17 студзеня ў Магілёве прайшоў закрыты паказ спектакля «Постигая любовь» у пастаноўцы Свабоднага тэатра. Мерапрыемства ніяк не афішавалася, як, зрэшты, і заўсёды ў выпадку з гэтым тэатрам. Аднак на паказ прыйшло больш за пяцьдзясят гледачоў.Перад пачаткам спектакля арганізатары звязаліся з яго рэжысёрам і адным з заснавальнікаў тэатра Мікалаем Халезіным, які цяпер знаходзіцца ў Лондане. Рэжысёр павітаў магілёўцаў і трохі расказаў пра спектакль.
«Постигая любовь» – гэта, як кажуць самі акцёры і рэжысёр, дакументальны спектакль. У яго аснове ляжыць рэальная гісторыя Ірыны Красоўскай, жонкі забітага ў 1999 годзе бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. У пастаноўцы задзейнічаныя ўсяго тры акцёры і мінімум дэкарацый. Аднак гэта толькі дапамагае зрабіць большы акцэнт на эмоцыях. На некаторых момантах гледачы, якія сядзелі ў зале, нават плакалі – так адкрыта і шчыра грала Марына Юрэвіч (выканаўца ролі Ірыны Красоўскай).
Магілёўцы некалькі разоў выклікалі акцёраў на біс і стоячы апладзіравалі ім – так усім спадабалася пастаноўка. У Магілёве Свабодны тэатр выступаў даволі даўно. Аднак усе выказалі надзею, што выступы будуць адбывацца часцей.
Марыя Гілёва