Усе большую папулярнасць набывае на Беларусі музычная харавая культура. Спяваць у хоры любяць вучні школ і ВНУ, супрацоўнікі фірм і кампаній, ветэраны прадпрыемстваў. Сведчаннем гэтага стаў Трэці адкрыты нацыянальны фэстываль-конкурс “Рэха”, які доўжыўся цягам тыдня. У ім прынялі ўдзел 38 спеўных калектываў і вакалістаў з Барысава, Салігорска, Мінска.
На свята музыкі з’ехаліся навучэнцы музычнага каледжа імя М.К.Агінскага з Маладэчна, сярэдняй школы №20 г. Барысава, Віцебскага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Машэрава. У прыгожых строях, узнёслыя і шчырыя, яны выконвалі апрацоўкі беларускіх кампазітараў, украінскія песні.
Аўтарам ідэі і кіраўніком праекта выступіла выдатная выканаўца, дырыжор і кіраўнічка “Сoncordia Chor-а” Галіна Казіміроўская. Каля 7 гадоў таму з яе ініцыятывы быў створаны Творчы цэнтр «BelArtSound» Беларускага саюза музычных дзеячаў з мэтай арганізацыі фестываляў харавой музыкі, прадстаўлення творчых дасягненняў музычных калетываў.
У праграме фестываля адбыліся конкурсныя праслухоўванні, майстар-класы, форумы. “ Мы ладзім такія конкурсы адзін раз у тры гады, –сказала дырэктар фэстываля “Рэха” Галіна Казіміроўская.- Колькасць іх удзельнікаў пашыраецца.”
Гала -канцэрт Трэццяга фестываля-конкурса адбыўся ў сцянах Белдзяржфілармоні. Свае выканаўчае майстэрства праявіў хор БНТУ Мінска пад кіраўніцтвам Алены Клімавай, дзіцячы і юнацкі хор “ Тоніка” з Ашмянаў, хор “ Гармонія” сярэдняй школы горада Барысава, хор “ Сябрына” мінскай гімназіі №4 пад кіраўніцтвам Таццяны Барташук.
“Як не любіць родны кут,
Як не прыпомніць чыстых крыніц,
плёсаў рачных, неба зарніц…”, – пяюць дзяўчаты . Салістка Алена Грыцкевіч падзялілася ўзнёслымі духоўнымі спевамі, блізкімі па тэме да свята Вялікадня.
Гран-пры фестываля атрымаў камерны жаночы хор Лідскага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Людмілы Пясецкай. Арганізатары свята падзякавалі рэктару БАТУ Івану Мікалаевічу Шыле, які прадаставіў актавую залю для канцэртных праслухоўванняў. Падзяка была выказана мастацкім кіраўнікам і выкладчыкам Святлане Кунцэвіч і Алене Атрашкевіч.
“Мне спадабаліся салісты, якія выконвалі народныя спевы. Дзеці і дарослыя, якія спяваюць, выдатна выбіраюць рэпертуар і выконваюць яго на высокім узроўні! Мне удалося паслухаць шмат сапраўднай акапэльнай музыкі Беларусі. Ведаю, што ёсць яшчэ шмат хораў, гэта сведчыць, што традыцыі захоўваюцца”, – адзначыў старшыня журы конкурса Раландас Даўгела з Каўнаса, кіраўнік калектыва “Кantate Domino” пры Вітаўтас Магнас-касцёле.
Эла Дзвінская , фота аўтара