Чароўны аўтарскі сусвет, неабсяжны космас, дзе “ўсё жывое і ўсё жыве” (паводле Маргарыты Аляшкевіч) і дзе расце чароўнае дрэва энталіпт (ці энтапліт, ці энтапліпт, ці энтапілт, ці энтаплікт, ці як яно яшчэ завецца), увасоблены ў апавяданнях і вершах, што ўвайшлі ў першы зборнік Анкі Упалы “Дрэва энталіпт”.
Гульня са словамі і сэнсамі, вобразамі і аб’ектамі, прапанаваная аўтаркай, задала тон імпрэзе з нагоды выхаду кнігі, што прайшла 20 красавіка ў галерэі “Ў”.
Нават афіцыйная частка, якую распачаў рэдактар кнігі Алесь Пашкевіч, прайшла неяк весела і з гумарам.
“Кожны пісьменнік і ў прыватнасці беларускі пісьменнік павінен зрабіць у жыцці сама мала тры рэчы: падбаць пра дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, стварыць-напісаць-апублікаваць як мінімум адну кнігу (пажадана не забываць пра экалагічную сітуацыю і берагчы беларускія дрэвы) і з усёй адказнасцю прачытаць кнігу свайго калегі (пажадана, каб гэтая кніга была таксама пра дрэва)”, — адзначыў спадар Алесь, распачынаючы публічнае чытанне кнігі з “сакавіцкай старонкі, з самага любімага намі дня — 51 сакавіка (наўрад ці выпадкова, што прэзентацыя супала з гэтым знамянальным днём).
Сваёй радасцю з нагоды выхаду першай кнігі з серыі “Пункт адліку” (падсерыя дэбютных кніг) Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў падзяліўся з прысутнымі старшыня Саюза Барыс Пятровіч і дадаў, што ў планах выдаўцоў цягам года выдаць яшчэ каля васьмі кніг гэтай серыі.
“Яшчэ адна радасць — што справа хлопцаў і дзяўчат майго пакалення (з “Тутэйшых”) не пайшла ў пясок, а працягваецца. Некалі старэйшыя нам казалі: “Ну навошта вы выпендрываецеся, пішыце нармальна”. Цяпер вам старэйшыя так не скажуць, бо старэйшыя такія ж самыя. Пішыце!” — заклікаў спадар Пятровіч.
Вясёлы настрой, які задае “Дрэва энталіпт”, увасоблены ў ілюстрацыях і прыгожай вокладцы, што зрабіла мастачка Наталля Зямчонак. Ёй вельмі спадабаліся творы Алены, бо “настолькі жывыя тэксты, настолькі яскравыя ўсе персанажы, што нават калі б там не было ілюстрацый, вы б проста ўявілі ўсіх гэтых людзей, істот, жывёл, пачвар (не ведаю, як іх назваць). Таму я старалася маляваць персанажаў, якіх трэба трошкі дадумваць”.
Прадстаўляючы наступную выступоўцу, Анка Упала расказала, што калі яна пераехала ў Мінск і ёй вельмі не хапала камунікацыі, яе выратавала Алена Пятровіч, якая пакінула на сяброўку сваю кветку і даручыла яе даглядаць. Так Анка Упала захапілася кветкаводствам.
“Жыць з чужой кветкай цалкам этычна, у адрозненне ад таго, напрыклад, каб жыць з чужым мужам”, “Кветка вельмі рызыкавала, застаўшыся сам-насам з такой гаспадыняй, як я”, — толькі пара цытат з апавядання паводле гэтай гісторыі.
Заяўленае ў праграме “цудоўнае з’яўленне Балахона Балахонавіча і Вавёрыцы” адбылося не адразу (бо выключыўся кампутар). Тады паступілі прапановы назваць нумар “чароўным нез’яўленнем Балахона Балахонавіча”. Але ўрэшце адбылося, і прысутныя пачулі казку ў выкананні Сяргея Балахонава. Як удакладніла аўтарка, “у маіх апавяданнях часта з’яўляюцца мае сябры ці людзі, якія мне падабаюцца. Сяргей Балахонаў увасобіўся ў вобразе Балахона Балахонавіча Балахонава, які сустракаецца ў казках і дзейнічае разам з апаненткай Вавёрыцай”.
Пакуль Балахон Балахонавіч з’яўляўся, сваё “суровае рэзюмэ” агучыла Аксана Бязлепкіна:
“Маладыя пісьменнікі, каб стаць заўважнымі, мусяць узлазіць па дрэве беларускай літаратуры і караскацца ўверх. Алена зрабіла прасцей: яна магілёўская — магілёўскія ездзяць на ліфце. Яна ўвайшла ў ліфт, націснула кнопку і вылезла на пэўным паверсе. Лена, я зычу табе, каб ліфт падымаўся толькі ўверх і спыняўся толькі на тых паверхах, на якіх табе трэба”.
А Маргарыта Аляшкевіч прапанавала схематычную карту сусвету, створанага пісьменніцай (“бо ў крытыцы прынята гаварыць пра мастацкі свет аўтара, раскладваць яго па палічках”), — касмічнай прасторы з туманнасцямі, зоркамі, планетамі і каметай. Паміж іншым яна заўважыла:
“У гэтых галактыках ёсць гелій — гэта літаратура, усе гэтыя гіпертэкстуальныя сувязі, якія мацуюць сусвет, ёсць вадарод — гэта мова. Ёсць дзве матэрыі — гумар і ўтульнасць. Але ўсе гэтыя галактыкі яшчэ не даследаваныя, толькі абазначаныя. Мне найбольш спадабалася, што сусвет разамкнёны, што тут межы вельмі ўмоўныя, што дрэва расце паўсюль. Таму я спадзяюся, што галактыка будзе разрастацца, і мы пабачым асобныя кніжкі пра кожны яе куток”.
Амаль паўгадзіны доўжылася “дыфузнае яднанне” аўтаркі з тымі, хто прыйшоў на імпрэзу. Пачаліся конкурсы, за ўдзел у якіх дзяўчаты і хлопцы маглі атрымаць майкі і іншыя сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” (у тым ліку набор паштовак і дыск з мультфільмам) і торбачкі асабіста ад Алены. А трэба было ўсяго толькі прачытаць выразна вершыкі або невялічкія ўрыўкі апавяданняў з кнігі, каб журы, ацаніўшы артыстычнасць выканання, абрала пераможцаў. Хто чытаў запінаючыся ад хвалявання, хто — сур’ёзна, хто — з польскім акцэнтам, хто — аздобіўшы выступ тэатральнымі выкрунтасамі і нават падзеннем крэсла, але ўсе выразна. Барацьба разыгралася сапраўдная, на радасць публіцы, што ўзрывалася то нястрымным смехам, то захопленымі воплескамі.
Апошні тэкст вечарыны “Купалле і Калоссе” (зразумела, пра каго гаворка) Анка Упала разам з Юляй Цімафеевай прачыталі па ролях. Некаторыя ад смеху ажно праслязіліся.
Пры канцы імпрэзы ахвотныя перамясціліся ў кнігарню “Ў”, дзе прайшла аўтограф-сесія. Тым часам спадар Пятровіч падзяліўся ўласнымі ўражаннямі: “Талент заўсёды сам неяк праяўляецца. Гэта здараецца нечакана і непрадказальна. Для мяне гэтая кніга была таксама нечаканая, хоць я і ведаў, што Анка Упала даўно піша. Чаму нечаканая? Таму што ў нас шмат хто піша, але мала хто адважваецца выдаваць кнігу. На жаль, асабліва дзяўчаты. Так здараецца, што сярод дэбютантаў вельмі шмат цікавых творцаў, якія часам публікуюцца ў часопісах, часам — у газетах, але да першай кнігі даходзіць вельмі і вельмі мала. І я вельмі рады, што гэтая кніга выйшла, што ў людзей ёсць магчымасць прачытаць пад адной вокладкай усё, што напісала Алена. І я спадзяюся, што расчараванняў не будзе, што ў яе з’явіцца яшчэ больш прыхільнікаў і аматараў яе творчасці”.
Зарына Кандрацьева