Гурт «Кассиопея» складае эксцэнтрычныя, наіўныя, простыя і вельмі прывязьлівыя песьні, выходзіць на сцэну то ў вэнэцыянскіх масках, то ў касьцюмах міжгаляктычных зайцаў, то ў накладных вусах, то ў цёмных акулярах. Як мінімум дзіўны гурт выклікае цікаўнасьць, ды й нагода добрая — другі альбом. Публікуем думкі музыкаў пра ўласную творчасьць, ролі ў гурце ды настальгію.
Канцэрты «Касіяпеі» — своеасаблівыя навагоднія ёлкі для дарослых, для тых, хто памятае музыку з савецкіх мультфільмаў, слухае сучасную індзітроніку, любіць глядзець на зоркі і марыць аб высокім. Гэта значыць — для тых, хто ў душы застаўся дзіцём. Cвае песьні Ільля Чарапко-Самахвалаў (вакал, тэксты, актор тэатра), Аляксандр Лібэрзон (клявішы, музыка, тэатральны гукарэжысёр), і Сяргей Сокалаў (гітара, грузчык, вартаўнік, снайпэр стралковай дывізіі) складаюць па матывах дзіцячых фільмаў, зборнікаў лягічных задач, аматарскіх вершаў і «Жывой мярцьвячыны» Пітэра Джэксана.