколі не застаюцца на сцэне адны. Увесь час вакол іх шмат другасных персанажаў ці масоўкі, харэаграфію для якой рабіла Дзіна Юрчанка, і рухаюцца ўсе гэтыя дрэвы і здані досыць выразна. Але галоўныя героі ўсё адно застаюцца заўважнымі.
Калі ў двух словах сказаць пра астатніх выканаўцаў, то п’еса ідэальна напісаная для такой вялікай трупы, якую мае ТЮГ. Ёсць што сыграць моладзі, і для кожнага заўважнага артыста таксама знойдзецца роля. Цікава з’яўляюцца на сцэне і Леанід Улашчанка (дзядуля), і Вера Кавалерава (Фея), і Ларыса Горцава, і многія іншыя. Пастаянна на сцэне побач з галоўнымі героямі маладыя артысты Генадзь Гаранскі, Андрэй Каламіец, Таццяна Ржаўская (Агонь, Цукар і Вада адпаведна). Неяк губляецца канфлікт паміж Коткай і Сабакам (Ганна Казлова і Іван Ушакевіч), яны таксама шмат працуюць пластычна, але спектаклю вельмі паспрыяла б, каб акцёры вынайшлі нейкія асаблівыя ноткі для сваіх герояў. Як гэта атрымалася ў Хлеба ў выкананні Аляксандра Зелянко.
“Сіняя птушка” – гэта прыклад “старога добрага тэатра для дзяцей”. Тэатр юнага гледача працягвае традыцыю добрых і прыгожых дзіцячых пастановак. Гэта не мюзікл, не блакбастар, пры ўсёй маштабнасці выкарыстання сцэнаграфіі і касцюмаў, пры ўсёй дынамічнасці дзеі, відавочна, што тэатр імкнецца да запаветнай размовы з гледачом.
Тэатр юнага гледача па-за канкурэнцыяй на гэтым рынку. Хаця б таму, што ніякага рынку тут няма.
Аляксей Стрэльнікаў