Гурт сярэднявечнай музыкі даў сольны канцэрт у перапоўненай зале Палаца ветэранаў. Ахвочых паслухаць “Старога Ольсу” было так шмат, што арганізатары вырашылі правесці дадатковы канцэрт.
“Стары Ольса” з вясны не выступаў з сольным канцэртам у Мінску, таму прыхільнікі старадаўняй музыкі яўна засумавалі. Квіткі на канцэрт 17 лістапада былі раскупленыя за чатыры дні да пачатку, так што арганізатары вырашылі прызначыць на дзень пазней дадатковы выступ музыкаў. Гэта пры тым, што “ольсы” не абяцалі нічога новага, хіба што новую лютню. Дзякуючы гэтаму, дарэчы, прагучаў рэдкі камерны блок з трох твораў, у тым ліку “Бог табе, Андрэю” – твор надзвычайнай прыгажосці, што напісаў у 1585 годзе Ян Козак у прысвячэнне паэту Андрэю Рымшу. Зміцер Сасноўскі па традыцыі па-добраму і па-злому кпіў цягам канцэрту з лютніста Іллі Кубліцкага, што вымушаны быў перыядычна падладжваць свой далікатны інструмент. Але ў пэўны момант падзякаваў Акадэміі музыкі, што выпускае такіх слаўных музыкаў, ды згадаў добрым словам невядомую дзяўчыну, якая кожны канцэрт дорыць “ольсам” цукеркі з каньяком.
На канцэрце ў Палацы ветэранаў “Стары Ольса” выступаў без аднаго са сваіх сталых удзельнікаў – Андрэя Апановіча. Калі Сасноўскаму даслалі запіску з пытаннем “Дзе літвін-троль?”, той толькі аджартаваўся, што канцэрту LitvinTroll тут сёння не плануецца. Апановіча часова замяніў бубнач Андрэй Войцэх, які ўжо колісь быў задзейнічаны ў гурце, калі Сяргея Тапчэўскага забралі ў войска.
Яшчэ ў пачатку, пасля выканання “Літвіна”, музыкі пажадалі прысутным “прыемнага падарожжа ў мінулае” і прыгадалі пра дзень студэнта. “Студэнты ў розныя часы напісалі нямала твораў”, – рэзюмаваў Сасноўскі. Музыкі сыгралі абраныя кампазіцыі з ранейшых альбомаў. Аснову складалі творы з “Полацкага сшытка”, агулам жа яны ажывілі творы, што гучалі ў Еўропе тры-чатыры, а то і сем-восем стагоддзяў таму. Самы ранні твор у рэпертуары – “Тоtentanz” ХІІІ ст. – музыкі выконваюць так даўно, што самім надакучыла. Таму яны вырашылі трошкі асвяжыць ды змяніць аранжыроўку. Скончыўся канцэрт масавым распяваннем “У карчме”.
У снежні “Стары Ольса” едзе з канцэртамі ў Гомель і Познань, а 25 снежня зноў выступіць у Мінску, гэтым разам у Re:Public, на традыцыйным “Калядным фэсце”. Музыкі паабяцалі на гэтай імпрэзе сыграць паболей сярэднявечных танцаў, каб людзі змаглі ўрэшце падняцца з месцаў і патанчыць уволю.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч