Гурт «Стары Ольса» выступіў з прэзентацыяй новага альбома «Santa Maria» ў мінулы чацвер у зале Віцебскай абласной філармоніі. Віцябляне мелі магчымасць атрымаць асалоду ад палацава-камернай музыкі: як вядома, у новы альбом, цалкам спрадзюсаваны самімі музыкамі, увайшло 13 твораў, больш за палову якіх – кампазіцыі са знакамітага зборніка барочнай музыкі “Полацкі сшытак”. У зборнік таксама ўключаныя 2 рэлігійныя песні – “Santa Maria” (пераклад на беларускую мову з лаціны) і “Заспявайма адной пані”.
Падчас канцэрта па-беларуску прагучаў лацінскі гімн студэнцтва “Gaudeamus igitur”. “800 гадоў ганьбы на плечы тым, хто не ўстаў падчас выкання гімна”, – жартаўліва зазначыў Зміцер Сасноўскі пасля таго, як на яго просьбу паднялі рукі тыя з прысутных, што на сённяшні дзень студэнты.
Папулярныя мелодыі эпохі Сярэднявечча і Рэнесансу захапілі гледачоў усіх узростаў: падаецца, калі б канцэрт праходзіў у якім віцебскім клубе кшталту “Паддашка”, усе прысутныя ўсталі б і пусціліся ў скокі. Не дзіва, што па заканчэнні канцэрта гурт выклікалі на біс і не хацелі адпускаць са сцэны.
Выступленне “Старога Ольсы” стала добрым калядным падарункам для прыхільнікаў добрай музыкі, а таксама своеасаблівай заменай “Каляднага драйву” – штогадовага рокавага адрыву па-паўночнаму, які ў гэтым годзе вырашана было не праводзіць: праект сам па сабе нятанны, да таго ж віцебская публіка і так не пакрыўджаная – колькасці “альтэрнатыўных” падзей можа пазайздросціць любы абласны цэнтр Беларусі.
Фота: Таццяна Ганчарова