Доўгачаканы канцэрт гуртоў “Akute” і “Разбітае сэрца пацана” прайшоў у магілёўскім клубе CUBA 2 лістапада. Стас Мытнік і Рома Жыгараў ужо даўно “спеліся” з “РСП”, вось і гэтым разам мінскія музыкі прыехалі, каб выступіць на разагрэве ў “Akute”. Так што менавіта з іх выступу і пачаўся канцэрт.
“РСП” у Магілёве любяць шмат у чым дзякуючы піяру Стаса і Ромы, уласна кажучы. Хоць у апошні час гурт не выпускае новых альбомаў, песні ўсё ж пішуцца, так што публіка змагла пачуць не толькі хіты, але і новыя кампазіцыі. “РСП” заўсёды лёгка разгойдвае залу, так што публіка хутка запоўніла прастору пад сцэнай.
Аднак больш за ўсё чакалі, вядома ж, выхаду “Akute”. Гурт гэтым разам здзівіў сваім новым складам — на змену Паўлу Філатаву прыйшоў новы бубнач. Зрэшты, прыхільніцы ўсё роўна больш увагі звяртаюць на Стаса і Рому, так што хутчэй за ўсё змяненняў амаль ніхто і не заўважыў. Свой новы альбом хлопцы прадстаўлялі яшчэ паўгода таму, так што нічога новага яны ў Магілёў не прывезлі. Зрэшты, фанаты радаваліся і ўжо даўно вядомым ім хітам. Прастору пад сцэнай, як заўсёды, акупавалі ў асноўным дзяўчаты, якія апантана падпявалі любімай групе.
Акрамя таго, у гэты вечар прайшлі і розыгрышы падарункаў, а таксама магілёўцы змаглі нарэшце купіць новы альбом “Akute” “Reaĺnaść i sny”, які на прэзентацыі ў красавіку хлопцы з сабой не прывозілі.
Марыя Гілёва